04.04.2007
Як пачаць размаўляць па-беларуску?

Мы падрыхтавалі простыя правілы для тых, хто жадае пачаць размаўляць па-беларуску.
1. Першае і асноўнае правіла – не бойцеся. Самае складанае – пачаць, потым усё пойдзе само сабой. Дадавайце асобныя беларускія словы і выразы ў сваю расейскую гаворку. “Дзякуй”, “калі ласка”, “прывітанне”, “пакуль”. Нічога ненармальнага ў змяшэнні моваў няма, таму не паддавайцеся на наезды, маўляў, давай размаўляй на нейкай адной мове.
2. Калі вельмі страшна - прыдумайце сабе правіла: размаўляць 1 дзень на тыдзень цалкам па-беларуску, альбо размаўляць па-беларуску толькі з блізкімі сябрамі, а з астатнімі – па-руску.
3. Хутчэй за ўсё, родныя і сябры з недаверам адрэагуюць на вашую “неспадзяваную беларускасць”, пачнуць жартаваць і сцябаць. Крыўдаваць не трэба – проста дайце зразумець, што гэта не гульня, а ваш сур’ёзны выбар, і яны мусяць яго паважаць. Глядзіш, праз які месяц і самі пачнуць размаўляць па-беларуску.
4. Напачатку вы будзеце трохі “тармазіць” пры гаворцы, шукаючы патрэбнае слова для перакладу. Тут вельмі важная падтрымка сяброў: калі вы не будзеце баяцца іхнага смеху ад дапушчанай памылкі, мова пачне ліцца сама. Гэта менавіта той выпадак, калі трэба раслабіцца і не трэба думаць над тым, як кажаш.
5. Кіньце пустыя дыскусіі аб тым, чаму нам варта размаўляць па-беларуску і чым беларуская мова лепшая альбо горшая за іншыя. Гэта бессэнсоўныя спрэчкі. Беларуская мова не лепшая і не горшая, яна – нашая, і кропка. Глупства — параўноўваць мовы багаццем лексікі, старажытнасцю і іншымі суб’ектыўнымі крытэрыямі. Спробы давесьці, што «беларуская мова не горшая за...» або «не менш мілагучная, як...» сведчаць толькі пра наяўнасць комплексу непаўнавартасці.
6. Памятайце, што за адзін дзень размаўляць правільна і прыгожа вы не навучыцеся. На гэта сыйдуць месяцы, а то й гады. Вы не проста мяняеце мову – вы самі робіцеся іншымі людзьмі. Безумоўна, гэта вялікі стрэс. Немагчыма імгненна авалодаць мовай, і вам спачатку будзе бракаваць нашых словаў для азначэння многіх рэчаў. Не бянтэжцеся, а проста выкарыстоўвайце расейскія словы. Нічога заганнага ў выкарыстанні замежных словаў, пакуль бракуе сваіх, няма. Не перажывайце, калі будзеце дапускаць памылкі, гаварыць “трасянкаю” – усе праз гэтае прайшлі. Чым больш практыкі – тым лепшаю робіцца вашая мова. Калі вас выпраўляюць – не крыўдуйце, а дзякуйце.
7. Чытайце літаратуру па-беларуску, слухайце беларускую музыку, размаўляйце на беларускіх форумах, максімальна абкружыце сябе беларускасцю. Ідэальны варыянт – закахацца ў беларускамоўнага хлопца ці дзяўчыну – будзеце мець дадатковы стымул для вывучэння мовы (праверана на практыцы)!
8. Не стаўце сабе задачу гутарыць “моваю Купалы”: літаратурная мова вельмі адрозніваецца ад гутарковай. Калі вы хочаце напісаць артыкул ці раман, тады сапраўды мусіце трымацца прынятага канону літаратурнай мовы. Але ў размове з сябрамі няма нічога больш дзіўнага, чым размаўляць «па-кніжнаму». У гутарковай ужываецца і слэнг, і замежныя словы, і проста выдуманыя словы.
Цярплівасці вам і ўдачы!




Каментарыі (5)
04.04.2007 02:29
І яшчэ трэба дадаць - \"не адгукайцеся, калі да вас звяртаюцца па-расейску\" :) хіхіхі
04.04.2007 18:33
Вельмi добрая прапанова. Прапаную акцыю: \"Гавары па-беларуску\"
04.04.2007 19:53
2 Паша Ю.:
я б дадала, \"гавары =насамрэч= па-беларуску\". мяне, прыкладам, надзвычай выбешвае, калі многія людзі з апазіцыі выхваляюцца сваім патрыятызмам у \"тусоўцы\", іншых павучаюць-папраўляюць, а як прыйдуць дахаты або ў краму - усё, скончылася беларушчына. мова - гэта не праца з 8 да 5.
04.04.2007 19:53
А лепш бейце у ёбла, кали пачынаюць выёбвацца розныя маскали.
04.04.2007 19:56
2 Віталя:
гэта па-любому (калі вельмі выёбваюцца). а так лепшая тактыка - пагарда, маўляў \"ай\'м нот андэстэнд\". ох ім гэта не падабаецца. :)
Дадаць каментарый