10:58 16.04.2008

Пачаўся суд па справе "14-ці". Абнаўляецца

17.45 Апыталі ўсіх сьведак з боку міліцыі. Абвясьцілі перапынак да заўтра.

17.40 Дапытваюць кіраўніа падразьдзяленьня ДАІ Ўладзімера Гаркуна. Супрацоўнікі ДАІ не адказаюць, чаму выклікалі спэцназ міліцыі, чаму не забясьпечылі нармалёвы рух.

16.30 Працэс аднавіўся. Дапытваюць спэцназаўца міліцыі Зьмітра Коршуна.

16.25 “Непраўдзівымі выглядаюць паказаньні міліцыянтаў пра тое, што ў іх шэрагі ляцелі сьнежі. У той дзень у Менску было вельмі вільготна. Сьнегу ніякага не было. Відавочна, што ўлады ня маюць адзінай выверанай пазыцыі. Колькі сьведкаў, столькі і пунктаў гледжаньня. Вельмі часта яны ўзаемавыключныя”, - так пракамэнтаваў “Свабодзе” выказаньні сьведкаў адзін з удзельнікаў працэсу Міхаіл Пашкевіч.

16:23 Дапытаны сьведка Караваеў. Ён расказваў ужо пра падзеі 10 студзеня. Караваеў сказаў, што бачыў, як дэманстранты несьлі расьцяжкі, на якіх прозьвішча прэзыдэнта было напісана з абразьлівымі словамі.

Таксама ён зазначыў, што з адлегласьці 300 м бачыў, як абвінавачаныя білі шкло ў аўтобусе маршруту №100. "У мяне вельмі добры зрок, таму мяне і ўзялі ў міліцыю", -- сказаў Караваеў.

Яшчэ засталося дапытаць каля 10 сьведкаў па справе 10 студзеня. І напэўна сёньня ўсе ня будуць апытаныя.

Тым часам судзьдзя Ільіна -- між іншым яна выносіла апошні прысуд Клімаву -- працягвае рабіць заўвагі падсудным за паводзіны падчас працэсу, у прыватнасьці, Тацяне Цішкевіч і Міхаілу Пашкевічу. Ільіна сказала, што яшчэ адна заўвага, і падсудныя будуць выдаленыя з залі суду.

15:31 Сьведка Сірач заявіў, што добра бачыў момант удару. Па ягоных словах, удар быў нанесены правай рукой. Андрэй Кім -- ляўшун.

15:02 Сьведка Блішчоў прызнаўся, што ня бачыў, як Кім наносіў удар Сычову, а ведае гэта толькі са словаў напарніка.

14.57 Пачаўся допыт сьведкаў.

14:52 Сычоў, у сваю чаргу, заявіў, што Кім нанёс яму адзін удар у твар, недалёка ад ГУМу, калі моладзь спрабавала прарваць ланцуг ДАІ. Андрэй Кім адмаўляе гэта.

14:32 Дае паказаньні Андрэй Кім. Ён дае паказаньні толькі па 21-га студзеня. Хлопец сказаў, што ўпершыню бачыць пацярпелага Сычова толькі ў пастарунку. Сказаў таксама, што нікога не зьбіваў.

14:23 Працэс адноўлены. Усе іншыя абвінавачаныя адмовіліся даваць паказаньні.

12:50 Уладзімер Сяргееў адмовіўся даваць паказаньні, бо лічыць суд несправядлівым.

Міхаіл Пашкевіч адзначыў, што быў на акцыі таму, што ягоны бацька прадпрымальнік, а ўказ Лукашэнкі паўплываў на становішча сям’і й ён прыйшоў выразіць свой пратэст замест бацькі.

Міхаіл Крываў сказаў, што акцыя мела мірны і негвалтоўны характар. І як у эўрапейскіх краінах, гарадзкія ўлады мусілі прадугледзець запасныя варыянты руху транспарту.

Хоць хадатайніцтва вядзеньня працэсу па-беларуску было адхілена, адвакат Галіеў папрасіў, каб тыя рэплікі, якія казаліся па-беларуску, запісваліся таксама па-беларуску.

У працэсе абвешчаны перапынак да 14 гадзін.

12:45 У залі суду праходзяць допыты абвінавачаных. Апыталі Міхаіла Пашкевіча й Міхаіла Крывава.

12:25 Большасьці ўдзельнікаў групы падтрымкі па адным і парамі ўдалося ўцячы дварамі. Рэшта — 4 чалавекі — у суправаджэньні 8 спэцназаўцаў дайшлі ўжо да «Мотавела».

12:05 Тым часам у судзе ніхто з абвінавачаных не прызнаў сваёй віны. Абвінавачаньне падсудных грунтуецца на паказаньнях сьведкаў, фота- і відэаздымках.

12:00 Пасьля невялікай паўзы ды перамоў з начальствам эскорт з 15 байцоў спэцназу павёў групу падтрымкі далей на паўднёвы ўсход па вуліцы Леніна, у бок Трасьцянецкай вуліцы.

