13:21 05.11.2008
Абама перамог на выбарах у ЗША. Што гэта значыць?

44-м прэзыдэнтам ЗША стаў сэнатар‑дэмакрат Барак Абама. Ён атрымаў пераканаўчую перамогу над сваім супернікам рэспубліканцам Джонам Маккейнам, набраўшы 52% галасоў супраць 47 у Маккейна, і 349 галасоў калегіі выбарцаў (тады як для перамогі патрэбна 270). Абама стаў першым афраамэрыканцам, які заняў пасаду кіраўніка краіны. Так Амэрыка канчаткова разьвіталася з расавымі забабонамі.
Абаму ўдалося абудзіць нечуваны энтузіязм маладых выбарцаў, і яўка на выбары стала рэкорднай. Яшчэ працягваецца падлік галасоў у Мантане, Місуры і на Алясцы, але ўсё ўжо вырашана.
Абама стаў новым увасабленьнем амэрыканскай мары. Народжаны ў беднай сям’і, ён выбіўся ў людзі, скончыў адзін з самых прэстыжных унівэрсытэтаў. Сваю кар’еру ён пачаў не з зарабляньня грошай, як большасьць ягоных аднагодкаў, а з сацыяльнай работы ў Чыкага.
Барак Абама перамог у Нью‑Джэрзі, Нью‑Ёрку, Пэнсыльваніі, усіх штатах Новай Англіі (Вэрмонт, Канэктыкут, Масачусэтс, Нью‑Гэмпшыр, Мэйн, Род‑Айленду), Дэлавэры, Пэнсывальніі, Мэрылендзе, Агаё, Мічыгане, сваім родным Ілінойсе, Вісконсіне, Мінэсоце, Фларыдзе, Каліфорніі, Вашынгтоне, Нью‑Мэксыка, Арэгоне, а таксама фэдэральнай сталічнай акрузе.
У сталічным Вашынгтоне за Абаму прагаласавалі 94% выбарцаў, на Гаваях — 74%, Вісконсіне — 67%,у штаце Род‑Айленд — 63%, Нью‑Ёрку, Дэлавэр, Масачусэтсе — 62%, у Каліфорніі — 59%. Менавіта перамога ў Каліфорніі, самы шчыльнанаселеным штаце ЗША (гэта 55 галасоў), прывяла Абаму да перамогі і зрабіла яго новым прэзыдэнтам Штатаў.
Джон Маккейн перамог у традыцыйных паўднёвых рэспубліканскіх штатах, дзе яшчэ жывыя расавыя забабоны, — Тэхас, Канзас, Арканзас, Алабама, Місісіпі, Джорджыя, Луізіана, Тэнэсі, Кентукі, Паўднёвая Караліна, а таксама ў Арызоне, Айдаха, Ваёмінгу, Юце. Яшчэ былі здабытыя выйгрышы ў Паўночнай і Паўднёвай Дакоце. Напрыклад, ён набраў 67% у Ваёмінгу і Аклахоме, 61% — у Юце і Айдаха, 54% — у роднай для яго Арызоне.
Пра прэзыдэнцтва Абамы ўсур’ёз загаварылі пасьля таго, як ён атрымаў перавагу ў штатах Фларыда, Агаё і Пэнсыльванія, дзе барацьба кандыдатаў ішла да апошняга.
Абаму ўжо павіншаваў зь перамогай прэзыдэнт Джордж Буш. Джон Маккейн прызнаў паразу і таксама павіншаваў Барака Абаму зь перамогай.
«Я б хацеў павіншаваць Абаму з тым, што ён стане наступным прэзыдэнтам краіны, якія мы абодва любім», — сказаў Маккейн. Кандыдат‑рэспубліканец паабяцаў Абаме сваю дапамогу, а таксама падкрэсьліў, што амэрыканцы павінны аб’яднацца дзеля дабра сваёй краіны.
