02:24 24.04.2007
1. Паводзіны на масавых акцыях. Парады для тых, хто не лічыць сябе Тэрмінатарамі

Сябры! Напярэдадні Чарнобыльскага Шляху прапануем вам азнаёміцца з шэрагам матэрыялаў, прысвечаных масавым акцыям. Спадзяемся, нашыя парады будуць для вас карыснымі.
1. Паводзіны на масавых акцыях. Парады для тых, хто не лічыць сябе Тэрмінатарамі
Масавыя акцыі
У ідэале любая акцыя – гэта чоткі механізм са сваім планам, структурай і каардынацыяй. на жаль, беларускія масавыя акцыі не вылучаюцца ні масавасцю, ні экшнам, ні арганізацыяй, якія здзяйсняюцца па прынцыпу «прыйшлі-пакрычалі-нас забралі/разагналі-чакаем наступную».
У любой акцыі павінна быць мэта (акцыя лічыцца паспяховай, калі мэта выканана, і тут не можа быць «аб’ектыўных» прычынаў паразы, пры добрым планаванні заўжды можна пралічыць дзеянні ўладаў). Пры падрыхтоўцы да акцыі ў поўнай канспірацыі павінен быць распрацаваны план, павінны быць размеркаваныя асноўныя ролі, павінны быць пралічаныя ўсе магчымыя варыянты развіцця падзеяў на момант правядзення акцыі. Актывісты арганізацый павінны прайсці спецыяльны інструктаж і адпрацоўку асноўных момантаў акцыі на практыцы (трэніроўкі на свежым паветры).
На любой акцыі павінны быць:
- арганізатары. Лідэры партый, якія часта выступаюць на акцыях – гэта не арганізатары, а проста выступоўцы; акцыя будзе ўдалай калі яе як плануюць, так і праводзяць людзі, якія з’яўляюцца спецыялістамі ў сферы арганізацыі і правядзення масавых акцый.
- спец.ахова. Звычайна гэта людзі з нарукаўнымі павязкамі, якія сочаць за парадкам на акцыі, прысякаюць дзеянні правакатараў, бароняць людзей у выпадку нападу адмарозкаў ці АМАПу.
- актывісты арганізацый, якім даручаны пэўны ўчастак адназнасці (падняцце сцягоў, дастаўка і вываз з месца акцыі гукаўзмацняльнай апаратуры, кантроль руху натоўпа з пэўнага флангу, камунікацыя з журналістамі і г.д.). Калі ў вас ёсць канкрэтнае заданне ад арганізацыі, займецеся толькі ім. Прафесійна выконвайце свой абавязак, не лезце ў зоны чужой адказнасці. Каардынатар групы павінен сачыць за дысцыплінай і бяспекай сваіх людзей.
- два-тры чалавекі (ці больш, у залежнасці ад маштабу акцыі), адказныя за хуткую медычную дапамогу пацярпелым. Яны маюць пры сабе ўвесь патрэбны набор лекаў.
- загаддзя падрыхтаваны рэквізіт – сцягі, расцяжкі, вуды, улёткі і г.д. (з запасам). Не трэба спадзявацца, што шэраговыя ўдзельнікі прынясуць гэта ўсё з сабой. Прафесійная акцыя павінна быць прафесійнай ва ўсім.
Падрыхтоўчыя мерапрыемствы
Перад акцыяй абавязкова паведамце сябрам і родзічам, куды вы ідзеце. Родзічам на ўсялякі выпадак пакінце тэлефоны вашых сяброў, «Вясны», спецпрыёмніка-размеркавальніка на Акрэсціна. Дамоўцеся, што трэба вам перадаць у выпадку адсідкі.
Актывістам аргінізацый трэба загаддзя дамовіцца са сваім каардынатам пра месца збору, атрымаць неабходныя інструкцыі і матэрыялы, а ўжо адтуль групамі па 2-3 чалавекі (ідэальны вырыянт – хлопец+дзяўчына) рухацца ў бок самой акцыі. Перад пачаткам акцыі актывіст-разведчык павінен сачыць за сітуацыяй на месцы плануемага правядзення акцыі, і толькі на падставе яго інфармацыі можна планаваць канкрэтны шлях да месца правядзення акцыі (часта бывае, што прыйшоўшых на акцыю людзей сустракаюць аўтазакі).
