00:02 12.04.2008

Турэмны дзёньнік Касі Галіцкай

Актывістка “Маладога Фронта” Кася Галіцкая была арыштавана на 10 сутак за ўдзел у акцыі ў Дзень Волі 25 сакавіка. Сёньня Кася Галіцкая друкуе свой дзёньнік, які яна пісала ў спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсьціна.

25 сакавіка, позьні вечар

Яскравы ўспамін, баюся, доўга яшчэ будзе прыгадвацца:

Турэмны калідор, у сьцяны стаіць Дашкевіч – рукі на сьцяне, ногі на шырыні плячэй, галава апушчаная… Міма яго вядуць мяне – джынсы мокрыя да калена, у ботах хлюпае вада… Ён абарочваецца – бледны, што сьмерць, вока адно падбітае – і ціха-ціхенька шэпча : ”Шчасьліва Вам, Касечка…”

І Вам таго ж, Зьміцер.

А іх з Артурам, здаецца, у першую камэру на ноч закінулі. Калі мы там былі зімой, там была тэмпература плюс адзін. Оёй.

26 сакавіка

10 СУТАК, А НЕ 15!!!!!!!!

І яшчэ – як прыемна, што ўсё ж ня села Атакулава! І Краснова! Так лягчэй усё ж.

Будзе дэнс.

Зараз прыгадаю якую-небудзь гісторыю з суду.


Імбрык

Дзейнічаючыя асобы:

Я

Амапавец № 1

Амапавец № 2

Месца дзеяньня: нейкі кабінэт у судзе, дзе ўсе чакалі прысудаў

Амапавец № 1: Ой, Николаевна, ента ты ж, наверное, хорошо беларускую мову знаешь?

Я (думаю, ладна, адкажу ўжо): Ну так.

Амапавец № 2: Ой, а скажи нам какое-нибудь слово, штоб мы ня поняли…

Я (думаю, ужо цікава): Імбрык.

Амапавец № 1: Ой, а што ета?

Я: Чайнік.

Пасьля гэтага яны пачалі тыкаць адзін у аднаго пальцамі й крычаць : “Ты імбрык! – А ты – дэбіл! – Падумаеш, дэбіл, а вось ты – імбрык!!!!”

Вось так пашыраецца слоўнікавы запас ахоўнікаў правапарадку.


А зараз – абяцаны дэнс:)

27 сакавіка

Раніцай да нас на вакно прыляталі галубы й верашчалі (варкавалі, то бок). Я нат прачнулася ад гэтага. І чамусьці падумала – а як я так доўга пражыву бяз скайпу?

Агледзелася, зацаніла ўмовы – прастора для таго, каб хадзіць па камэры – прыкладна мэтар на два, два з паловай крокі й назад… Затое Лёшык перадаў кніжкі на судзе!!!! Малайчына проста!!! І мы пранесьлі печыва й тры шакалядкі, яшчэ адну сунуў мне ў кішэню Артур (Артурык, дзякуй!), пакуль стаялі ў калідоры й чакалі размеркаваньня, значыцца, прыпасы такія: дафіга печыва й чатыры “Алёнкі” на дваіх. Жыць можна. Толькі вось чаму я не такая прадвінутая, як Дашкевіч, які з сабою на акцыю сала ўзяў! У мяне розуму хапіла толькі на гігіенічныя прыналежнасьці.

Час рабіць прыгацельную гімнастыку (інструктару пламенны прывет!)


Пра бомжыка.

На нашым паверсе мые падлогу ў калідоры такі зацюканы бомжык у расьцягнутым швэдры. Дык вось – выходжу нейк з камэры аддаць яму сьметніцу, а ён раняе анучу з рук і кажа: “Ой, какіе тут дівчата красівые бывают…”

Ндааа, бомжык, тут і не такія бываюць…


Прынесьлі мне перадачу, Атакулава, я цябе люблю!

Кніжак робіцца больш:) Буду начытаная жэншчына:)

28 сакавіка

Сёньня была такая жахліва халодная ноч, што мы амаль ня спалі. Затое я паспала ад пад’ёму да сьняданку (то бок ад шостай да восьмай), і мне прысьнілася лета й кветкі. А яшчэ сёньня пойдзем у душ, ура-ура-ура!!!!!

