18:25 07.05.2009

«Дакладваю аб тым, што…»

10 гадоў таму, 7 траўня 1999 г. знік Юры Захаранка. Гэта была першая падобная гучная справа. Потым раптоўна зніклі палітык Віктар Ганчар і бізнесмен Анатоль Красоўскі, яшчэ праз год — тэлеаператар Дзмітры Завадскі. Перад гэтым у красавіку 1999 году пры дзіўным збегу абставінаў загінуў папулярны палітык Генадзь Карпенка.

А сёння справы зніклых не расследаваныя да канца. Не пакараныя людзі, што стаялі за гэтымі забойствамі (напэўна, сёння ўжо можна смела гаварыць менавіта пра забойствы). Целы зніклых не знойдзеныя і сем’і не могуць іх пахаваць паводле хрысціянскіх традыцыяў.

Праўда пра палітычныя забойствы 1990‑х была сабраная дзякуючы сумленнасці генералаў МУС і афіцэраў КДБ і следчых пракуратуры, якія рызыкавалі жыццём, ведучы расследаванні.

У гэтых гісторыях уражвае і тое, колькі беларусаў з рызыкай для свайго жыцця сумленна расследавалі гэтыя справы. Праз тое гублялі пасады, вымушаныя былі пакідаць краіну, але ў выніку праўда праточвалася. І з яе асобных фрагментаў па крупіцах складваецца мазаіка тых здарэнняў. Яна яшчэ не прыняла свайго канчатковага выгляду, але гэта справа часу.

Найбольш фактаў было сабрана дзякуючы таму, што тагачасныя кіраўнік КДБ Уладзімір Мацкевіч і генпракурор Алег Бажэлка, відавочна, не замяшаныя ў знікненні, далі каманду расследаваць злачынствы. Былі ўтвораныя следчыя групы, якія сталі збіраць факты.

Рапарт генерала Лапаціка

У выніку следства ў лістападзе 2000 году генерал‑маёр міліцыі Мікалай Лапацік прадставіў рапарт на імя новага міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава. У запісцы, напісанай ад рукі, Лапацік, на аснове матэрыялаў, сабраных следчымі, абвінаваціў Віктара Шэймана ў тым, што той даў загад на знішчэнне Юрыя Захаранкі. А загад выконваў Дзмітры Паўлічэнка пры дапамозе Юрыя Сівакова, які забяспечыў групу пісталетам ПБ‑9, часова забраным з мінскага СІЗА №1.

Лапацік рабіў вывад, што гэтая ж зброя была выкарыстаная 16 верасня 1999 году. Ён нават назваў прыкладнае месца пахавання зніклых — спецучастак на Паўночных могілках. У хуткім часе Лапацік быў адпраўлены ў адстаўку. Афіцыйная прычыны — праблемы з здароўем. Пазней Навумаў і Шэйман заяўлялі, што вывады генералам Лапацікам «былі зробленыя памылковыя».

Генерал Лапацік ведаў, чым яму пагражае такі рапарт, але зрабіў яго і захаваў копіі, якія трапілі ў прэсу ў 2001 годзе.

Ён застаўся жывы, у адстаўцы. Я «пра гэтыя справы гаварыць не буду. Усё, што ведаў, забыў», — заявіў ён у інтэрв’ю «Народнай волі». Ён не рабіў ані палітычнай, ані грамадскай кар’еры на факце сваёй прынцыповасці.

Арышт Паўлічэнкі

Кіраўнік СОБРа Дзмітры Паўлічэнка быў арыштаваны 22 лістапада 2000 году, г.зн. праз дзень пасля рапарту Мікалая Лапаціка. Ордэр на арышт далі тагачасныя кіраўнік КДБ Уладзімір Мацкевіч і генпракурор Алег Бажэлка.

У ордэры адзначалася, што «Паўлічэнка з’яўляецца арганізатарам і кіраўніком крымінальнай структуры, якая мела дачыненне да выкрадання і забойства людзей». У прыватнасці, гаварылася пра забойства кіраўніка філіі расійскай фашыстоўскай арганізацыі РНЕ Глеба Самойлава. У СМІ з’яўляліся звесткі, што пэўныя асобы ў сілавых структурах мелі дачыненне да шкалення баевікоў РНЕ, якіх меркавалася нацкоўваць на апазіцыю і проста незадаволеных. Характэрна, што асуджаныя байцы «Алмазу» з групы Ігнатовіча з РНЕ былі звязаныя, хоць, па ідэі, супрацоўнікі такой структуры не маюць права ўдзельнічаць у палітызаваных парамілітарных суполках.

Следчы Дзмітры Петрушкевіч з часам паведаміць, што Паўлічэнка быў змешчаны ў ізалятар КДБ, дзе з ім асабіста гутарыў Алег Бажэлка. Найбольш яго цікавіла месца пахавання Дзмітрыя Завадскага.

Не выключана, што нейкую інфармацыю з Паўлічэнкі выцягнуць тады ўдалося, бо генпракурор зрабіў запыт свайму расійскаму калегу з просьбай прадставіць тэхніку, якая займаецца вышукваннем трупаў у зямлі, такой у Беларусі не было.

Ордэр на арышт Паўлічэнкі быў выпісаны на 30 дзён, але цягам бліжэйшых сутак ён зноў акажацца на свабодзе. Нехта з самага верху аддаў загад: выпусціць.

