18.05.2008

Выбары ў ЗША: who is who?

У ЗША бушуюць перадвыбарныя жарсьці. Хоць ужо засталіся за спіной і большасьць праймэрыз (уключаючы так званы супэраўторак) і большасьць кандыдатаў зьнялося з гонкі, у партыі дэмакратаў назіраецца бязьлітасная барацьба паміж двума магутнымі кандыдатурамі. Разгледзем хто ёсьць хто:

Пачнем з Хілары Клінтан, жонкі 42-га прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана, які запомніўся ўсім нам сваімі музычнымі талентамі. Хілары - палітык і бізнэсмэн са стажам, зьяўлялася фаварытам прэзыдэнцкай гонкі-2008 яшчэ два года назад (тады жа і абвясьціла аб удзеле ў ёй), адразу пасьля перавыбараў у Сэнат ЗША на якіх упэўнена перамагла.

Яшчэ да прыходу ў палітыку ёй атрымалася паставіць некалькі палітычных і дзелавых рэкордаў, да прыкладу ў 1979 годзе Хілары стала першай жанчынай, атрымалай статус партнэра ў юрыдычнай кампаніі Rose Law Firm, а ў 2000 годзе стала першай жанчынай-сэнатарам ад штата Нью-Ёрк (і таксама першай жонкай прэзыдэнта, абранай у Сэнат). Да абраньня Хілары ў асноўным займалася гуманітарнай дзейнасьцю, абаронай праў жанчын і дзяцей, пытаньнямі аховы здароўя, што зрэшты не мяшала ёй заставацца незалежнай у фінансавым пляне - ужо ў 1990 годзе яе гадавы прыбытак склаў 190.000 даляраў, у 1993 ужо 250.000, у то час як губэрнатарскі прыбытак яе мужа быў толькі 35.000 у год, Хілары зьяўляецца акцыянэрам самай вялікай у сьвеце розьнічнай сеткі супэрмаркетаў Wal-Mart. Аднак дзейнасьць Хілары не абмяжоўваецца бізнэс- і сацыяльнай актыўнасьцю - нягледзячы на пратэсты іншых дэмакратаў, яна падтрымлівала прапанову Буша аб уводзе войскаў у Ірак, хоць і настойвала на лепшым плянаваньні. Узаемаадносінам ЗША з краінамі былога СССР Хілары надае ня менш увагі, чым іншыя кандыдаты, яна рэгулярна крытыкуе Джорджа Буша за яго "прыяцельскія" адносіны з Уладзімерам Пуціным, у прыватнасьці 7 студзеня Клінтан узгадала вядомае выказваньне Буша, аб тым што ён паглядзеў у вочы Пуціна і ўбачыў у іх душу: "Я бы нагадала яму, што Пуцін быў супрацоўнікам КДБ. У яго па змаўчаньні не можа быць душы", заявіла тады кандыдат у прэзыдэнты.

Канкурэнтам гэтай магутнай жанчыны і другім магчымым кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі зьяўляецца Барак Абама, мажліва першы чорны прэзыдэнт ЗША. Нарадзіўся ён на Гаваях, скончыў Гарвард і Калюмбійскі ўнівэрсытэт. Гэты яркі палітык ужо з юнацтва пачаў займацца сацыяльнай дзейнасьцю. Пасьля сканчэньня Калюмбійскага ўнівэрсытэта ён працаваў у адной з груп царкоўнай дабрачыннасьці, дапамагаючы жыхарам няшчасных раёнаў горада. Па словах Абамы, менавіта досьвед працы ў дабрачыннасьці прымусіў яго зразумець, што для паляпшэньня жыцьця людзей неабходныя зьмены ў заканадаўстве і палітыцы.

29 ліпеня 2004 года чарнаскуры дэпутат упершыню зьвярнуў на сябе ўвагу шырокай грамадзкасьці, выступіўшы на зьезьдзе дэмакратаў у Бостане. У сваёй прамове ён у прыватнасьці крытыкаваў вайну ў Іраку, і пасьля гэтага рэйтынг Абамы рэзка вырас і ў выніку ён быў абраны ў Кангрэс сэнатарам ад Ілінойса, набраўшы 70 адсоткаў галасоў.

Аб удзеле ў выбарчай кампаніі Барак Абама заявіў 10 лютага 2007 года на мітынгу ў горадзе Спрынгфілд, цікава што ў самім пачатку яго гатовыя былі падтрымаць толькі 15 адсоткаў дэмакратаў, у то час як яго суперніцу Хілары Клінтан - 43 адсотка.

З самога пачатку сваёй палітычнай дзейнасьці Барак Абама рэзка крытыкуе вайну ў Іраку, ён лічыць, што з самога пачатку рашэньне аб ваенным нападзе на Ірак было памылковым. У выпадку сваёй перамогі на выбарах Абама абяцае вывесьці амэрыканскія войскі зь Ірака да сакавіка 2009 года. Барак настойвае, што толькі гэтая мера дапаможа Амэрыцы пачаць канструктыўны дыялёг зь іракскімі лідэрамі і знайсьці кампраміснае рашэньне блізкаўсходняй праблемы. Па яго меркаваньню, у Іраку павінны застацца лічаныя амэрыканскія часткі, і іх паўнамоцтвы павінны быць не такімі шырокімі, як прапаноўвае Хілары Клінтан. У якасьці аднаго з прыярытэтных накірункаў у міжнароднай палітыцы Абама таксама вылучае ядзернае раззбраеньне. Ён абяцае пабудаваць новы сьвет, вольны ад ядзернай пагрозы.

