F.A.Q. Трыццаць тры асноўныя пытанні

1. Хто вы і чаго хочаце?
БУНТ – гэта людзі, якія любяць сваю Радзіму і якім абрыдлі здзекі антызаконнай дыктатарскай улады над краінай і беларускім народам. Мы – пакаленне маладых беларусаў, якія хочуць жыць у вольнай заможнай еўрапейскай Беларусі, мець права на самарэалізацыю і перспектывы ў будучыні. Мы розныя, але нас яднае прага да свабоды. Мы не баімся ўзяць адказнасць за сваю будучыню.
БУНТ – гэта людзі, у якіх ёсць план. Мы не гаворым, мы дзейнічаем!

2. Якую альтэрнатыву сённяшняй Беларусі вы прапануеце?
Мы будзем жыць у свабоднай, незалежнай, дэмакратычнай, заможнай, нацыянальна арыентаванай Беларусі.
У краіне, дзе людзі працуюць да сёмага поту, але атрымоўваюць за гэта рэальныя грошы.
У краіне, дзе студэнт пасля сканчэння ўніверсітэту сам выбірае, куды ісці працаваць.
У краіне, дзе салдаты – не рабы, якія фарбуюць траву «адсюль і да абеда», а абаронцы Радзімы, якія атрымліваюць за службу адпаведныя грошы.
У краіне, у якой улада лічыць бізнэсмэнаў не "вашывымі блохамі", а людзьмі, які папаўняюць бюджэт падаткамі і ствараюць працоўныя месцы для сваіх суграмадзян.
У краіне, якая мае добрыя раўнапраўныя сяброўскія адносіны з усімі краінамі, а не выбірае сабе «старэйшага брата».
У краіне, дзе міліцыя не збівае людзей на мітынгах, а ловіць злачынцаў.
У краіне, дзе існуе свабода слова і сумлення, а грамадзяне Беларусі не падзяляюцца на «сваіх» і «чужых».
У краіне, дзе ўлады паважаюць беларускую культуру і гісторыю.
У краіне, дзе конваецца закон, і дзе не народ працуе на ўрад, але ўрад працуе для дабрабыту народа.
У краіне, дзе ты маеш перспектыўную будучыню.

3. А каго вы прапаноўваеце як альтэрнатыву Лукашэнку?
У нашай краіне хапае дастойных людзей, якія не баяцца ўзяць адказнасць за лёс краіны на сябе. Ты таксама можаш быць такім чалавекам. Лепшы прыйдзе да ўлады праз сапраўдныя выбары.

4. Якая вашая ідэалогія?
Грамадзянскі патрыятызм. Мы хочам жыць у краіне, дзе на Доме ўраду вісіць наш родны белы-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, дзе прэзідэнт гаворыць на беларускай мове, а ў школе дзеці вывучаюць праўдзівую гісторыю нашай Бацькаўшчыны. Дзе кожны грамадзянін ёсць часткаю Беларусі і можа ўплываць на яе будучыню.

5. Якімі метадамі вы дзейнічаеце?
Наш метад – негвалтоўны супраціў. Але негвалтоўная барацьба - гэты не супраціў па прынцыпу "калі цябе ўдарылі па левай шчацэ, падстаў правую". Гэта ўдар па болевых кропках суперніка. Слабое месца Лукашэнкі – падман і беззаконне, якія трымаюцца на страху і няведанні. Калі людзі адчыняць вочы і павераць у свае сілы, мы пераможам.

6. Колькі было ўжо такіх "спробаў" нешта змяніць. Дзе гарантыі, што вы пераможаце? Я не хачу падстаўляцца проста так.
Гарантыі дасць табе страхавая кампанія. Мы ж прапануем паверыць у свае сілы. Тактыка старой апазіцыі – гэта рэакцыя на дзеянні ўладаў. Наш прынцып – акцыя. Досыць абараняцца, прыйшоў час наступаць. Мы – іншыя. У нас ёсць рэальны план. Смелыя, мужныя, адказныя, крэатыўныя. Мы прыйшлі перамагаць.

