Маніфест

Мы, маладыя грамадзяне Беларусі,
- якія любяць сваю Радзіму,
- якія ўпэўнены ў тым, што беларускі народ варты лепшага жыцця,
- якія вераць, што сітуацыю ў краіне можна выправіць у лепшы бок,

заяўляем аб тым, што мы больш не будзем мірыцца з праізволам злачыннай улады і аб’яўляем аб пачатку агульнанацыянальнай кампаніі актыўнага супраціву, якая прывядзе да замены дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі на дэмакратычна абраны законны беларускі ўрад.


Беларусь - гэта твая краіна, і толькі табе вырашаць, якой яна павінна быць. Сёння прыйшоў час выбіраць, як жыць далей. Чакаць месію, які павядзе народ за сабой, альбо ужо сёння ўзяць адказнасць у свае рукі. Быць паслухмяным апатычным быдлам альбо гаспадаром свайго жыцця. Існаваць альбо жыць.


Падумай, у якой Беларусі ты хочаш жыць. У Беларусі, дзе ўся ўлада знаходзіцца ў руках псіхічна хворага дыктатара? У Беларусі, дзе ўлада фальсіфікуе вынікі выбараў і плюе на Канстытуцыю? У Беларусі, дзе знікаюць вядомыя палітыкі, а людзі трапляюць у турмы за права думаць інакш, чым гаворыць дыктар з дзяржаўнага тэлебачання? У Беларусі, дзе прэзідэнт вырашае, якую музыку табе слухаць і якія значкі насіць? У Беларусі, дзе студэнтаў прымушаюць працаваць у Чарнобыльскай зоне? У Беларусі, дзе народ жыве ад зарплаты да зарплаты? У Беларусі, дзе лялечны ўрад штодзень рыхтуецца ці то да вайны з Захадам, ці то з Расеяй, ці то з кароўімі надоямі? У Беларусі, “краіне-ізгоі”, з якой смяецца ўвесь цывілізаваны свет?


Хопіць! Так жыць ненармальна.

Нармальна - жыць у свабоднай, незалежнай, дэмакратычнай, заможнай, нацыянальна арыентаванай Беларусі. Нармальна жыць у краіне, дзе людзі працуюць да сёмага поту, але атрымоўваюць за гэта рэальныя грошы. Нармальна жыць у краіне, дзе студэнт пасля сканчэння ўніверсітэту сам выбірае, куды ісці працаваць. Нармальна жыць у краіне, дзе салдаты – не рабы, якія фарбуюць траву «адсюль і да абеда», а абаронцы Радзімы, якія атрымліваюць за службу адпаведныя грошы. Нармальна жыць у краіне, у якой улада лічыць бізнэсмэнаў не "вашывымі блохамі", а людзьмі, які папаўняюць бюджэт падаткамі і ствараюць працоўныя месцы для сваіх суграмадзян. Нармальна жыць у краіне, якая мае добрыя раўнапраўныя сяброўскія адносіны з усімі краінамі, а не выбірае сабе «старэйшага брата». Нармальна жыць у краіне, дзе міліцыя не збівае людзей на мітынгах, а ловіць злачынцаў. Нармальна жыць у краіне, дзе існуе свабода слова і сумлення, а грамадзяне Беларусі не падзяляюцца на «сваіх» і «чужых». Нармальна жыць у краіне, дзе на Доме ўраду вісіць наш родны белы-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, а прэзідэнт гаворыць на беларускай мове. Нармальна жыць у краіне, дзе выконваецца закон, і дзе не народ працуе на ўрад, але ўрад працуе для дабрабыту народа. Нармальна жыць у краіне, дзе ты маеш перспектыўную будучыню.

Памятай: ніхто акрамя цябе не зменіць сітуацыю ў Беларусі. Партыйная апазіцыя цалкам дыскрэдытавала сябе за 12 год фіктыўнай барацьбы з рэжымам, патанула ў фінансавых скандалах і крызісе ідэяў. Спадзявацца на яе не выпадае. Адпаведна і наш народ не верыць у перамены, таму што не бачыць моцнай альтэрнатывы рэжыму.


Апазіцыя шмат гаворыць, мы прапануем табе дзейнічаць! Пакажы людзям, што табе не ўсё роўна, і яны стануць побач! Пераадолей страх унутры сябе, павер ва ўласныя сілы – і дыктатура Лукашэнкі разваліцца.

Далучайся да негвалтоўнага супраціву! За намі - праўда. Разам мы пераможам!


БУНТ – гэта перадусім заклік да актыўнага дзеяння. БУНТ паўстаў, каб зрынуць антызаконную ўладу Лукашэнкі. БУНТ паўстаў, каб Беларусь стала свабоднай і дэмакратычнай краінай. БУНТ паўстаў, каб падняць людзей на барацьбу за сваё права на выбар і права на волю. БУНТ ідзе да канца, а гэта значыць, да Перамогі.

Вуліца – месца нашага дзеяння, мабілізацыя людзей для шырокага грамадскага пратэсту – наша асноўная задача. Негвалтоўны актыўны пратэст – адзіны шлях да перамогі.

Мы ведаем, як змяніць сітуацыю ў Беларусі ў лепшы бок. Але ў адзіночку нічога не будзе. Нам патрэбны ТЫ!


Беларусь – твой дом, а не стойла для хамскай улады. Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу. Хопіць баяцца і цярпець. Далучайся да негвалтоўнага супраціву. Змагайся за волю Бацькаўшчыны!


БУНТУЙ!