Сачыце за сітуацыяй з транспартам: могуць закрываць станцыі мэтро, перакрываць праезд наземнага транспарту. Трэба карэктаваць час выхаду. Але ніколі не прыязджайце на месца загаддзя – нярэдка міліцыя забірае людзей перад пачаткам акцыі. Калі пераход перакрыты, арганізаваным натоўпам перасоўваемся ў той бок, дзе знаходзіцца большы памерам арганізаваны натоўп. Удзельнікі акцыі павінныя кандэнсавацца і засяроджвацца ў адным месцы.
Калі на вас больш дзесятка адміністрацыйных справаў, вельмі раім як мінімум за тыдзень да адказнай акцыі пераехаць да сяброў, зняць кватэру. Высокая верагоднасць, што вас прэвентыўна затрымаюць.
Што браць на акцыю?
Пашпарт браць. Заліковак, студэнцкіх, важных папераў не трэба. Грошы – некалькі тысяч, не болей (хутчэй за ўсё, адбяруць у міліцыі ці «пералічаць» за ўтрыманне ў спецпрыёмніку).
Ні ў якім выпадку не браць таго, што можа трактавацца як зброя (палкі, нажы, арматура, газавыя балончыкі). Канечне, гэтыя рэчы могуць спатрэбіцца пры сутычках міліцыяй, але ў выпадку затрымання вы маеце 90% шанцаў аб узбуджэнні крымінальнай справы.
Мабільны тэлефон браць (паведаміце родзічам у выпадку затрымання, для сувязі з сябрамі пад час акцыі і г.д.). Але ёсць верагоднасць, што тэлефон будзе разбіты пад час сутычак з міліцыяй альбо скрадзены пад час асабістага дагляду ў РАЎСе. Раім загаддзя мець захаваную ў тэлефоне смску «мяне забралі, жыве Беларусь!» - магчымасці патэлефанаваць няма амаль ніколі.
Вазьміце з сабой заплечнік (не сумку, яе лёгка згубіць). Туды пакладзіце рэквізіт (сцяг, улёткі, а таксама намочаная ў вадзе бандана ад магчымага выкарыстання міліцыяй газа). На ўсялякі выпадак – рэчы, патрэбныя ў турме (вопратка, гігіенічныя прылады, кніжка, трохі ежы), паверце, гэта нашмат палепшыць ваш настрой у першыя дні адсідкі (да перадачы). А таксама шпільку (ёй можна будзе паспрабаваць расшпіліць кайданкі).
Акцыя – гэта не паказ мод, не трэба прыходзіць на яе ў касцюме, а дзяўчатам – на абцасах. Апранацца – сціпла, проста, каб не прыцягваць увагу перад акцыяй. Вопратка - цёплае, цяплей чым звычайна. Усё аккуратна зашпілена, не апранайце даўгія плашчы і пальто. Значкі, стужкі апранайце толькі калі дабярэцеся да месца збору. Хлапцам раім апрануцца так, каб было зручна бегаць і, калі што, абараняцца (кароткая куртка, швэдар, джынсы, берцы). Зразумела, што вельмі хочацца прадэманстраваць новую майку з Чэ Геварам або куртку з нашыўкаю “Пагоня”. Аднак, апранаючыся такім чынам, вы моцна палягчаеце працу ментам. У такой выдатнай куртцы і майцы будзе вельмі праблематычна змяшацца з натоўпам. А уменне знікаць ў натоўпе бывае вельмі карысным, калі вы, вядома, не жадаеце любою цаною агледзець славутасці найбліжэйшага РАЎСа або з’ехаць вучыцца ў Польшчу. Не апранайце камуфляж – вас забяруць перад самым падыходам да месца запланаванага мерапрыемства і будуць вельмі доўга біць (інстынктыўна лічачы «NATOўскім захопнікам»). Калі ж усёткі хочацца «пакрасавацца» - бярыце таксоўку і выходзьце максімальна блізка да натоўпу.
