23:44 07.04.2007
Улёткавая вайна

У вядзенні інфармацыйнай, а дакладней улёткавай вайны, ёсць свае законы, свая тэорыя і асаблівасці. Тут усё як на самым сапраўдным фронце, і з улёткамі ў руках мы вядзем рэгулярныя баявыя дзеянні.
Улёткі бываюць рознага прызначэння: на раздачу, на раскідванне ў паштовыя скрыні, на расклейку і г.д. Аднак многім актывістам праца з улёткамі падаецца справай сумнай і няўдзячнай у параўнанні, напрыклад, з дэманстрацыяй. Бо дэманстрацыя дае адчуванне “рэвалюцыі-зараз”. На самой жа справе, рэвалюцыя не адбываецца імгненна, яна як дзіцё выгадоўваецца і выкормліваецца нашай цяжкай працай. Нашая ідэя спачатку павінна абыйсці розумы мільёнаў і застацца ў палове з іх, толькі тады яна выйдзе на вуліцы па-сапраўднаму. І расклейка ўлётак - адзін са спосабаў застацца ў свядомасці людзей.
Падрыхтаваная акцыя падобнага роду сапраўды можа зрабіць тое, чаго складана дасягнуць іншымі сродкамі. Улёткі - гэта доўгі нож у сэрцы суперніка. Улада бесіцца нават ад самаго факту наяўнасці нашых “незаконных” улётак, ужо не гаворачы аб страху таго, што народ падтрымае змест гэтых улётак. Яны з’яўляюцца, як з пустэчы, і выконваюць сваю функцыю: знікаюць у адным месцы, каб з’явіцца ў іншым. Тут самае важнае – перманентнасць і маштабнасць дзеянняў, для стварэння ілюзіі нашай масавасці як для ўладаў, так і для насельніцва. Не сакрэт, што многія людзі самі прызнаюцца, што пойдуць у актыўную апазіцыю толькі тады, калі пабачаць, што апазіцыя насамрэч моцная. Дык давайце пакажам народу нашу моц!
Чым клеіць?
Пачнем з клею. Можна выкарыстоўваць любы, які маеце. Самы надзейны клей – ПВФ, шкловалакно. Аднак, найбольш просты і танны варыянт – клейстэр (ягоны мінус – улётку лёгка здзерці). Ён робіцца са звычайнага харчовага (бульбянога) крухмалу, які прадаецца ў гастраномах. Ён зусім нетаксычны, лёгказмывальны з рук і вопраткі. Рэцэпт. 1-2 гарбатныя лыжачкі крухмалу разбоўтаць у халоднай вадзе (4-6 лыжачак), потым памешваючы заліваць кіпнем (паўшклянкі). У выніку павінен атрымацца густы рошчын - гэта і ёсць клейстэр. Калі выходзіць занадта густа, дык трэба даліць кіпню. Калі ж атрымліваецца занадта рэдка - рошчын можна троху падагрэць, неперарыўна памешваючы. Такі клей можна выкарыстоўваць на працягу 6-8 гадзінаў, потым трэба рабіць свежы.
Найбольш “адмарожаныя” байцы маюць і такі рэцэпт. У клей (любы) дадаецца пэўная колькасць бітага на маленькія кавалачкі шкла. Вынік – улётку амаль немагчыма здзерці, зрывальшчык абавязкова параніць сабе рукі (вы зразумееце гэта па крывавых слядах на ўлётцы, якая працягвае вісець на сваім месцы). Здорава? – Так, але не забываем, што здзіраюць улёткі звычайна не менты, а звычайныя дворнікі, якіх прымушаюць гэта рабіць у ЖКХ. Але, безумоўна, гэта добры варыянт для найбольш радыкальных паклеечных акцый (напрыклад, “бамбаванне” будынку КДБ).
