16:27 06.07.2007

У цэнтры Менску зноў разбурылі гістарычныя будынкі

У гістарычным цэнтры Менску зьнішчылі чарговыя будынкі зь дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў.

Гэта дамы ХІХ стагодзьдзя ў дварох вуліцы Інтэрнацыянальнай. Стала вядома, што наступнымі ахвярамі “бульдозэрнай рэстаўрацыі” будуць старыя дамы на вуліцы Камсамольскай, якія “замінаюць” функцыянаваньню новага офісна-паркінгавага комплексу на Нямізе.

Раён Старога гораду ў Менску ўсё менш нагадвае гістарычны цэнтар-помнік. Дамы, што “аднаўляюцца” па татальнай перабудове, збольшага ня маюць нічога агульнага з прататыпам.

Але і гэта паўбяды — некаторыя будынкі папросту руйнуюцца, каб вызваліць месца спарудам са шкла і бэтону.

“Мэтадычна зьнішчаюцца эпохі, якія былі да Лукашэнкі”

Гэтымі днямі за фасадамі будынкаў на вуліцы Інтэрнацыянальнай бураць пабудовы ХІХ стагодзьдзя.

Як кажа гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі, што паўстане на гэтым месцы, ведаюць, праўдападобна, толькі ініцыятары архітэктурнай рэвалюцыі, што адбываецца ў Менску. Прынамсі, з грамадзкасьцю адносна гістарычнай часткі сталіцы раіцца ўжо даўно кінулі:

“Калі помнікі, якія цяпер былі зьнішчаныя, унесеныя ў рэестар, у сьпіс, шматкроць зацьверджаныя на розных узроўнях, то мы сутыкаемся з тым, што ў нашай краіне ўсё гэтае заканадаўства, усе гэтыя паперы, сьпісы нічога ня значаць, яны нікога і ні да чаго не прывязваюць. Усё робіцца таемна, уціхую, нас ставяць ужо перад фактам зьнішчэньня. Ну, што яшчэ можа зрабіць грамадзкасьць паводле факту?

Калі пра гэтыя пляны не было вядома ні Таварыству аховы помнікаў, калі гэтыя пляны не былі надрукаваныя, не расказвалася, што там будзе, у гарадзкой прэсе менскай, як гэта рабілася колісь. Мы маем справу са сьвядомым, мэтадычным зьнішчэньнем усёй старасьветчыны ў нашай краіне, з усім тым, што нагадвае пра эпохі да Лукашэнкі”.

Ёсьць зьвесткі, што падобны лёс можа напаткаць і іншыя гістарычныя будынкі, разьмешчаныя побач.

Паводле інфармацыі Сяргея Харэўскага, бульдозэрная атака можа пайсьці на будынак старой пошты ХVIII cтагодзьдзя — цяпер гэта дом №6 на вуліцы Камсамольскай, які выходзіць фасадам на Нямігу. Дом нібыта замінае аўтамабільнаму руху ў раёне паркінгу, што паўстаў насупраць “Гандлёвага дому “На Нямізе”.

“Тое, што адбываецца, — трагедыя”

Калі галоўным дзяржаўным інспэктарам аховы гістарычна-культурнай спадчыны Менгарвыканкаму быў Уладзімер Папруга, ён намагаўся хаця б мінімізаваць маштаб зьнішчэньня бясцэнных помнікаў, — за што ўрэшце і пазбавіўся пасады.

Цяпер архітэктар кажа, што зьнішчэньне Верхняга гораду практычна непадкантрольнае:

“Проста трагедыя — тое, што адбываецца. Іншыя меркаваньні ўжо даўно не разглядаюцца. Пасьля 2000 году фактычна пачаўся гэты разбой. То бок, у 2000-м улада зрабіла гэткі рэвэранс, які падаваўся людзям зацікаўленым у прынцыпе пазытыўным крокам.

Быў калісьці інвэстар, які прэтэндаваў на гэтую пляцоўку, на Нямізе, і зьбіраўся збудаваць там паркінг. Быў абвешчаны конкурс у 1999 годзе, і гэты конкурс адбыўся, выйграў яго архітэктар Грэчын, ягоная творчая майстэрня. Гэта была, у існасьці, паркоўка.

А пазьней Ярмошын вырашыў падсадзіць сваіх інвэстараў, і была выкарыстаная дубіна закону “Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны”.

“Любы аб’ект пасьля ста гадоў — гістарычная каштоўнасьць”

Археоляг Сяргей Тарасаў зважае на тое, што сёньня ўсе працы на так званай “рэстаўрацыі” гістарычных аб’ектаў праводзяцца без папярэдніх, грунтоўных археалягічных дасьледаваньняў. Іншымі словамі, будаўнікі пад новымі мурамі навечна хаваюць унікальныя сьведчаньні беларускай гісторыі:

“Калі падыходзіць з гледзішча юнэскаўскіх хартый, у прыватнасьці, Хартыі ІКАМОС, то любы аб’ект па прашэсьці ста гадоў ужо можа ўяўляць гістарычна-культурную каштоўнасьць і спадчыну. Для любога народу, разумееце?

То бок, сто гадоў прайшло, і ўжо можна будынку надаваць статус каштоўнасьці й клапаціцца аб гэтым ня толькі на нейкім нацыянальным, дзяржаўным узроўні, але і на міжнародным. Так што, тое, што мы тут маем, безумоўная каштоўнасьць, пытаньняў няма, канечне... А-я-яй, экскаватарам, усё робяць экскаватарам”.

Як сьведчаць спэцыялісты, пасьля пачатку татальнай перабудовы Верхняга гораду ў Менску засталося два дзясяткі аўтэнтычных пабудоваў дасавецкага пэрыяду. Але нават гэтыя адзінкі зьнікаюць з хуткасьцю, якая пужае.

Паводле радыё Свабода

Фотаздымкі:

Каментарыі (1)

# Мурзік
06.07.2007 19:40

Пра Гародню ўсе гавораць, а на наш Менск забыліся. Між іншым, тут у разы менш такіх будынкаў, як у Гародні.

Дадаць каментарый