Калі ў вас кепскі зрок, не бярыце акуляры (могуць разбіць), лепей лінзы.
Даўгія валасы збярыце ў прычоску (могуць цягнуць за валасы пры затрыманні).
Ніякіх упрыгожванняў з сабою! (ланцужкі, кольцы, пірсінг і г.д.). акрамя таго, што згубіце альбо скрадуць у міліцыі, можаце параніцца самі.
Сродкі першай медыцынскай дапамогі (нашатыр, валідол, ёд, бінт, пластыр і г.д.)
Бандана – толькі на выпадак газавай атакі! Нават і не думайце апранаць яе, каб схаваць твар ад гбшнай відэаздымкі. Людзі з прыкрытым тварам прыцягваюць увагу найболей і, што праўда, выклядаюць вельмі камічна (асабліва калі «баявік» яшчэ і ў камуфляжы – толькі базукі не хапае для камплекту). Бандану, канечне, можна і трэба выкарыстоўваць, але не для мірных акцый пратэсту дакладна.
Непасрэдна на акцыі
Калі ў вас няма канкрэтнага задання на акцыі – стварыце яго сабе. Не стойце і не чакайце «месію» -заводзьце натоўп, будзьце лідэрам. Скандуйце лозунгі, дапамажыце людзям разгарнуць расцяжкі, спытайце ў каардынатараў акцыі (звычайна яны вылучаюцца з натоўпа), ці патрэбная дапамога. Годзе трываць, што на нашых акцыях адбываецца бязладдзе, калі ніхто з удзельнікаў нават не разумее (таму што арганізатары не тлумачаць), куды мы рухаемся і якая мэта акцыі. Дысцыпліна і яшчэ раз дысцыпліна. Калі народ пабачыць, што нашыя акцыі адбываюцца па добра спрацаванаму чоткаму сцэнару, што на іх прысутнічае уласная ахова, працуе якасная гукаўзмацняльная аппаратура і г.д. – упэўнены, што колькасць удзельнікаў апазіцыйных акцый павялічыцца ў 10 разоў. І шмат у чым гэта залежыць ад вашых асабістых паводзінаў – будзеце прыкладам для іншых.
Не адыходзьце ад вялікіх групаў людзей, пад час правядзення акцыі раім увогуле не пераходзіць з аднаго месца ў іншае, трымайцеся тых, каго ведаеце. Не паспееце апамятацца, як вас схопяць і зацягнуць у аўтазак.
Уважліва слухайце, што гавораць нашыя людзі ў гукаўзмацняльнік (мікрафон), што гавораць хлопцы з аховы акцыі. Калі чуеце, што людзей просяць перайсці вуліцу, стаць платней, рухацца хутчэй і г.д. - не спрачайцеся з імі, хутка выконвайце просьбы, яны прафесіяналы ў сваёй сферы (прынамсі, так павінна быць), і жадаюць вам толькі дабра.
Калі бачыце, што камусці стала блага, асабліва пры разгоне акцыі (чалавек упаў, згубіў прытомнасць, у яго траўма) – спыніцеся, дапамажыце паплечніку. Лепей адсядзець 15 сутак, чым усё жыццё ўзгадваць, што з-за тваёй трусасці памёр чалавек.
Сачыце, каб дзяўчат, дзяцей і пажылых людзей не было ў першых шэрагах і небяспечных месцах. Канечне, яны таксама людзі і маюць права на супраціў, але ж абараняць народ – усёткі мужчынская справа, якая патрабуе фізічнай сілы. І часам справа вельмі і вельмі небяспечная.
У выпадку даўкі неабходна прыціснуць сагнутыя ў локцях рукі да грудной клеткі - такім чынам, вы зможаце амартызаваць ціск натоўпу і абараніць сябе ад здушвання.
