00:48 09.02.2008

Знойдзены апошні прыстанак «галубкі» Каліноўскага

Беларуская Нацыянальная Памяць даўно мела жаданьне адшукаць магілу таямнічай Марыські, сяброўкі кіраўніка нацыянальна‑вызвольнага паўстаньня 1863 г. у Беларусі Кастуся Каліноўскага. Гэта ёй прысьвяціў ён свой адзіны вядомы верш. І вось 6 лютага пахаваньне Марыі Ямант было знойдзена на Паванзкоўскіх могілках у Варшаве.

На жаль, зьвестак пра Марыю Ямант маем пакуль няшмат. Нявеста Каліноўскага нарадзілася ў 1842 годзе (раней лічылася, што год яе нараджэньня 1843). Прымала ўдзел у паўстаньні разам са сваім братам, які быў блізкім сябрам Каліноўскага і за ўдзел у паўстаньні быў закатаваны. Рэпрэсіі закранулі і Марыю. Да сярэдзіны 1870‑х гадоў яна была разам з сям’ёй у ссылцы ў Сібіры. У 1874 г. Марыя Ямант вярнулася з высылкі і доўгі час заставалася самотнай, захоўваючы вернасьць памяці свайму нарачонаму. Ужо у сталых гадах яна выйшла замуж за былога паўстанца Войцеха Дмахоўскага. Памерла ў Варшаве 3 верасьня 1908 году ва ўзросьце 66 гадоў. Раней дата сьмерці была невядомая беларускім гісторыкам.

Паводле bielarusnp.blogspot.com


Верш Кастуся Каліноўскага, прысвечаны Марысі і напісаны ў вязьніцы незадоўга да смерці:

Марыська чарнабрэва, галубка мая,
Гдзе ж падзелася шчасце і ясна доля твая?
Усё прайшло,- прайшло, як бы не бывала,
Адна страшэнна горыч у грудзях застала.

Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці
Ды ў прадвечнага саду вялеў прападаці,
То мы прападзем марна, но праўды не кінем,
Хутчэй Неба і шчасце, як праўду, абмінем.

Не наракай, Марыся, на сваю бяздолю,
Но прыймі цяжкую кару Прадвечнага волю,
А калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся,
То я з таго свету табе адазвуся.

Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе.
І часам спамяні пра Яську твайго,
Што згінуў за праўду для дабра твайго.

А калі слова пяройдзе у дзела,
Тагды за праўду станавіся смела,
Бо адно з праўдай у грамадзе згодна
Дажджэш, Народзе, старасці свабодна.

Фотаздымкі:

Каментарыі (2)

# Актывіст
09.02.2008 00:51

Вечная памяць героям барацьбы за волю Радзімы! Слава нацыі, смерць ворагам! Жыве Беларусь!

# PATRYET1918BNR
14.02.2008 17:44

Павага людзям з Беларускай Нацыянальнай Памяці, патрэбнай справай займаюцца.
Гэта як раз тое, чаго нам, Беларусам зараз не хапае напэўна больш за ўсё- Герояў, якіх
Мы павінны памятаць, чыіх поглядаў мы павінны прытрымлівацца, каб не згубіць саміх сабе!
Беларусь мае сваіх Герояў!!! Слава Нацыі ! Смерць ворагам ! Жыве Нацыянальная Рэвалюцыя!!!!

Дадаць каментарый