7. Чым вам так не падабаецца нашая апазіцыя?
Партыйная апазіцыя цалкам дэскрэдытавала сябе за 12 год фіктыўнай барацьбы з рэжымам, патанула ў фінансавых скандалах і крызісе ідэяў. Спадзявацца на яе не выпадае. Адпаведна і наш народ не верыць у перамены, таму што не бачыць моцнай альтэрнатывы рэжыму. Старая апазіцыя штогод праводзіць адныя і тыя ж акцыі, яе лозунгі выключна палітычныя і далёкія ад простага народа. Праца непасрэдна з насельніцтвам практычна адсутнічае, інфармацыя распаўсюджваецца выключна сярод сваіх. Лідэры апазіцыі займаюцца толькі тым, што ездзяць на заходнія канферэнцыі і зарабляюць грошы. Мы гатовы працаваць з усімі, хто бачыць сваёй мэтай паляпшэнне сітуацыі ў краіне, але супрацоўнічаць дзеля выніку, а не дзеля самаго факту супрацоўніцтва. Апазіцыя шмат гаворыць, мы прапануем табе дзейнічаць!

8. А дзе вы раней былі?
Мы чакалі актыўных дзеянняў ад апазіцыйных лідэраў. Сёння зразумела, што спадзявацца можна толькі на сябе. БУНТ – гэта перадусім заклік да актыўнага дзеяння. Людзі на плошчы ў сакавіку 2006 года стаялі не за Мілінкевіча, а за сябе і за сваю будучыню. Гэтыя людзі не звязаныя з партыйнай апазіцыяй, пераадолелі страх і гатовыя да рэальных дзеянняў. І менавіта моладзь, а не партыі, стане той рэальнай рэвалюцыйнай сілай, з якой пачнецца шырокі народны пратэст. Калі кожны зразумее, што менавіта ад яго залежаць перамены ў Беларусі, мы пераможам. Нас шмат. Пакажы людзям, што табе не ўсё роўна, і яны стануць побач! Пераадолей страх унутры сябе, павер ва ўласныя сілы – і дыктатура Лукашэнкі разваліцца.

9. Безумоўна, у нашай краіне ёсць праблемы, але няўжо ў гэтым вінаваты прэзідэнт?
Прэзідэнт - гэта кіраўнік дзяржавы. Адпаведна ён нясе адказнасць за ўсё, што адбываецца ў краіне. Праблемы Беларусі – гэта праблемы неэфектыўнай сістэмы кіравання, калі ўся ўлада фактычна знаходзіцца ў руках аднаго чалавека, а ўвесь чыноўніцкі апарат выбіраецца не па прынцыпу здаровай канкурэнцыі, а прызначаецца зверху, засноўваючыся на лаяльнасці таго ці іншага чыноўніка ў адносінах да рэжыму. Замест таго, каб рашаць канкрэтныя праблемы людзей, лялечны ўрад штодзень рыхтуецца ці то да вайны з Захадам, ці то з Расеяй, ці то з кароўімі надоямі. Кожны з нас таксама вінаваты ў тым, што ў Беларусі кепска жыць. Абыякавасць толькі павялічвае колькасць праблемаў. Памятай: ніхто акрамя цябе не зменіць сітуацыю ў краіне. Не бойся ўзяць адказнасць за свой лёс. Будзь, нарэшце, грамадзянінам, а не пасіўнай шэрай масай.

10. А навошта нешта мяняць? У нас усё стабільна. Мяне ўсё задавальняе.
Стабільна ў нас толькі абыякавасць народа да ўласнага жыцця і будучыні сваіх дзяцей. Нават Расея зразумела ўсю бесперспектыўнасць працы з Лукашэнкам і перакрыла доступ да таннага газу і нафты.
Хіба для цябе стабільна жыць у Беларусі, дзе ўся ўлада знаходзіцца ў руках псіхічна хворага дыктатара?
У Беларусі, дзе прэзідэнт вырашае, якую музыку табе слухаць і якія значкі насіць?
У Беларусі, дзе студэнтаў прымушаюць працаваць у Чарнобыльскай зоне?
У Беларусі, дзе народ жыве ад зарплаты да зарплаты?
У Беларусі, дзе ўлада фальсіфікуе вынікі выбараў і плюе на Канстытуцыю?
У Беларусі, дзе знікаюць вядомыя палітыкі, а тысячы людзей трапляюць у турмы за права думаць інакш, чым гаворыць дыктар з дзяржаўнага тэлебачання?
У Беларусі, “краіне-ізгоі”, з якой смяецца ўвесь цывілізаваны свет?