Калі натоўп пачаў хаатычна рухацца - галоўнае не ўпасці, таму лепш прытрымлівацца кірунку руху натоўпу і імкнуцца быць у цэнтры яго (тут больш магчымасцяў для манеўраў, паветра, часу каб падумаць). Калі ж вы ўпалі ў рухаючымся натоўпе, то неабходна неадкладна падняцца, выкарыстаючы ўсе магчымыя сродкі - інакш вас затопчуць. Для гэтага можна ўжыць наступны прыём: хутка ўстаць на калені і локці, выставіць як мага далей наперад апорную нагу і, не згінаючы яе, пад напорам натоўпу рэзка падняцца. Або пастарайцеся згарнуцца клубком, абараняючы галаву рукамі. Апынуўшыся ў такім месцы, дзе зваліліся сябар на сябра некалькі чалавек, пастарайцеся вызваліцца любою цаною, не падвяргаючы сябе небяспецы ўдушша пад грудай целаў.
Небяспечна знаходзіцца поруч шкляных вітрын крам, сценаў будынкаў, дрэў. Прыціснутыя да іх натоўпам, вы можаце атрымаць сур’ёзную траўму.
Сачыце за правакатарамі і “шасцёркамі”. Як толькі пабачылі побач чалавека, які немаведама адкуль узяўся, сочыць за людзямі вакол сябе альбо пачынае правакаваць на бойкі – гэта «казачок». Насамрэч, праца ў “органах” непазбежна адбіваецца на знешнім выглядзе, таму пабачыць “засланых казачкоў” даволі проста (назірае за астатнімі, мала гаворыць, чорная ці спартовая вопратка, кароткая стрыжка, «твар, адораны інтэлектам», некаторыя маюць навушнік у вуху альбо рацыю). Хаця ў апошні час усё часцей на акцыях працуюць гбісты, візуальна нічым не адрозныя ад «нашых»: усе ў значках, скандуюць лозунгі, усміхаюцца. Што ж рабіць, калі заўважылі гбшнікаў? Трэба іх пільнаваць. Калі спатрэбіцца - супрацьдзейнічаць. Калі маеце вялікія габарыты, лепш за ўсё прычапіцца за казачком хвастом – ён, хутчэй за ўсё, зваліць (рассакрэцілі). Яны могуць устроіць правакацыю - падпаліць штосці, пачаць дэманстратыўна піць алькаголь. У такім выпадку - групай выштурхоўвайце іх з натоўпу, адбірайце бутэлькі. Апынецеся каля кардону міліцыі - гучна крычыце: “забірайце гэтых п’яных хуліганаў!”
Яны могуць паспрабаваць “завінціць” кагосці. Гэта пачынаецца так: з розных бакоў у адным кірунку пачынаюць рухацца некалькі падобных адзін да аднаго мужчынаў (яны загаддзя маюць наводку, каго браць – звычайна, гэта каардынатары акцыі і найбольш актыўныя ўдзельнікі). Іх задача - схапіць каго-небудзь, рэзка вынесці яго з натоўпу і здаць міліцыянтам у форме. Калі бачыце падобны рух, крычыце на іх: “сябры, асцярожна – правакатары!» альбо «воры! кашалькі выцягваюць!” І штурхайцеся на іх (ізноў-такі, гуртом лепей), торгайце за рукавы, наступайце на ногі, рабіце падножкі. Калі яны ўжо ўхапілі кагосьці, крычыце «куды вы яго павялі? Людзі, ратуем чалавека!», адцягвайце ахвяру, рэзка вырывайце з іх рук, тут галоўнае - усё рабіць хутка і рэзка. Юрыдычна аспэкт такі: калі яны дзейнічаюць у цывільным не прад’яўляючы дакументаў - значыць яны проста хуліганы.
Ні ў якім разе не правакуйце міліцыю! Ні з таго ні з сяго, калі яны проста стаяць і нікога не забіраюць, крычаць «выблядкі», «здраднікі Радзімы» нельга! Гэта спрацоўвае на іх, як «фас» на сабаку.
Будзьце вытрыманыя і лагічныя. Дурнавата атрымліваецца, калі хтосці спачатку будзе крычаць “Казлы! Менты-фашысты!”, а потым скандаваць “Міліцыя з народам!”. Ці, да прыкладу, пад час жалобнага шэсця на Дзяды разгортваць расцяжку «Не – саюзу з імперскай Расеяй». Трэба ва ўсім быць паслядоўнымі.