Падсялілі да нас нерэальна прыгожую жанчынку-алкагалічку – Іру з Аўтазу. Распавядае во зараз, як яна ў адной камэры з аўганкамі сядзела, а яны круглыя суткі маліліся, і бедная Іра ня вытрымала такога вышкалу…

Хадзілі ў душ, а я Алёну бачыла!!! Праз шкло, у дзяжурнай частцы, яна, мабыць, Дашкевічу ці Фінькевічу перадачу прыносіла!!! Ндаа, яна мяне ледзь пазнала – канешне, у лыжных штанах і чужой ружовай кофтачцы…

Трэба зрабіць прыгацельную гімнастыку, а то нешта пачынае ўжо ўсё балець… :)

Прынесьлі мне перадачу, Краснова, я цябе люблю! У мяне ёсьць рушнік! Чыстая бялізна! Тапачкі! Сшытак з зёбрамі! І…. КНІЖКІ !!!!


Пра мэнта.

Адчыняе мэнт з грукатам дзьверы й гаўкае : Галіцкая, перадачу йдзі атрымлівай!

Вядзе мяне па калідоры й дубінкай сваёй размахвае, тыпу, герой, злачынцу вядзе, канваір такі круты неймаверна… І тут дубінка ў яго падае на падлогу… Эфект аглушальны проста – на ўвесь калідор рэха… А я так “прызрыцельна” на яго глянула й кажу: “Што Вы робіце, гэта ж ня цацка, а сур’ёзная рэч!” Мэнцік зачырванеўся, бедненькі, пакрыўдзіўся, напэўна.


29 сакавіка

Рана-раненька прачнулася, зараз мэнт забярэ швабру й астатні “інвентар”, паспрабую яшчэ паспаць. Ну чаму я не магу спаць так, як Атакулава???

Знову сьнілася лета, кветкі, кусты з чорнай смародзінай… Гэта, напэўна, таму, што халодна.

Хадзіла да доктаркі, яна мяне пабачыла, схапілася за сэрца: “Ой, не, дзетачка, чаму ты знову да нас????” Асечка таму што выйшла, цёця доктар, не сказала б, што мне дужа да вас хацелася…

Бачыла запіс у медычным журнале, знаёмым почыркам: “Здаровы, скаргаў ня маю. Дашкевіч Д.В.” :)

Прынесьлі перадачу, аддала палову сокаў нашай бамжыхе, сказала – пейце за здароўе Атакулавай Маўлюды:)

30 сакавіка

Пацяплела!!!! Відаць, на вуліцы вясна :(((((((( А мы тут…

Сёньня мне хочацца плакаць, але я ня буду – я ня ўмею.

А Кася сёньня выходзіць, ужо пачала нэрвавацца й хадзіць па камэры. Апошні дзень – заўсёды самы цяжкі, нат калі гэта ўсяго толькі пяць сутак.

Іра распавядае, што ў яе было тры сужыцеля – два Вовы й адзін Колька, дык Вовы померлі, таму што Вовы, а Колька яшчэ жыве, таму што Колька. Такая вось вера ў магутнасьць імені. Увогуле класная жэншчына!

Прынесьлі перадачу – Таненкіна мама :) “Унесённые ветром” – клас! Буду чытаць пра Скарлет і ўзгадваць сваё шчасьлівае нетурэмнае дзяцінства:)

… Кася выйшла… Скарлет ужо на 250-й старонцы, вось такая я аператыўная… А Іра сказала: “Нічо, сонца, удваіх перакукуем!”

31 сакавіка

Я адчыніла фортку, паставіўшы бутэльку зь мінералкай падпоркаю, празь яе – сонейка, у нас у камэры – вясёлка:)

Іра зьняла шкарпэткі (адна шэрага колеру, другая – карычневага, прычым маю падозраньне, што раней яны абедзьве былі белыя, і дзіркі ў іх… ну так, усяго толькі паўсюль…) і кажа :” Вой, якія ў мяне кіпцюры выраслі, можна па дрэвах лазіць!” Ноу коммент. Аддала ёй пару сваіх шкарпэтак.