Не пройдзе і тыдня, як 27 лістапада Лукашэнка знімае з пасадаў Бажэлку і Мацкевіча. 28 лістапада на імя генпракурора Расіі прыйшоў новы ліст, што патрэба ў тэхніцы адпала. Адначасова з генпракурорам і шэфам КДБ пасаду страціць і Шэйман, але апошні вельмі хутка зноў усплыве на вяршыні ўлады.

Ужо на волі Паўлічэнка заявіў журналістам, што ён чалавек адданы Лукашэнку і гатовы выканаць любы ягоны загад.

Ні Уладзімір Мацкевіч, ні Алег Бажэлка ніколі публічна не выказваліся адносна расследавання гэтай справы.

Паўлічэнка кіраваў акцыямі запалохвання ў часе выбараў 2006 году і дагэтуль займае высокія пасады ў праваахоўным апараце. Што зачапіла многіх — з часам ён атрымае найвышэйшыя ўзнагароды Расійскай праваслаўнай царквы.

Эскадроны смерці

У чэрвені 2001 году, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, новую інфармацыю па справе знікненняў далі былыя следчыя рэспубліканскай пракуратуры Дзмітры Петрушкевіч і Алег Случак.

Яны заявілі, што ў краіне існуе так званы «эскадрон смерці», які быў створаны міністрам унутраных справаў Юрыем Сіваковым па загадзе сакратара Рады бяспекі Віктара Шэймана. Па інфармацыі следчых, брыгаду ўзначальваў Дзмітры Паўлічэнка. Пасля адстаўкі Сівакова «эскадрон» нібыта перайшоў пад кантроль Уладзіміра Навумава.

Петрушкевіч і Случак паведамілі, што групай было здзейснена блізу 30 забойстваў.

У страху перад расправай былыя следчыя папрасілі палітычнага прытулку ў ЗША і яго атрымалі.

Сваё расследаванне вёў і супрацоўнік КДБ (аддзелу, які займаецца палітычным вышукам) Генадзь Угляніца, зяць вядомага дзеяча нацыянальнага руху Радзіма Гарэцкага. Разам з сваім сябрам з патрыятычнай арганізацыі «Край» Андрэем Жарнасекам яны спрабавалі знайсці месцы пахаванняў. У выніку заблытанай гісторыі яны таксама папрасілі палітычнага прытулку — ім яго дала Нарвегія. Там яны і працуюць, месца іх пражывання не афішуецца.

Рапарт Алега Алкаева

Начальнік мінскага СІЗА Алег Алкаеў напісаў, што выдаваў расстрэльны пісталет (той, які выкарыстоўваюць для прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў) па асабістым загадзе міністра Сівакова. У тыя самыя перыяды, калі зніклі Захаранка і Ганчар з Красоўскім.

Гэты факт цалкам супадае з дакладам генерала Лапаціка. Асцерагаючыся расправы, Алкаеў выехаў з сям’ёю ў эміграцыю ў Нямеччыну, дзе напісаў кнігу «Расстрэльная каманда».

Нямеччына прытуліла і сем’і Захаранкі і Карпенкі. Жонка Красоўскага знайшла прытулак у ЗША. Сваякі Ганчара і Завадскага засталіся жыць у Мінску.

Алкаеў сцвярджае, што існуе асобны відэазапіс расстрэлаў зніклых.

Відэазапіс

Пра відэазапіс з жудаснымі падрабязнасцямі расстрэлаў расказваюць шэптам і некаторыя дзеячы мастацтва, блізкія да лукашэнкаўцаў. Быццам бы паказвалі ім той запіс у 1999 годзе кіраўнікі сілавікоў, якія каардынавалі расследаванне. Выходзіць, гэтыя асобы баяліся застацца адзінымі носьбітамі смяротнае інфармацыі?

Даклад Хрыстаса Пургурыдэса

Комплексным расследаваннем знікненняў Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага займаўся спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы кіпрскі дэпутат Хрыстас Пургурыдэс. Ён некалькі разоў наведваў Беларусь, дзе меў спатканні, як з прадстаўнікамі ўлады, што фігуруюць у гэтай справе, так і з сваякамі зніклых.

Вынікам працы Пургурыдэса стала тое, што Віктару Шэйману, Юрыю Сівакову, Уладзіміру Навумаву і Дзмітрыю Паўлічэнку і сёння забаронены ўезд у краіны Еўрасаюзу, нават пасля зняцця візавых санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў.

У 1999 годзе з патрабаваннем справядлівага расследавання тых злачынстваў на вуліцы Мінску выходзілі тысячы людзей. Тэма чырвонай ніткай прайшла праз выбарчую кампанію 2001 году. А потым грамадскі інтарэс стаў паціху згасаць. Праўда, і цяпер 16‑га дня кожнага месяца людзі выходзяць на плошчы з партрэтамі зніклых. Гэтак і 7 мая, у дзень пачатку Пражскага саміту, неабыякавыя зноў збяруцца на Кастрычніцкай плошчы, каб яшчэ раз нагадаць свету пра зніклых людзей.

Сабраныя звесткі пакідаюць упэўненасць, што следства ў справах некалі абавязкова будзе скончанае.


Зміцер Панкавец, Наша Ніва

Дадаць каментарый