Калі бачна, што міліцыянты пачынаюць рыхтавацца да нападу, не хвалюйцеся, патлумачце людзям побач з вамі, што сітуацыя рабочая, ніхто нас забіваць не будзе, нас шмат і праўда за намі. Калі з’яўляецца панікёр - перакрычыце яго (тыя ж сканадаванні дапамогуць), можаце троху патрэсці, абняць, спытаць, як ён сябе адчувае - збіць ягоную паніку. Калі не сунімаецца - злёгку стукніце. Калі чуеце, што нехта заклікае ісці першым ў напад, кідаць камні ў АМАП і г.д, гучна крыкніце «правакатар!» (хутчэй за ўсё гэта будзе не правакатар, а радыкальны патрыёт), падыдзіце да гэтага чалавека і растлумачце, чаму небяспечна і бессэнсоўна ўступаць у бойку з ментамі. Зразумела, шмат у каго «чэшуцца кулакі», але не забывайце, што на акцыі ёсць дзеці, дзяўчаты, пажылыя людзі – іх па-просту могуць затаптаць і забіць! Сітуацыя масавага пратэсту - гэта ў першую чаргу псіхалагічнае супрацьстаянне дэманстрантаў і міліцыянтаў. І ў гэтым супрацьстаянні важна перамагаць, не даводзячы сітуацыю да варажнечы.
Заўвага: Пра «бойкі» з ментамі давайце думаць тады, калі на вуліцы выйдуць хаця б 50 000 чалавек, каб не мы іх баяліся, а яны нас, бо зараз гэта – проста марны бессэнсоўны занятак, які йшчэ і прыносіць ахвяры. Рэжыму выгадна, каб паміж намі і міліцыяй стаялі нянавісць і страх. А мы прыйшлі на акцыю не для гэтага. Мы змагаемся з дыктатурай, а не з міліцыяй (хаця сярод іх і хапае падонкаў). Канечне, гэта не значыць, што мы павінны ім паддавацца і казаць «дзякуй» калі нас б’юць нагамі (але фізічную сілу прымяняць выключна для абароны!).
для дзяўчат, пажылых людзей і дзяцей: калі менты пачынаюць наступ, імкнецеся як мага хутчэй перасунуцца з натоўпу да бяспечнага боку, інакш, пасля ўжывання спецсродкаў, бягучыя людзі могуць збіць вас з ног і затаптаць. Рухацца ў натоўпе лепш бокам, выставіўшы плячо наперад і здзяйсняючы ім руху налева - направа, як бы рассоўваючы людзей. Сумку лепш трымаць перад сабою, таму што, валакучы яе за сабою, рызыкуеце застацца без яе. Калі вас затрымліваюць, лепш не супрацівіцца і нават не спрачацца - нервы ў міліцыі на ўзводзе, вас элементарна могуць ні за што адлупцаваць.
Як сыходзіць з мітынгу
Зніміце і схавайце ўсе нашыўкі і значкі. З вамі ніхто не гуляе, таму піянерскія гульні ў “ратаванне сцяга палка” недарэчныя.
Нельга сыходзіць аднаму. Сыходзіць трэба групамі. Дарэчы, калі людзі сыходзяць адначасова цэлым натоўпам, нават пры актыўным іх удзеле ў акцыі, імкнуцца не чапаць. Ідзіце групамі як мага даўжэй, разам сядайце ў транспарт (частка бывае, што да асобнымі людзямі сочаць аж да самага дому і там забіраюць, таму раім адразу дахаты не ехаць).
калі да вас падышлі людзі ў цывільным і чагось пытаюць, імкніцеся як мага хутчэй перамясціцца ў месца вялікага скаплення людзей (напрыклад, пераход, калі вы стаіце побач з ім), пабачылі, што спыняецца тралейбус – бягом у яго! Не забывайце: гбшнікі падышлі не праводзіць з вамі прафілактычную бяседу, а адвезці вас у турму!Двое назіраюць, адзін вядзе перамовы.