Перамагаюць дэмакраты і на выбарах абедзьве палаты амэрыканскага кангрэсу. У Сэнат, па стане на 09:50, прайшлі 56 кандыдатаў супраць 40, у Палату прадстаўнікоў — 246 супраць 163.
Хто б як да Абамы ні ставіўся, гэта новая эра.
Лёс чалавецтва, атамны чамаданчык і рычагі сусьветнай фінансавай сыстэмы трапілі ў рукі Барака Хасэйна, беламу расізму капцы. 50 гадоў таму, на нашай памяці, чорныя ня мелі поўных правоў. Дый ня толькі яны – яшчэ зусім нядаўна ў большай частцы сьвету палітычных правоў, права кіраваць і вырашаць законы ўласнасьці, ня мелі таксама жанчыны. На тым самым гістарычным прамежку адбылася і вялікая дэкалянізацыя: мала хто сёньня задумваецца, што ў Беларусі тутэйшых пачалі прызначаць на галоўныя кіраўнічыя пасады толькі 50 гадоў таму, і толькі 17 гадоў таму беларусы пачалі самі выбіраць свае ўрады. Абама – гэта амэрыканскі вынік усясьветнае перамены спосабаў фармаваньня палітычных элітаў і эмансыпацыі расавых меншасьцяў.
Як абраньне Абамы адаб’ецца на сьвеце?
Сусьветная эканоміка ўвайшла ў трывожны пэрыяд крызісу, сілу і працягласьць якога пакуль няма як прадказаць.
Калі наяўныя фінансавыя падстрахоўкі вытрымаюць, гэта будзе дэпрэсія, супастаўная з 1970‑мі. Калі рэзэрваў акажацца замала, каб кампэнсаваць пераборы глябальнага капіталізму, то можа аказацца, што сьвет стаіць на парозе поўнага пераўладкаваньня сусьветнай гаспадаркі і нават палітычнай сыстэмы. Вялікае падзеньне вытворчасьці здольнае выклікаць беспрацоўе, драмы, галадаморы, крах старых багатыроў і спробы ўратаваньня празь перадзел рэсурсаў – як тое было ў 30‑я гады мінулага стагодзьдзя былі радыкальнай формай таго. Як дасьць рады Абама? Многія ўжо цяпер прымяраюць на яго касьцюм вялікага Рузвэльта. З Абамам зьвязваюць надзею на аздараўленьне эканамічных мэханізмаў. Сам ён абяцаў таксама сапраўдную энэргетычную рэвалюцыю – каб Амэрыка разьвіла ўнутраныя крыніцы энэргіі, перастала імпартаваць нафту, рэзка скараціла энэргаёмістасьць ВУП. Аднак ключавую задачу вынаходжаньня альтэрнатывы вуглевадародам наўрад ці ўдасца вырашыць у валявым парадку.
Ад Абамы чакаюць таксама новае ідэалёгіі для заходняга сьвету, абноўленага духу Захаду, духу прагрэсу на грунце свабоды і адказнасьці індывіда. Асабістая прывабнасьць маладога чыкагца і ягоны бліскучы інтэлект дазваляюць параўнаньні з Кенэдзі.
Многія вераць, што Абама, сын кенійца, гадунец глыбіннага Канзасу, Гаваяў і Інданэзіі адначасова, здольны таксама павесьці да вызваленьня велізарнага інтэлектуальнага, творчага і эканамічнага патэнцыялу Трэцяга сьвету, сьвету вёскі і чорных кантынэнтаў, глябальных ускраінаў. Аднак гэта ўжо з вобласьці жаданага — амбітны прэзыдэнт ЗША будзе ў любым разе кіравацца нацыянальнымі інтарэсамі сваёй супэрдзяржавы, і трэба думаць, у чым яны супадаюць зь беларускімі.
Што Беларусь да абамаўскае Амэрыкі?
Калі Абама зрэалізуе сваю энэргетычную праграму, гэта прысьпешыць вызваленьне Беларусі.
Калі Абама надасьць Захаду новы дух, гэта прысьпешыць вызваленьне Беларусі. Калі ён акажацца дэмагогам, гэта зацягне наша вызваленьне.