11. Няўжо вам так кепска жывецца? На ежу не хапае?
Калі ты думаеш, што жыццё мераецца колькасцю з’едзеных за месяц катлет, то, павер, нам хапае і на ежу, і на вопратку, і на чарку, і на шкварку. Але хочацца, каб чалавек меў столькі, колькі здольны зарабіць. А не столькі, колькі табе адмералі.

12. Ёсць жа прыклады "каляровых" рэвалюцый ва Украіне і Грузіі. Няўжо вы думаеце, што там стала жыць лепш?
Так, мы думаем, што гэтыя краіны сталі на правільны шлях развіцця. Сёння Еўразвяз і замежныя інвестары выдаткоўваюць сотні мільёнаў даляраў на развіццё эканомікі гэтых краін. Зразумела, у адзін дзень цуд не адбудзецца і любую краіну пасля змены кіруючых эліт чакае крызіс. Яго можна пераадолець пры граматнай эканамічнай палітыцы новай улады, гэта падцвярджаюць прыклады Літвы, Польшчы, Чэхіі, якія таксама прайшлі праз “аксамітныя” рэвалюцыі і дзе зарплаты ў 3 разы вышэйшыя за беларускія пры такіх жа ж коштах на тавары. Людзі там больш не баяцца патрапіць у турму за выказванне сваіх думак. Моладзь там мае перспектывы і магчымасць самарэалізацыі.

13. Добра, але новая ўлада пачне распрадаваць і раскрадаць краіну! Гэты хоць ужо навараваўся…
Тое, што так рабіў і працягвае рабіць "усенародна абраны змагар з карупцыяй" яшчэ не значыць, што так робяць усе. Для таго, каб фінансы не ішлі “налева”, патрэбнае дакладнае раздзяленне ўладаў на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. У нашай краіне ёсць сумленныя, граматныя спецыялісты, якія не дапусцяць краху эканомікі пасля змены ўладаў. Мы выступаем за падтрымку прыватнага бізнэсу, але стратэгічна важныя прадпрыемствы абавязкова павінны заставацца ў дзяржаўнай уласнасці.

14. Гэта ўсё глупста. Прыйдзе час і усё само сабою зменіцца.
Безумоўна. Магчыма, нават нашыя ўнукі дажывуць да гэтага дня. Пачакаем?

15. Вас шмат?
Так, нас шмат. Але многія пакуль што баяцца выказаць свой актыўны пратэст дыктатуры. Пераадолей страх! Стань побач з намі! У адзіночку нічога не атрымаецца. Нам патрэбны ТЫ!

16. Хто ў вас галоўны?
У нас няма галоўнага. Ёсць людзі, якія з’яўляюцца прыкладам для іншых. БУНТ не мае строгай ерархічнай структуры і аднаго лідэра, а складаецца з асобных арганізаваных групп і аддзелаў па пэўных кірунках дзейнасці, якія фактычна не перасякаюцца між сабою і ўскосна кантраляюцца Кааардынацыйным цэнтрам руху. Кожнаму знойдзецца месца па інтарэсах і здольнасцях. Далучайся!

17. Да вы проста дзеці! Вы не здольныя нічога змяніць. Навошта вы падстаўляеце непаўнагадовых?
Па-першае, мы – вашыя дзеці. Па-другое, калі дарослыя выбіраюць адсіжвацца дома, адказнасць за краіну на сябе вымушана браць моладзь. Свабода – гэта не цыгарэты і не алкаголь, можна і да 18-ці.

18. БУНТ - гэта праект Маладога Фронту/Зубру/БНФ/АГП/...
У БУНТ прыходзяць як людзі з розных палітычных структураў, так і тыя, хто ніколі не быў сябрам палітычных арганізацый. Удзел у БУНТ’е не выключае магчымасці ўдзелу ў палітычнай партыі. БУНТ ахоплівае не толькі людзей, сімпатызуючых пэўным партыям, але і людзей, якія разупэўніліся ў апазіцыі ці не цікавяцца палітыкай. БУНТ – гэта перадусім заклік да актыўнага дзеяння.