Суправаджайце актывістаў, якія вылучыліся на акцыі актыўнасцю. Міліцыя іх таксама зазначыла і будзе спрабаваць вязаць. Суправаджайце іх як мага вялікай колькасцю людзей і як мага даўжэй - такім чынам вы і ім, і сабе забяспечваеце бяспеку.
Дамовіцца з сваякамі, каб сустрэлі.
калі вы – адзін з адказных за акцыю, спрабуйце падрыхтаваць машыну (не таксі – яна спыніцца па першаму ж патрабаванню міліцыянтаў!), якая зможа аператыўна вас забраць з акцыі. Канечне, дамоў не ехаць.
Калі вас вылічылі, то сцеражыцеся:
- груп людзей на шляхі вашага руху, якія быццам бы аб чымсьці размаўляюць паміж сабою або кагосьці чакаюць, пазіраючы дэманстратыўна на гадзіны
- незнаёмых, якія здалёк вам усміхаюцца і ідуць насустрач, ветліва размахваючы рукамі - яны адцягваюць увагу, вас зараз схопяць ззаду
- раз і назаўжды забудзьце ўсе, што вы бачылі аб падобных сітуацыях у кіно, нават не спрабуйце сябар перад сябрам дэманстраваць адвагу і парадыраваць Джэкі Чана. - калі вы здольныя на спрынтарскі бег - уцякайце, маладосць і адрэналін вам дамагоць.
У выпадку затрымання чалавека з вашай або любой іншай групы:
Збярыце ўсю магчымую інфармацыю, паведамце адказнаму за праваабарону чалавеку. Ён арганізуе сувязь з «Вясною», збярэ перадачу.
Паведаміце бацькам і сябрам затрыманага.
Арганізуйце тэлефонную атаку на аддзяленне міліцыі, дзе ўтрымоўваецца затрыманы (пытайце, ці ёсць такі, чаму затрыманы, ці прад’яўленыя абвінавачванні, ці лі яму патэлефанаваць і т.д.). Тэлефануеце рэгулярна, у ідэале з такім крокам званкоў, каб рэгулярна чуць “дасталі”. Падбайце аб тым, каб з тымі жа пытаннямі патэлефанавалі журналісты.
збярыце ўсіх, каго магчыма, каля аддзялення, скандуйце лозунгі. Тым самым вы будзеце псіхалагічна ўплываць на міліціянтаў, а вашаму сябру будзе нашмат лягчэй сядзець у абязьянніку і праходзіць допыт.
калі вядома, калі будуць суды, паведаміць усім, каму магчыма, каб прыйшлі падтрымаць паплечніка да будынку суда. Будзьце гатовыя, што чакаць часта прыходзіцца з самага ранку да вечара, затое ўявіце, як прыемна будзе вашаму сябру пабачыць такую падтрымку!
У выпадку масавага затрымання і затрымання каардынатараў трэба сабраць групу, абмеркаваць сітуацыю і вызначыць хто будзе яго замяняць на час адсідкі.
Паводле "БУНТ. Падручнік для актывіста"





Каментарыі (7)
25.04.2007 00:44
Классная статья. Всё подробно, \"по полкам\".
25.04.2007 01:05
дзякуем, стараліся :)
26.04.2007 11:54
і гадзіннік лепей не браць ці ў кішэню пакласці! А то ўжо месяц шчаслівая хаджу, гадзін не назіраю... А так - супер! Убачымся на плошчы Я.Коласа!
26.04.2007 15:41
2 аленка:
пра гадзіннік правільна. могуць разбіць. браць -але лепш схаваць (на выпадак затрымання будзеце ведаць час).
сустрэнемся.
27.04.2007 19:15
\"Ці, да прыкладу, пад час жалобнага шэсця на Дзяды разгортваць расцяжку «Не – саюзу з імперскай Расеяй»\" - і не сьпяваць у Курапатах \"Паветраны шар\", як было летась.
27.04.2007 19:31
2 marta:
згодная.
16.08.2007 12:34
Вялiкі дзякуй за такую працу! Так дакладна я ніколі не бачыў!
2Admin
імхо, п.11. "вам дамагОць." мабыць - "вам дапамогУць"
(знішчыце гэты пост калі яго прачытаеце. дзякуй)
Дадаць каментарый