Вышэйсказанае гіпатэтычна, а вось пэўныя павароты палітыкі бліжэйшага месяца можна прадказаць зь вялікай доляй імавернасьці.
Ведаючы Лукашэнку, можна прагназаваць, што ён пастараецца максымальна выкарыстаць эфэкт Абамы — эфэкт навіны і перамены, нават калі ні сутнаснай навіны, ні перамены ў замежнай палітыцы Вашынгтону ня будзе.
Можна прагназаваць, што Лукашэнка выкарыстае the change we can believe in для практычных крокаў па нармалізацыі адносінаў. Павысіцца ўзровень дыпляматычных адносінаў між краінамі, вернуцца паслы, будуць адмененыя санкцыі з боку ЗША. Можа адбыцца нават зьмена прапагандысцкага дыскурсу — чаго б не. Адбылося ж тое ў адносінах з Эўропай, а чаму б не з Новай Амэрыкай? Урэшце, ніхто не адмяняў старога прынцыпу крызіснай геапалітыкі: сусед твайго суседа — твой сябар.
Нармалізацыя адносінаў ня проста ўпісваецца ў тактыку лукашэнкаўцаў на гэтым этапе, яна яшчэ і супадае зь перадвыбарнымі абяцаньнямі Абамы, які настойліва даказваў патрэбу перамоваў і перакананьня дыктатараў. Лукашэнка, здаецца, будзе не адзін такі ў чарзе: сам ганарысты Чавэс працягнуў Абаму руку. Што вы хочаце: эканамісты падлічылі, што бюджэт Расіі выконваецца без сэквэстраў пры цане на нафту 70 даляраў за барэль, Беларусі — пры 82‑х, а Вэнэсуэле трэба аж 90. Сёньня ж цана панізілася да 65, і куды дзяецца пыха дыктатараў. З свайго боку, і Амэрыка сёньня вымушаная дзейнічаць інакш.
Паводле Нашай Нівы





Каментарыі (7)
05.11.2008 13:51
Посмотрим, что Обама реально сделает не на словах, а без популизма на деле. После вывода американских войск из Ирака вторым (не дай Бог) будет открытие посольства в Минске и посиделки с Лукашенко. Его друзья Уго Чавес и Кастро уже поддержали Обаму. Черед за нашим подонком.
15.11.2008 13:11
Абама перамог на выбарах у ЗША. Што гэта значыць?
Гэта значыць што ў ЗША звыш дэмакратыя. Нават малпа можа быць кіраўніком дзяржавы.
++++++++++++++++++++++++++++++++++++++++
Імперыя ліцьвінаў перадусім.
++++++++++++++++++++++++++++++++++++++++
[admin: Яшчэ адна свастыка на сайце - і будзе бан.]
17.11.2008 17:33
Как будет при Обаме - поживёте и увидете, а то сейчас очень много прогнозов в СМИ насчёт Обамы, прямо тошно!!!
17.11.2008 17:36
Было бы здорово, если Б.Обама действительно занялся наведением порядка и демократии в недемократических странах, как это писали ещё в прошлом году оппозиц.газеты (про США).
17.11.2008 17:37
БЕЛАРУСЬ В ЕВРОПУ, АЛКАШЕНКО - В ЖОПУ!
17.11.2008 17:38
Убрать луку - и Беларусь войдёт в ЕС!
22.11.2008 00:43
ну до. нават калі ў бліжэйшы час лукашэнку зкінуць:)), хто, па-вашаму, будзе кіраваць краінай? ці ёсць у нас людзі, якія здольныя б былі навесці у нас лад? на мой погляд, ніводзін з лідэраў сучаснай "існуючай" у краіне "апазіцыі" не здалее як след ажыццявіць хаць якую-небудзь палітычную праграму, ці то нутраную, ці то вонкавую. што адкажацё? а поклічы накшталт "няма лукі - і усё выбітна" - гэта абсурд.
Дадаць каментарый