13:14 17.10.2007

Беларуская вайсковая тэрміналёгія

У беларускім войску пануе расейская мова. Гэта пры тым, што і афіцэры і шарагоўцы ў беларускай арміі збольшага беларусы. Што перашкаджае войску перайсьці на беларускую мову? Наколькі распрацаваная беларуская вайсковая лексыка, тэрміналёгія?

“Прыказаньні беларускаму жаўнеру” склаў Зьмітрок Бядуля

Першыя беларускія вайсковыя слоўнікі пачалі выдавацца на пачатку 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя. У 1920 годзе “Беларуская вайсковая камісія” выдала “Падарунак беларускаму жаўнеру”, які атрымліваў кожны, хто запісаўся ў нацыянальнае войска. Там былі 10 прыказаньняў для беларускага жаўнера, складзеных Зьмітраком Бядулям. Зьявіліся “Вайсковая стылістыка”, “Каманды па-беларуску”, “Практычны беларускі вайсковы слоўнік” М.Байкова і А.Бараноўскага. Выходзілі і падручнікі па вайсковай справе (“Стралкова-тактычная падрыхтоўка кулямётнага аддзяленьня”, “Дзействы асабнай палкавой гарматы”, “Тэорыя і практыка стральбы куляй і шротам”. Апошняе, што было зроблена ў даваенныя гады – “Беларуская краёвая абарона”, дзе ўжо была сыстэма каманд.

Станіслаў Суднік: “Калі ў Беларусі будзе сваё войска, як жа камандаваць?”

Потым, з 30-х гадоў і да канца 80-х было зацішша. Але беларускія афіцэры, якія служылі тады яшчэ на неабсяжных прасторах СССР, пачалі задумвацца, што будзе далей, калі беларуская дзяржава атрымае незалежнасьць. Падпалкоўнік Станіслаў Суднік служыў тады ў Казахстане:

“Узьнікла пытаньне: калі ў нас будзе сваё войска, як жа камандаваць? “Шагом марш” не скамандуеш, бо “шагом” – слова расейскае, а “марш” – нямецкае. Калі яшчэ “марш” куды ні ішло, то “шаг” – ніяк. Пачалі вывучаць гэту праблему, наколькі яна ў Беларусі разьвязаная. Аказалася, што існавала шэраг кніг, дапаможнікаў на беларускай мове па розных аспэктах вайсковай справы”.

Пасьля развалу Савецкага Саюзу, Станіслаў Суднік вярнуўся ў Беларусь і пачаў ствараць “Кароткі расейска-беларускі вайсковы слоўнік”. Да яго далучыўся старшы лейтэнант Сяргей Чыслаў, якія вярнуўся з Забайкальля. Разам пачалі рыхтаваць больш грунтоўнае выданьне, бо не задавальнялі калькі з расейскай мовы. Да таго ж, вайсковая справа таксама разьвіваецца, зьявіліся новыя тэрміны. Стваралі новатворы, да прыкладу, у расейскай мове “Пол-оборота направо, налево” -- “права-скос”, “лева-скос”.

Адначасова над расейска-беларускім слоўнікам ішла праца і ў Міністэрстве абароны. Слоўнік выйшаў у 1996 годзе пад рэдакцыяй кандыдата вайсковых навук Уладзімера Язэпчыка і кандыдата філялягічных навук Міколы Крыўка.

У 1997 годзе быў выдадзены і грунтоўны слоўнік Судніка і Чыслава, у якім 8 тысяч словаў і словазлучэньняў вайсковай і побытавай лексыкі.

Мікола Статкевіч: Усё пытаньне толькі ў волі...”

Меркаваньне падпалкоўніка запасу, кандыдата вайсковых навук Міколы Статкевіча:

“Вайсковая тэрміналёгія створаная, ёсьць нават два варыянты тэрміналёгіі. Пры Казлоўскім і Кебічу ў войску ўжо пачалі вучыць мову і пераходзіць на яе. А потым Лукашэнка пачаў публічна дыстанцыявацца ад беларускай мовы... Усё пытаньне толькі ў волі, каб у войску была беларуская мова”.

Праўда, прэтэнзіі адзін да аднаго ёсьць у абодвух творчых калектываў. 43% словаў і словазлучэньняў у слоўніках адрозьніваюцца. Да таго ж, у слоўніку Судніка і Чыслава ёсьць сыстэма вайсковых шыхтовых і пазашыхтовых каманд. Гаворыць Станіслаў Суднік.