Як падрыхтавацца
Не апранайце вопратку, у якой вам трэба будзе потым ісці на спатканне ці ў тэатар. Клеіць улёткі і не забрудзіцца вельмі складана, асабліва гэта тычыцца рукавоў. З той жа прычыны, мае сэнс апранацца ў штосьці цёмнае - каб сляды клею былі менш заўважныя. Увогуле, выглядаць лепш вельмі проста, някідка. Канечне, ніякіх значкаў. Сумка. У ёй вы будзеце насіць улёткі. Яна таксама забрудзіцца, таму бярыце штосьці старое, можна проста паліэтыленавы пакет (толькі непразрысты). Лепш за ўсё, калі яе можна павесіць на плячо - рукі нам спатрэбяцца вольнымі, важна таксама, каб аркушы можна было з яе лёгка даставаць. Абавязкова вазміце з сабою анучку – выціраць рукі. Будзе цудоўна, калі возьміце і цалафанавыя пяльчаткі. Варта мець з сабою дакуманты. На «заданне» лепш за ўсё хадзіць утраіх. Працуем мануфактурай: адзін сочыць, другі носіць рэчы і намазвае ўлётку, трэці – трымае ўлётку і потым адразу клеіць. На раз бярэм не больш за 70 улётак – калі налепак можна браць і 200, і 300, то ўлёткі патрабуюць больш часу на паклейку – вы выдахнецеся, да і па тэорыі верагоднасці вас засякуць менты. Вы згубіце 3 гадзіны жыцця ў пастарунку, магчыма, атрымаеце дубінкі ды й канфіскаваныя ўлёткі прападуць дарэмна. Загаддзя дамоўцеся, што будзеце казаць у пастарунку. На пытанне «Хто даў улёткі?» лепей за ўсё адказваць «Нейкі хлопец клеіў, папрасіў і нас паклеіць. Па-мойму, яго клічуць Пецем, але тэлефону ён не пакідаў» альбо «Знайшлі на лаўцы, няма чаго было рабіць – пачалі клеіць». Канечне, заўжды сыйдзе і адказ «Не скажу».
Як мазаць клеем?
Недасведчаны чалавек пойдзе на вуліцу, і кожны раз будзе даставаць аркуш, ды ў нязручнай позе (бо трэба неяк утрымліваць дзьвюма рукамі ўлётку, а гм... трэцяй ёмістасць з клеем), размазваць больш па сабе, чым па аркушы. Гэта не наш шлях. Кемлівы актывіст, увогуле не бярэ з сабой клею, і, калі трэба наляпіць улётку, спраўляецца за некалькі секундаў! Робіцца гэта так: у хатніх умовах, зварыўшы клейстэр, раскладаем улёткі, як след прамазваем іх і складаем у пачак. Гэты пачак кладзем у сумку, пра якую мы згадвалі вышэй, і ідзем на справу (толькі адразу, бо ўлёткі высахнуць і пазліпаюцца!). Цяпер вам дастаткова адляпіць ад пачку адзін аркуш і разгладзіць яго на сцяне. Каб потым было прасцей раздзяляць, складаць улёткі трэба так: кожная наступная пад невялікім вуглом адносна папярэдняй - як веер. А адляпляць за куток.
Калі вы ўсёткі клеіце «класічным» спосабам, клей лепш за ўсё браць з сабой у пластыкавай бутэльцы (0.5л), у корку зрабіць невялікую дзірку. Дастаткова будзе проста націснуць на бутэльку, каб ён выліўся. Так вы меней запэцкаецеся і будзеце працаваць хутчэй, чым з пэндзалем.
Прыёмы расклейкі ўлётак
Нават вельмі пісьменна і кідка складзеныя ўлёткі ніколі не выклічуць патрэбны грамадскі рэзананс, калі нашы байцы не вывучаць, мабыць, самы адказны раздзел улёткавай войны, а менавіта - псіхалагічныя асновы, метады і спосабы расклейкі. Вось асноўныя з гэтых спосабаў:
Фотаэфект. Такая расклейка выконваецца вельмі часта, па сценах дамоў, аўтобусным прыпынкам, усім магчымым прыдатным паверхням. Сутнасць “фотаэфекту” складаецца ў расклейцы ўлётак аднаго віду стык у стык, у максімальна доўгі шэраг па гарызанталі, але не меней пяці штук. У гэтым выпадку чалавек, ідучы паблізу ўлётак, мімаволі запамінае іх, - яны несвядома застаюцца ў памяці. Нават самыя бляклыя ўлёткі пры такім раскладзе будуць выглядаць досыць няблага.