І нарэшце адзіным кандыдатам, ад Рэспубліканскай партыі, які вызначыўся на праймэрыз 3 сакавіка, зьяўляецца Джон Макейн, сэнатар ад штата Арызона з 1987 года (чалец Палаты прадстаўнікоў з 1982). Нарадзіўся ён у 1936 годзе на авіябазе ВПС ЗША Кока-Сола, дзед і бацька Джона былі адміраламі флота ЗША, Макейн пайшоў па іх сьлядох скончыўшы ў 1958 годзе ваенна-марскую акадэмію. Ветэран вайны ў Віетнаме, зьбіты ў 1967 годзе, прабыў у палёне 5 з паловай гадоў.

Безумоўна адной з галоўных праблемаў кандыдата зьяўляецца яго век, бо ў момант магчымай інаўгурацыі яму будзе ўжо 72 гады, аднак ёсьць моманты за якія ён крытыкуецца ў значна большай ступені, у прыватнасьці за актыўную падтрымку іракскай палітыкі Джорджа Буша, аднак у той жа час у аснове папулярнасьці Макейна ляжыць яго ўдзел у іншай непапулярнай вайне.

Сярод паплечнікаў рэспубліканцаў практычна ўвесь час Макейн лічыўся палітыкам наравістым, гатовым ісьці супраць лініі партыі, што часта мяшала яму ў дзейнасьці. У прыватнасьці ў 2000 годзе сэнатар вырашыў кінуць выклік партыйнай эліце і змагацца за месца рэспубліканскага кандыдата ў прэзыдэнты. Кампанія якая ішла пад лёзунгамі сумленнасьці і адкрытасьці спачатку мела плён, аднак потым правалілася, супернік Макейна - тады яшчэ тэхаскі губэрнатар - Джордж Буш здолеў прыцягнуць на свой бок важны пляст грамадзтва - рэлігійных кансэрватараў. пасьля чаго быў запушчаны мэханізм брудных чутак аб асабістым жыцьці Макейна, і ўвесну сэнатар змушаны быў выбыць з гонкі.

На выбарах 2004 года нягледзячы на відавочныя пэрспэктывы, Макейн актыўна падтрымаў дзейснага прэзыдэнта і не высоўваўся ў кандыдаты, а ў наступныя гады імкнуўся пазбавіцца ад "бунтарскага" вобраз.

28 лютага 2007 года Макейн заявіў аб пачатку сваёй прэзыдэнцкай кампаніі, стаўшы самым вядомым кандыдатам сярод амэрыканскіх выбарнікаў (за кошт досьведу кампаніі 2000).

Макейн выступае за ўмацаваньне ваеннага патэнцыялу ЗША, павелічэньне колькасьці амэрыканскіх узброеных сіл і за разгортваньне сыстэмы супрацьракетнай абароны. Па яго меркаваньню, «эфектыўная СРА мае крытычна важнае значэньне ў якасьці страхоўкі ад патэнцыйных пагроз, якія паходзяць ад магчымых стратэгічных супернікаў, такіх як Расея і Кітай». Макейн падкрэсьлена адмоўна ставіцца да палітыкі Ўладзімера Пуціна, заявіўшы ў 2003 годзе што "амэрыканская вонкавая палітыка павінна адлюстроўваць ацьвераджальную выснову аб тым, што расейскі ўрад, які не падзяляе нашы самыя базавыя каштоўнасьці, не можа быць сябрам або партнэрам і рызыкуе сваімі ўласнымі паводзінамі паставіць сябе ў разрад ворагаў". Па яго меркаваньню, «паўзучы путч супраць сіл дэмакратыі і рынкавага капіталізму ў Расеі пагражае асновам амэрыкана-расейскіх узаемаадносін і параджае прывід новай эры „халоднаго міру“ паміж Вашынгтонам і Масквой». Абыгрываючы вядомую зацемку Джорджа Буша аб «душы Пуціна», пасьля сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам у Славеніі Макейн заявіў: «Калі я зазірнуў у вочы Пуціну, то ўбачыў тры літары: КДБ».

Таксама Макейн актыўна крытыкуе дзейнасьць прэзыдэнта Лукашэнкі, у сувязі з чым у 2004 годзе яму быў забаронены ўезд у Беларусь, такім чынам мы бачым што пункт гледжаньня кандыдата на працэсы адбывалыя ў нашай краіне, прама працілеглы пазыцыі Крамля.

І улічваючы ўсё гэта, з майго пункта гледжаньня менавіта Джон Макейн знаходзячыся на пасту прэзыдэнта зможа праводзіць найболей адэкватную палітыку ў дачыненьні афіцыйнага Менска.


Аўтар Алесь Чарнышоў, jeans-by.com

Каментарыі (3)

# Зніклы
18.05.2008 10:09

Дэмакраты павінны перамагчы, асабіста Абама.

# Таццяна Елавая
18.05.2008 12:34

2 Зніклы:

аднак нам трэба разважаць не пра карысць для ЗША, а пра карысць для Беларусі ў гэтай сітуацыі. відавочна, што Макейн будзе праводзіць вельмі жорсткую палітыку ў дачыненні да Лукі, а не слюні пускаць пра дыялог і мір ва ўсім свеце. ёсць вораг - значыць яго трэба знішчыць. а нам толькі таго і трэба - Захад павінен мець адназначную пазіцыю па дыктатуры ў Беларусі.
пры ўсіх яго мінусах шчыра раю Макейну перамогі.

# Зніклы
18.05.2008 23:25

# Таццяна Елавая:
Так-та яно так, але ведая Макейна, можа быць так што, знішчаць будзе Луку, а нашкодзіць усёй краіне. Ды яшчэ я не вельмі паважаю палітыкаў-ваеных. І дэмакратаў паважаю больш.

Дадаць каментарый