19. БУНТ - палітычная партыя.
Няпраўда: палітычныя партыі – гэта арганізыцыі, якія змагаюцца за ўладу. Бунт змагаецца за свабоду і лепшае жыццё. У партый ёсць лідэры, у БУНТа ёсць ідэя.

20. У мяне шмат родзічаў у Расеі. Я баюся, што пасля змены ўлады вы аб’явіце Расею ворагам №1.
Мы лічым, што Беларусь павінна будаваць раўнапраўныя сяброўскія адносіны з усімі краінамі, а не выбіраць сабе «старэйшага брата». Што тычыцца Расеі, то ў будучым - гэта адзін з асноўных стратэгічных эканамічных партнераў Беларусі.

21. Якія вашыя погляды адносна моўнай палітыкі ў будучай Беларусі?
Мы выступаем за дзьвюхмоўе – беларускую і рускую. Але беларускай мове павінен быць нададзены прыярытэтны статус на практыцы, а не на паперы. Новая ўлада будзе паважліва ставіцца да беларускай культуры і гісторыі, будзе праводзіць палітыку пашырэння ўжывання беларускай мовы ў школах, нацыянальна арыентаваным прадпрыемствам будуць прадстаўляцца падатковыя палёгкі і гэтай далей. Гвалтам беларуская мова насаджацца не будзе.

22. Я не хачу, каб мая краіна ўступала ў Еўразвяз і NATO.
Гэта ваша права. Нам патрэбна самастойная незалежная Беларусь, дзе народ сам можа вырашаць, што яму трэба. Беларусь, дзе кожны грамадзянін ведае, што яго голас будзе ўлічаны. Рашэнні пра ўступленне ў які-кольвек міжнародны саюз будуць прымацца выключна шляхам усенароднага рэферэндума.

23. Я вас падтрымліваю, але баюся, што згублю працу/вучобу, мяне пасодзюць у турму.
Мы таксама баімся. Але жахлівей пражыць усё жыццё рабом і перадаць такую спадчыну дзецям. Ступіўшы на шлях барацьбы за лепшае жыццё, трэба разумець, што ён вымагае пэўных ахвяраў. На жаль, дыктатура Лукашэнкі робіць усё, каб запужаць і кантраляваць народ, таму людзей за іх погляды шантажуюць, збіваюць, садзяць у турмы, выганяюць з вучобы і працы. У новай Беларусі такога не будзе. Менавіта за гэта мы і змагаемся.

24. Няўжо вы не разумееце, што Амерыка вас проста выкарыстоўвае, а вы і рады старацца за 20 даляраў?
Ты мераеш нас па сабе? Прасцей за ўсё беспадстаўна абвінавачваць кагосці ў прадажнасці. Асабліва калі сам не маеш уяўлення пра такі панятак, як ідэя. Мы працуем на сваю Радзіму і на сваю будучыню. Мы дакладна разумеем, чаго хочам і якімі метадамі гэтага можна дасягнуць.

25. Вы хочаце сказаць, што працуеце выключна за свае грошы? Не смяшыце мяне!
На правядзенне акцый, выданне соцен тысяч газэт і ўлётак патрэбныя грошы, і не маленькія. Часткова мы аддаем у справу свае, часткова – нам дапамагаюць нашыя людзі як з Беларусі, так і з-за мяжы. Ты таксама можаш дапамагчы. Мы не адмаўляемся ад любой фінансавай дапамогі пры адной умове: аказанне патрымкі не дае права ўплываць на нашыя мэты, стратэгію і тактыку.

26. Мне будуць плаціць за ўдзел у вашай арганізацыі?
НЕ! Пасля такога пытання больш нават размаўляць не будуць.

27. Навошта вам патрэбная гэтая палітыка? Сядзелі б дома, спакойна б пілі піва з сябрамі.
Таму што мы любім нашую Радзіму і хочам мець перспектыўную будучыню. Таму што мы хочам адчуваць сябе людзямі, а не быдлам. Жыць па сумленню. Не мірыцца з несправядлівасцю, а змагацца з ёю. Мы не баімся быць адказнымі за свой лёс.