Карцінка ў карцінцы. Знайдзіце які-небудзь плакат з “карыснай” рэкламай і акуратна абляпіце яго па баках сваімі ўлёткамі, ды яшчэ пастарайцеся зрабіць гэта так, каб зняць вашы ўлёткі, не сапсаваўшы або не знішчыўшы плакат, было немагчыма. Сутнасць - чалавек, які цікавіцца яркім і вялікім плакатам, падыходзіць да яго досыць блізка і… яму ўжо не бачны плакат. Ён глядзіць на вашыя ўлёткі. Адбываецца самая сапраўдная замена паняццяў.
Эфект фігуры. Можна спакойна сказаць, што эфект фігуры - самы лепшы спосаб засваення тэрыторыі. Эфект складаецца ў тым, што ўлёткі праклейваюцца ў форме фігуры: зорка, клічнік, квадрат, - у залежнасці ад тэксту ўлёткі і мэты акцыі. Сэнс - чалавек, зацікаўлены фігурай здалёк, абавязкова падыдзе паглядзець. Чалавек па прыродзе сваёй ёсць істотай цікаўнай. Да таго ж запамінаецца ўлётка адразу.
Эфект асяроддзя. Правільна выбранае месца налепленай улёткі - гэта палова поспеху. Найболей дзейсным з усіх псіхалагічных эфектаў улёткавага ўздзеяння з’яўляецца эфект “асяроддзя”. Яго сутнасць у тым, што ўлёткі лепяцца “у кругавую” на малой прасторы. У чалавека, які патрапіў на такі “пятачок”, куды бы ён ні паглядзеў, погляд спыняецца на вашых улётках. Будзьце ўпэўненыя: калі ўсё зроблена правільна, то вашыя ўлёткі запомняцца надоўга (прыклад - перыметр прыпынку, ліфт).
Расклейка ўлётак на цэнтральных вуліцах. Агітацыйныя дзеянні на цэнтральных вуліцах заўсёды патрабавалі вялікай колькасці матэрыяльных і чалавечых рэсурсаў. Арганізацыя павінна сапраўды аддаваць сабе адчот ў тым, ці досыць у яе рэсурсаў да правядзення дадзенай акцыі. Інфармацыйныя і агітацыйныя баі на цэнтральных вуліцах носяць характар “забамбавалі і сыйшлі”: праца праводзіцца на працягу вельмі кароткага часу некалькімі камандамі адначасова. Безумоўна, вашу працу пабачыць вялікая колькасць людзей, аднак яна больш небяспечная, чым у спальных раёнах (у цэнтры больш міліцыі), ды й пазрываюць улёткі ў цэнтры нашмат хутчэй.
Дывановае пакрыццё. Гэты спосаб расклейкі ўлётак добра выкарыстаць пры навучанні пачаткоўцаў пад час выпрабавальнага тэрміну да ўступу ў шэрагі арганізацыі. Спосаб забяспечвае вельмі вялікае, амаль поўнае пакрыццё пэўнай тэрыторыі (адна вуліца, адзін асобны раён) і ўжываецца для адмыслова масавага “бамбавання” тэрыторыі, калі трэба “адказаць” уладам на іх дзеянні (напрыклад, уначы заклеіць будынак суда, у якім зранку будуць судзіць затрыманых паплечнікаў) альбо прыцягнуць увагу насельніцтва да якой-небудзь канкрэтнай праблемы. Пры дывановым пакрыцці тэрыторыі мэтазгодней разбіцца на як мага большую колькасць мабільных груп. Больш якасная расклейка атрымоўваецца, калі апрацоўка тэрыторыі праходзіць “хвалямі”. Першая хваля атрымоўваецца самой магутнай, на яе сыходзіць, наогул, самая вялікая колькасць улётак. Пры гэтым другая і трэцяя хвалі павінны быць страховачнымі. Варта адзначыць, што пачаткоўцы даволі часта, з-за боязі быць злоўленымі міліцыяй, у працэсе акцыі дапушчаюць тыповую памылку, клеячы ўлёткі ў месцах свабоднага доступу - там, дзе ўлёткі могуць быць без адмысловай працы сарваныя. Іншая памылка, калі ўлёткі вісяць так, што для іх чытання трэба прыкласці высілкі (напрыклад, вельмі высока ці ў куце), а, як вядома, абывацелі гэтага не любяць.