“Мы складалі, абапіраючыся на нармальную, сапраўдную беларускую мову без аглядкі на стэрэатыпы, на традыцыі. У нашым слоўніку няма ніводнага суфікса “уч”, “юч”. Напрыклад “конвоируемый» -- слова, якое па-беларуску немагчыма вымавіць. Новая форма – “падканвойны”, чалавек, які знаходзіцца пад канвоем. Замест трох суфіксаў ужытая прыстаўка і беларускі суфікс “н”, і так па ўсім слоўніку”.

Праверана практыкай

Станіслаў Суднік кажа, што бальшыня тэрмінаў, камандаў зь ягонага слоўніка прайшла праверку на практыцы:

“Я камандаваў паўтара года дывізіёнам у Мастах і Росі. Дывізіён служыць чыста на беларускай мове, усе гэтыя каманды апрабаваныя, усё яны жыцьцяздольныя, усе яны зразумелыя, усе яны выконваліся і лёгка засвойваліся”.

Пазьней зьявіўся і “Шыхтовы статут” (“Строевой устав”). Ішлі напрацоўкі іншых статутаў. Але паступова беларуская мова ў войску зьнікла. Праўда, лінгвісты перакананыя, што лягчэй за ўсё мова можа вярнуцца менавіта ў войска і міліцыю. Па-першае, камандзіры -- даволі адукаваныя людзі, з вышэйшай адукацыяй. Па-другое, там вельмі хутка выконваюцца загады, кажа Станіслаў Суднік:

“Паступае каманда пераходзіць на беларускую мову, і лінгвістычны аспэкт практычна гатовы для гэтага. Невялікая праца – і будуць статуты на беларускай мове. На сёньня, калі гаварыць, то за аснову трэба браць наш слоўнік і той слоўнік. Магчыма, мы дзесьці дапусьцілі залішнюю радыкалізацыю, а яны кансэрватызм. І напэўна, каб зараз гэтым займацца, выпрацавалася б штосьці агульнае”.

Вылучацца беларускай мовай у войску – нажыць непрыемнасьці

Сямён Печанко cлужыў у радыётэхнічным палку ў Наваградку. Дэмабілізаваўся летам 2004 года. Пры канцы службы даслаў у “Нашу ніву” ліст са сваімі ўражаньнямі ад войска. А напачатку 2005-га пачаў друкаваць у газэце артыкулы, прысьвечаныя моўнай праблему ў сучасных Узброеных сілах Беларусі. Сёлета матэрыялы, якія друкаваліся за паўгода, увайшлі ў кнігу “У беларускім войску: падарунак прызыўніку”.

“Намінальна такая магчымасьць нібыта ёсьць. У маёй частцы нам афіцыйна казалі: хто размаўляе па-беларуску, мае права аб’яўляць каманды па-беларуску, стоячы ў нарадзе. Размаўляць з камандзірамі, са службоўцамі па-беларуску. Нам так дэкляравалася. Але на практыцы гэта практычна ніяк не рэалізоўвалася. Апроч хіба выкананьня беларускамоўных страявых песень. Існуе завядзёнка: ідучы ў сталоўку ці ў лазьню, выконвалі ў адным накірунку па-беларуску песьню, на зваротным шляху – па-расейску.

Плюс прысяга – таксама даецца права моўнага выбару. У нас гэта нават заахвочвалася, але не камандзірамі старэйшымі, а пераважна сяржанцкім складам. З вышэйшай адукацыяй былі многія хлопцы, якія нас якраз заахвочвалі. А ў асноўным цяжка самому беларускамоўнаму, бо ўсё ж ня тая абстаноўка. Вельмі розны склад і можна сказаць, што трошкі душыць асноўная шэрая маса. Боязь вылучацца. Бо войска патрабуе быць адзіным цэлым. І калі ты пачынаеш у гэтым сэнсе вылучацца мовай – хай сабе гэта і законна, але сустрэла б нейкі супраціў і з боку камандзіраў, і з боку службоўцаў”.

Сямён кажа, што армейскія песьні на беларускай мове выглядаюць на армейскі фальклор – з прымітыўнымі тэкстамі, адаптаванымі да гераічных рэаліяў сучаснага “ваяра”.