11:50 Тым часам групу падтрымкі з‑пад сьценаў суду «давялі» аж да станцыі мэтро «Першамайская», гэта недзе за кілямэтар ад суду. Аднак у мэтро актывістам спускацца не даюць. Адзін з спэцназаўцаў сказаў: «будзем гуляць пакуль не сьцямнецца».

11:35 Хадайніцтва адносна перакладчыка й вядзеньня працэсу па-беларуску адхіленае з тым тлумачэньнем, што «накіраванае на зацягваньне працэсу».

11:30 Людзей з партрэтамі адціскаюць з-пад будынку суду. Тыя не супраціўляюцца й ідуць паперадзе міліцыянтаў з паднятымі партрэтамі.

11:15 У разглядзе справы абвешчаны перапынак. На працэсе прысутнічаюць усе абвінавачаныя. Зьявіўся пацярпелы — Ігар Сычоў. Дзяржаўным абвінаваўцам зьяўляецца намесьнік пракурору Цэнтральнага раёну Менску Андрэй Рамашэўскі. Прайшло азнаямленьне зь біяграфічнымі зьвесткамі падсудных.

Міхаілам Пашкевічам, Антонам Койпішам, Алесем Стральцовым і Арцёмам Дубскім было заяўлена хадайніцтва, каб працэс і справаводзтва вяліся на беларускай мове. Дзяржабвінаваўца сказаў, што гэтае хадайніцтва немагчыма задаволіць, бо, паводле ягоных слоў, усе абвінавачаныя павінны добра валодаць расейскай мовай, бо ўсе вучыліся ў школах, унівэрсытэтах і іншых навучальных установах. Рамашэўскі таксама заявіў, што Пашкевіч нарадзіўся ў Комі і дакладна мусіць валодаць расейскай мовай. Міхаіл Пашкевіч на гэта заявіў, што для яго гэтае пытаньне ёсьць прынцыповым.

Адвакаты ў працэсе:

Сьвятлана Гарбаток (у Антона Койпіша, Алеся Стальцова), Павал Сапелка (у Арцёма Дубскага, Андрэя Чарнышова) Мар’яна Цімешка (у Аляксея Бондара, Уладзімера Сяргеева) Аляксандар Галіеў (у Тацяны Цішкевіч, Міхаіла Крывава, Міхаіла Пашкевіча)

10:30 Урэшце працэс пачаўся. Абвінавачаных пусьцілі ў суд у майках з цытатай з Канстытуцыі. У залі — каля 70 чалавек. Андрэй Кім знаходзіцца ў клетцы, дзе трымаюць абвінавачаных, якіх прыводзяць са сьледчага ізалятару. Астатнія абвінавачаныя сядзяць на пярэдніх лаўках.

10:00 У судзе Цэнтральнага раёну сталіцы пачынаецца разгляд справы ўдзельнікаў вулічных маніфэстацый 10 студзеня. Перад пачаткам працэсу ля будынку суду па вуліцы Кірава, 21 сабралося каля 70‑80 чалавек, якія прыйшлі падтрымаць абвінавачаных.

У залю, аднак, патрапілі толькі каля дзьвюх дзясяткаў чалавек. Сярод іх прадстаўнікі амэрыканскага й славацкага пасольстваў, некаторыя журналісты й праваабаронцы.

Цікава, што ў будынак суду не пускаюць фігурантаў справы. Справа ў тым, што ўсе яны апранутыя ў белыя майкі, на якіх сьпераду напісана «Люблю Беларусь», а ззаду — «Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацый і пікетаваньняў гарантуецца дзяржавай. Артыкул 35 Канстытуцыі РБ». Ад іх патрабуюць, каб яны зьнялі гэтыя майкі.


На лаве падсудных — адначасова аж 10 чалавек: Андрэй Кім, Міхаіл Пашкевіч, Аляксей Бондар, Уладзімер Сяргееў, Арцём Дубскі, Алесь Стральцоў, Андрэй Чарнышоў, Антон Койпіш, Міхаіл Крываў і Тацяна Цішкевіч. Кім будзе сядзець у судовай клетцы, іншыя фігуранты справы разьмесьцяцца ў залі.

Аляксандра Баразенку, Паўла Вінаградава, Міхаіла Субача і непаўналетняга Максіма Дашука будуць судзіць пазьней. Гэтая чацьвёрка нясвоечасова азнаёмілася з матэрыяламі справы, таму працэс над імі і перанесьлі на нявызначаны тэрмін.

Андрэя Кіма будуць судзіць адразу па двух артыкулах КК, апроч акцыі прадпрымальнікаў, у віну яму ставіцца зьбіцьцё супрацоўніка ДАІ на мітынгу 21 студзеня. Толькі па другой справе яму пагражае да 6 шасьці гадоў зьняволеньня.

Дадаць каментарый