Касетнае “бамбаванне”. Падрыхтоўка такой акцыі істотна адрозніваецца ад “дывановага пакрыцця”. Зразумела, яна пераследуе сабою абсалютна іншыя мэты. Фотаэфект, гуляючы ролю “касеты”, ахоплівае сцены і іншыя паверхні. Уважліва вывучыце тэрыторыю, на якой мае адбыцца акцыя. На правільна вылучанай тэрыторыі, пры правільнай расклейцы расцяжкай “касет” аптымальнай даўжыні, улёткі могуць вісець хоць два тыдні, як прыбітыя. Улёткі размяшчаюцца такім чынам, каб яны не раздражнялі людзей (не на новых будынках ці на пад’ездзе!), а, наадварот, прыцягвалі іх да сабе.
Праца з улёткамі ў асобных кварталах. Гэты від улёткавай агітацыі змушана ўжываецца ў тых выпадках, калі праводзіць буйнамаштабныя акцыі не мае сэнсу, або ў тым выпадку, калі ў арганізацыі не хапае рэсурсаў да правядзення буйнамаштабнай акцыі. Таксама такі спосаб ужываецца, калі арганізацыя паставіла сабе мэтай “кропкавае” уздзеянне з ахопам як мага большай колькасці тэрыторыі у розных частках населенага пункта, або калі тэкст улёткі датычыцца толькі гэтага пэўнага лакальнага аб’екта. Арганізацыя, нават маючы ў сваім распараджэнні невялікую колькасць байцоў, можа сабе дазволіць ператварыць асобны квартал у свой агітацыйны плацдарм. Праца ў кварталах мае сваю спецыфіку. Працаваць прыходзіцца ў завулках, на лесвічных пляцоўках, у дварах, што нярэдка выклікае небяспеку з боку мясцовых гопнікаў.
Аперацыя “кідок”. Як правіла, у Менску ўлёткі могуць вісець на адкрытых тэрыторыях, у сярэднім, ад 1 да 3 дзён. У жылых кварталах улёткі вісяць нашмат даўжэй, чым у адміністрацыйных частках горада. У такім становішчы была распрацаваная тэхніка, якая мае назоў “кідок”. Байцы праводзяць аперацыю не ў дварах і вуліцах, а працуюць па пад’ездах. Такая аперацыя не патрабуе вялікіх матэрыяльных выдаткаў, але добра сябе апраўдвае. Улёткі раскідваюцца па скрынках, абклейваецца кожны пад’езд і ліфт. Зразумела, што байцам неабходна загадзя ведаць, якія дамы знаходзяцца ў зоне іх адказнасці, дзе ёсць дамафоны (коды). Добра падрыхтаваныя да гэтай аперацыі байцы могуць зрабіць сапраўды каласальнае ўздзеянне на даручаны ім раён – ён будзе ўвесь «на вушах». Асабліва гэта эфектыўна ў патэнцыйна апазіцыйных раёнах, дзе жыве шмат моладзі і інтэлігенцыі (напрыклад, для Менску – Уручча, Малінаўка, Сухарава; неперспекыўныя раёны – Заводскі, Чыжоўка, Шабаны).
Аперацыя “бамбардзіроўшчык”. Вы неаднаразова бачылі правядзенне дадзенай аперацыі ў старых фільмах. Яе сутнасць у тым, што некалькі чалавек раскідваюць улёткі з вышыні (напрыклад, з даху) на галовы ідучых знізу людзей – на прахадную завода ў час-пік, ля ўваходу на рынак, на прыпынак у час, калі людзі едуць пасля працы дахаты. А зараз уявіце, што вы скінулі сотні яркіх якасных улётак з партрэтам Чэ Гевары на галовы студэнтаў, у якіх ён “у модзе”. Яны прынясуць іх дахаты, магчыма, нават павесяць «для прыгажосці» на сценку. А потым шматлікія з іх прыйдуць да вас.
Паводле "БУНТ. Падручнік для актывіста"





Каментарыі (3)
08.04.2007 04:20
Заебись. Нас такому в свое время не учили ни разу, все проходили и познавали на практике.
Респект вам ребята, советы действуют на самом деле. Давайте работайте посмотрим, как вы в городе работаете.
08.04.2007 16:37
Cikava bylo aznajomicca z metadami razlepvan\\\'nia, pershy raz takuju padborku sustrakaju.
08.04.2007 22:01
Ёсць адмысловы клей для столевых плітак. Вельмі зручная крышка ў яго. Яна падыходзіць да звычайных бутэлек.
Дадаць каментарый