Пра Іру й маю бібліятэку.

Іра: А можна я штоніць пачытаю?

Я: Ну, канешне, можна, выбірайце.

Калупалась, калупалась, уздыхала, мармытала штосьці, гляджу – выбрала!

Дзіцячую кніжку “Катя в игрушечном городе” :)


Заўтра ў Кіма суд, я хвалююся.

1 красавіка

Хей-хо, Іра хадзіла мыць падлогу ў калідоры й бачыла Фінькевіча:) Яго да доктаркі вадзілі. Я ёй тут ужо натрындзела пра Малады Фронт і пра некаторых герояў, дык яна прозьвішча запомніла й пачуўшы, зьвярнула на яго ўвагу. Стопудова вочкі строіла, а там такая жэншчына – агонь:))))))


Отжыг Атакулавай.

Калі чалавек бярэ сьнікерс

Абмотвае яго скотчам

Бярэ 2-літровую скрыню сока

Пералівае сок у слоік

Распорвае дно скрыні

Кладзе туды сьнікерс

Заклейвае дно

І перадае ўсё гэта ў турму жудасна рэпрэсаванай сястры

То гэты чалавек – ня проста геній!

Гэты чалавек – АТАКУЛАВА!!!!!!


Нашыя прыходзілі сустракаць Круткіна, Маўлюда пазвала пад вакном мяне, я крыху высунулася ў фортку, трымалася за краты, паразмаўлялі:) І Насту Лойку бачыла:)

А пасьля прыйшла “мэнтоўская падсьцілка” (с) Іра), і сказала “Еще раз услышу – напишу рапорт, будешь еще 15 суток сидеть, поняла меня?”

Ніякіх навінаў пра суд Кіма ня маю.

Кожны дзень прыносяць перадачы, прычым кожная піша ў заяве, што яна мне сястра – мэнты, напэўна, афігеваюць, колькі ў Галіцкай сясьцёр:)))))

2 красавіка

Шостая раніцы. Зрабіла ўборку ў камэры, зрабіла прыгацельную гімнастыку (інструктару прывет!), памыла галаву й напісала на “сцэне” “Пацаны ня плачуць!”. На гэтым свае абавязкі на сёньняшні дзень лічу выкананымі:)

3 красавіка

Я зачотна выспалася, бо завязала вочы рушніком, і лямпачка мне ў вочы не сьвяціла! Геній!

Сіджу, чакаю, пакуль мяне ў душ адвядуць, тут адчыняюцца дзьверы… і мэнт заштурхоўвае ў камэру Паліну.

Я так і села. Толькі й змагла вымавіць “А Божа ж мой, Паліначка…” 10 сутак за акцыю, прысьвечаную “Дню Яднаньня”, каля расейскай амбасады…

Чаму сядзяць заўсёды адныя й тыя ж??????????????????????????????????????????

Да нас падсялілі чатырох амаральных алкагалічак, ну проста страшныя бабы. На кожную іх рэпліку Паліна адказвае пакутлівым позіркам мне ў вочы… беднае сонца, як яна адна будзе?????


Пра крыжаванкі.

Цётка: Что у Гагарина на шлёме было написано, на букву «С»?

Я: «Сьмерць маскалям”.

Цётка: Не, не падходит, многа букав.


4 красавіка, дзень выхаду на волю

Іра выйшла на волю, на разьвітаньне сказала мне: “Прашчай, сонца! Я Кольке раскажу, што з паліцічэскімі сядзела, ён абзавідуецца!”

….. Чым бы заняцца, не магу больш…..

Пайду на вакне павісю…


Размова.

(Кася вісіць на вакне, Паліна сядзіць на “сцэне”)

Паліна: Ну й што там на волі адбываецца?

Я: Машынка паехала… А над намі хтосьці таксама на вакне вісіць…

Паліна: А ты адкуль ведаеш?

Я: Ды нам на шкло хтосьці плюнуў толькі што…


Шчасьліва, Паліначка, сонца, я прынясу табе яшчэ кніг і прыйду цябе сустракаць, загасі тут іх усіх!!!!!

Ну тыпа хэппі энд.

Дадаць каментарый