18:00 28.11.2008
Падручнік па пераходзе на родную мову

На малюнку, які аздабляе вокладку падручніка па хуткім засваеньні роднай мовы, — беларуская моладзь, стылізаваная пад герояў амэрыканскага анімацыйнага серыялу "South Park" — "Мы такія розныя — мы размаўляем па-беларуску". Сама кніга па механізме магчымага ўзьдзеяньня нагадвае практычную псыхалёгію Дэйла Карнэгі, або папулярны твор Алена Кара "Лёгкі спосаб кінуць паліць". Паводле аўтараў беларускага падручніка, авалоданьне роднай мовай гэта таксама справа псыхалягічнай моцы і перамогі асабістых комплексаў. Маўляў, разняволься — і балбачы па-беларуску.
Апроч парадаў па самавыхаваньні і паводзінах у сяброўскіх кампаніях, на працы і ў грамадзкіх месцах, падручнік прапаноўвае для знаёмства беларускамоўныя рэсурсы, дзе можна уволю шукаць музыку, літаратуру і навіны на роднай мове.
Першапачаткова чытач павінен вызначыцца, які ўзровень карыстаньня беларускай яму пад сілу зараз засвоіць. Аўтары даюць магчымасьць выбіраць з чатырох «праграм»:
Максымум. «Я размаўляю па-беларуску». Ты заўсёды гаворыш па-беларуску, акрамя аднаго выпадку: калі суразмоўцу цяжка разумець беларускую мову.
Пачцівы. «Я адказваю беларускай мовай». Ты размаўляеш па-беларуску з усімі, хто да цябе зьвяртаецца па-беларуску. А таксама пішаш паведамленьні ў інтэрнэце беларускай мовай (вядзеш ЖЧ, блогі па-беларуску).
Сымпатык. «Я сымпатызую беларускай мове». Ты размаўляеш на рускай, але сымпатызуеш беларускай. Спрабуеш стварыць сабе беларускамоўнае асяродзьдзе. Заахвочваеш сваіх дзяцей вывучаць беларускую мову.
Мінімум. «Я паважаю права чалавека гаварыць сваёй мовай». Ты ставішся з разуменьнем да чалавека, які размаўляе па-беларуску.
«74,5% грамадзян 10-мільённай Беларусі лічыць роднай беларускую мову, — ў кнізе прыводзяцца вынікі апошняга перапісу насельніцтва. — Нягледзячы на гэта, па дадзеных маніторынгу лінгвістычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэта, беларуская мова сёньня зьведвае пэўныя цяжкасьці: яна амаль выключаная са справаводзтва і з ужываньня дзяржаўным чыноўніцтвам».
У сваіх развагах, разумеючы і наяўныя праблемы элементарнага страху вылучацца з натоўпу ды невалоданьня лексікай ды граматыкай, аўтары сягаюць ледзьве не рэнэсансных скарынаўскіх прадмоў і багушэвічавай прадмовы да «Дудкі»: «Кіньце пустыя дыскусіі аб тым, чаму нам варта размаўляць па-беларуску і чым беларуская мова лепшая альбо горшая. Гэта бессэнсоўныя спрэчкі. Беларуская мова лепшая, бо Яна нашая, і нам яе даў Бог».
На заканчэньне ў кнізе прыводзяцца шматлікія прыватныя гісторыі вядомых і невядомых у Беларусі людзей, а таксама ананімныя расповеды з інтэрнэту «Як я перайшоў на родную мову». У гэтых гісторыях паўстаюць і сваркі, і непаразуменьні, і каханьне на хвалі агульнага патрытычнага абуджэньня.
Ян Маўзэр, вакаліст магілёўскага гурта «Маўзер», распавядае тут пра тое, як пасварыўся з дзяўчынай, якая ненавідзела беларускую мову: «Я перайшоў на беларускую. Яна заплакала й пабегла дадому. Потым тэлефанавала прасіць прабачэньня — я размаўляў зь ёй па-беларуску».
Нехта з тых, чые гісторыі надрукаваны ў кнізе, дзеліцца ўражаньнямі ад размоў з украінцамі, калі рабілася сорамна за ўласную несвядомасьць і рускамоўнасьць. Нехта на хвалі гэтай жа несвядомасьці падхапіў ініцыятыву іншых.
Зьяўленьне гэтага прадукта — толькі першы крок, паколькі шэраг грамадзкіх акцый пачнецца пазьней. Па ўсёй Беларусі валанцёры са стужкамі і значкамі «Надоело говорить? Размаўляй!» будуць раздаваць падручнік на вуліцах, у школах і ўнівэрсітэтах. Зараз у зацікаўленых ёсць магчымасць спампаваць яго электронную версію ў фармаце pdf тут
Паводле БелаПАН




Каментарыі (4)
29.11.2008 11:44
Дзякуй пачытаю!
11.12.2008 11:51
Быў бы рады, калі б сапраўды дапамагло...
29.03.2009 00:31
ГЭЙ! дапамажыце, калі ласка, бо ў мяне не адчыняецца Падручнік...(
28.12.2009 00:03
А я ведаю беларускую мову, але мала хто размауляе на ёй у маим асяроддзи, а иншым часам здаецца,што и нават им брыдка,кали так размауляеш....цяжка у таких умовах,кали яшчэ и вучышся у акадэмии киравання, дзе увогуле цяжка выказаць свае думки...
Дадаць каментарый