“Беларускую мову ў войску” разабралі на прэзэнты

Прадстаўнік Міністэрства абароны Вячаслаў Раменьчык кажа, што “настольнай кнігай” кожнага вайсковага кіраўніка мусіць быць расейска-беларускі слоўнік вайсковай лексыкі:

“Ён і цяпер у мяне перад вачыма на паліцы стаіць. І гэта ў кабінэце кожнага кіраўніка, у кожнай вайсковай частцы, злучэньні. Вайсковая тэрміналёгія, якая ўжываецца, статутная лексыка, то бок, тое, што запісана ў статутах, у нарматыўных дакумэнтах, у паўсядзённым жыцьці ваенных – там усё перакладзена на беларускую мову. І мы актыўна гэтым карыстаемся, калі гэта неабходна. Што да інфармацыйнай працы, то ў нас сайт трохмоўны – па-беларуску, па-расейску, па-ангельску. Таму часта выкарыстоўваем гэты слоўнік падчас перакладу.

Гэтак жа ў войску: калі перасоўваньне строем, то выконваецца вельмі шмат беларускіх песень. У нас ладзіцца традыцыйны штогадовы фэстываль салдацкай песьні. Гэта тэлевізійны фэстываль. Штогод 9 траўня ён трансьлюецца на першым канале Беларускага тэлебачаньня. І там у нас гучыць 75% песень, якія напісаныя ваеннымі аўтарамі на беларускай мове. Апроч таго, прысягу гэтаксама можна прымаць на беларускай і расейскай мове. У залежнасьці ад пажаданьня ваеннаслужачага”.

Капітан ваенна-паветраных сілаў Аляксандар Пашчанка некалькі гадоў таму выпраўлены ў запас. Быў адным з тых, хто з радасьцю прыняў беларусізацыю войска. Аднак неўзабаве імпэт разьбіўся аб рэаліі:

“Сам па сабе працэс пачаўся напачатку 1990-х. Тады немалым накладам быў выдадзены асобны падручнік “Беларуская мова ў войску”. Усё рабілася цэнтралізавана, мэтанакіравана. Але паступова ўсё гэта зьнікла, а той падручнік я забраў сабе на памяць. Таму можна казаць, што з тых спробаў нічога толкам і не атрымалася. Хоць нешта, натуральна, рабілася. Праводзіліся заняткі, ладзіліся курсы, аднак чым далей – тым меней. І паціху сышло ў нікуды. А як я яшчэ служыў у авіяцыі, дык там увогуле хутка ад гэтага адмовіліся, паколькі вельмі складанай для перакладу аказалася тэхнічная тэрміналёгія. Прынамсі, больш складанай, чым узяць тую ж пяхоту, дзе каманды больш-менш зразумелыя. А тут усё ж складаней”.

“Шагом марш” ці “крокам руш”?

Мастак Алесь Пушкін колісь спрабаваў беларусізаваць савецкіх “інтэрнацыяналістаў” у Аўганістане. Намаганьні вялікага плёну ня мелі. І за 20 гадоў, паводле Пушкіна, нічога ў сьвядомасьці людзей у пагонах не зьмянілася:

“Калі, бывае, еду ў электрычцы і правярае кантроль квіткі, бясплатны праезд, часам кантралёр з былых вайскоўцаў запытвае: о, а дзе ты служыў? Я? У Кундузе. А я, маўляў у Баграме. Ну і што? – адказваю. Што мяне радніць з гэтым чалавекам? Вось калі б ён сказаў – о, на мове беларускай гаворыш, клясна! Для мяне гэта было б куды больш бліжэй і прыхільней, чым гэтае нейкае шапачнае “аўганскае” знаёмства”.

Як паведаміў прадстаўнік міністэрства абароны Вячаслаў Раменьчык, ніякіх дадатковых захадаў, каб надаць беларускай мове роўны статус з расейскай, пакуль не плянуецца. Асноўнай мовай арміі па-ранейшаму застаецца расейская.

Паводле радыё Свабода

Каментарыі (6)

# Fields Of Negura
17.10.2007 18:38

Гм, прыемная тэматыка

# Act
17.10.2007 19:52

Ці не той гэта Чыслаў, які кіраваў "Краем"?

# Агент
19.10.2007 12:21

Всё правильно. В армии должна быть дисциплина, и начинать менять восприятие языка надо с гражданского, а не с военного общества.

# Сова
21.10.2007 16:46

Безперечно національного війська небуде без національної військової термінології

# Сяржук з Барысава
24.06.2008 16:32

"Апошняе, што было зроблена ў даваенныя гады – “Беларуская краёвая абарона”, дзе ўжо была сыстэма каманд. "

БКА была створана беларускiмi патрыетамi за кошт германскiх акупантау 23 лютага 1944 года. У 1943 годзе Вiталь Мiкула выдау Страявы статут, з якiм вы можаце пазнаемiцца тут

http://bka-by.livejournal.com/529.html#c...

# admin
24.06.2008 16:38

2 # Сяржук з Барысава:

дзякуем, цікава.

Дадаць каментарый