28. Вы вулічнымі акцыямі і флэшмобамі рэвалюцыю збіраецеся зрабіць?
Не. Каб перамагчы, нам трэба дастукацца да сэрца кожнага беларуса, а гэта значыць, пакрыць усе кірункі працы, працаваць з усімі мэтавымі групамі, данесці інфармацыю ў кожны куточак нашай краіны. У БУНТ’е знойдзецца месца па інтарэсах і здольнасцях для кожнага. Мы хочам каб кожны нарэшце вырашыў сам чаго ён хоча і пачаў рабіць усё, на што ён здатны, адчуў персанальную адказнасць. І не чакаў, што за яго нехта вырашыць лёс яго Бацькаўшчыны.

29. Што вы патрабуеце ад уладаў?
-тэрміновай адстаўкі Лукашэнкі і роспуска незаконна абранага Парламенту;
-адмены вынікаў усіх антыканстытуцыйных заканадаўчых актаў;
-правядзення следчых мерапрыемстваў і прыцягнення да адказнасці ўсіх вінаватых у антыканстытуцыйных злачынствах 1994-2007 года, у тым ліку, вінаватых у знікненні (смерці) Ганчара, Захаранкі, Карпенкі, Завадскага, Красоўскага;
-вызвалення ўсіх палітычных вязняў і рэабілітацыі асуджаных па палітычных справах.

30. Вы добрыя хлопцы і дзяўчаты, але вас хутка ўсіх пасодзюць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі альбо ўвогуле за тэрарызм.
Любыя больш-менш радыкальныя дзеянні апазіцыі выклікаюць жорсткія рэпрэсіі з боку ўладаў. Моладзевыя апазіцыйныя структуры маргіналізаваны і знаходзяцца пад прыцэлам КГБ. Гэта гаворыць аб тым, што беларускаму супраціву не хапае моцнай, адпаведна заканспіраванай арганізацыі. Менавіта на такое месца прэтэндуе БУНТ. Нашыя людзі адмыслова навучаныя тактыцы негвалтоўнага грамадзянскага супраціву, арганізаваныя ў асобныя дысцыплінаваныя незалежныя групы, якія складаюць агульнарэспубліканскую сетку. БУНТ не мае строгай ерархічнай структуры, адказнасць у руху строга размежаваная, кожны займаецца толькі сваёй справаю і не ведае аб працы іншых груп. Гэта дазваляе пазбегнуць небяспекі спынення працы ўсёй структуры ў выпадку арышту асноўных фігур руху. Нашыя людзі смелыя і мужныя, рэпрэсіі нас не спыняць, а наадварот, дадуць дадатковы запал для барацьбы. Наколькі б моцным не быў ціск, але супраціў, які ахопіць кожны беларускі горад і мястэчка, улады будуць спыніць не ў стане. Будзь разам з намі! Толькі разам мы пераможам!

31. Вы - лайдакі, толькі і можаце, што ў інтэрнэце піарыцца ды сцены пэцкаць.
Далучайся, распавядзеш нам, як трэба змагацца па-сапраўднаму. Будзем спрабаваць працаваць лепш.

32. Вы здаецеся мне надта радыкальнымі, змены павінны адбывацца паступова і эвалюцыйна, наш народ не зразумее вас.
Наш народ не такі дурны, як вы думаеце. А згодна з эвалюцыйнай тэорыяй Дарвіна змены адбываюцца на працягу тысячагоддзяў. У нас няма часу чакаць – мы хочам жыць ужо сёння, а не існаваць пад прыгнётам злачыннай улады. Нам не патрэбны ратацыйны псеўдалідэр, імітацыя перамоваў з рэжымам і пракламацыі адарваных ад рэчаіснасці ідэй. Нам надакучыла! Прыйшоў час перамагаць, а не імітаваць барацьбу.

33. Што будзе з БУНТ’ам пасля перамогі?
Не пераскочыўшы рэчкі, не кажы “гоп”. Мы прынялі для сябе важнае правіла – пакуль у Беларусі не зменіцца ўлада, не абмяркоўваць механізмаў далейшых дзеянняў. У любым выпадку, адной з задач БУНТ’у ёсць выхаванне генерацыі маладых прафесіяналаў для працы ў абсалютна розных грамадска-палітычных сферах. Не сумняемся, што актывісты БУНТ’у і пасля перамогі будуць працаваць на карысць нашай Бацькаўшчыны.