00:28 29.10.2008
Акцыя: дапаможам Рыгору Барадуліну!

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін у лякарні, а фінансавае становішча Дзядзькі Рыгора, скажам так, не найлепшае. Жыве Народны паэт на сьціплую пэнсію, а таму чакаць дапамогі зусім няма адкуль. За кнігі, якія выходзяць у Рыгора Барадуліна, выдавецтва расплочваецца з аўтарам не грашыма, а асобнікамі, якія дзесяткамі ляжаць дома ў паэта.
Сябры й прыхільнікі паэта прапануюць дабрачынную акцыю па продажы кніг, грошы зь якіх пойдуць на лекаваньне Рыгора Барадуліна.
Каб падтрымаць паэта, вырашана троху разгрузіць кватэру Барадуліна, а заадно папоўніць бібліятэкі чытачоў каштоўнымі кніжкамі з аўтографам Народнага паэта.
Сёньня да продажу выстаўлены адзін лот:
«Дажыць да зялёнай травы… Ліставанне і аўтографы Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна (1960–2003)»
Укладаньне Сяргея Шапрана. Мяккая вокладка, 259 старонак, багата рэдкіх фотаздымкаў, аўтографы вершаў і лістоў.
Пачатковая цана — 12 тысяч рублёў (для тых, у каго болей няма). Калі хто можа ахвяраваць 20 тысяч і больш — вітаецца.
Усе кнігі Рыгор Барадулін падпіша пэрсанальна.
Кнігі замаўляць на электронную адрэсу labadzenka@gmail.com.
Пазначыць: колькасьць асобнікаў, памер ахвяраваньня, каму падпісаць, кантактны тэлефон.
Усе грошы ад продажу будуць перададзеныя Рыгору Барадуліну.
Глеб Лабадзенка — арганізатар акцыі — паэт і журналіст, сябра й вучань Рыгора Барадуліна.





Каментарыі (4)
29.10.2008 10:24
карысная справа. далучаюся.
29.10.2008 11:29
Taniuha! Mozhesh pomoch iz Vilni peredat dengi i nazad knizhku?
29.10.2008 17:23
Працяг чытайма: http://labadzenka.blog.tut.by/2008/10/29...
30.10.2008 10:24
http://nicolaev.livejournal.com/915845.h...
Дадаць каментарый