12:14 21.04.2008

«Працэс 14-ці». Дзень чацьвёрты

16.20 Тацяна Цішкевіч: “Прававая сыстэма скацілася да савецкіх палітычных працэсаў 20-30-гадоў”.

16.15 Пачаў выступаць Аляксей Бондар: “Я ганаруся, што знаходжуся сярод гэтых людзей”.

16.05 М.Крываў: "Таталітарная сыстэма наступае ў тых народаў, якія ня цэняць свабоды".

16.00 Міхась Крываў: “Гэты працэс – ганьба для краіны, якая ў ХХІ стагодзьдзі прэтэндуе на званьне эўрапейскай дзяржавы”.

15.55 Алесь Чарнышоў: “Сябе вінаватым не прызнаю. Спадзяюся на нармальны аб’ектыўны прысуд”.

15.45 З апошнім словам выступае Алесь Стральцоў: “Выхад дэманстрантаў на праспэкт Незалежнасьці быў справакаваны міліцыяй... Людзі хацелі зьвярнуцца да прэзыдэнта, а не да мінакоў”. А.Стральцоў зьвінаваціў пацярпелага супрацоўніка ДАІ Юрыя Сычова, што той тыкаў гумовым дручком у дэманстрантаў. Стральцоў заявіў, што Сычоў быў нэрвовы і разгублены. Падсудны заявіў: тое, што на плошчу зьвезьлі дзяцей – гэта правакацыя. Стральцоў нагадаў пра прэзумпцыю невінаватасьці, што няма канкрэтных доказаў віны.

15.32 “Нашу моладзь такімі прысудамі не зламаць”

15.30 Выступае Уладзімер Сяргееў: “Нас вінавацяць у масавых беспарадках. Тое, што ў краіне адбываецца апошнія 14 год, гэта і ёсьць масавыя беспарадкі”.

15.20 Міхась Пашкевіч зазначыў пра паказаньні сьведкі М. Падбярозкіна: “Трэба сачыць за сваімі словамі. Нормы міжнароднага права вышэйшыя за законы пра правядзеньне мітынгаў і шэсьцяў. Людзі павінны мець права зьбірацца і выказваць свае думкі”. Прысутныя пачалі аплядаваць Пашкевічу. Судзьдзя папярэдзіла: яшчэ адны аплядысмэнты, і ўсе пакінуць залю.

15.15 Падсудныя пачалі выступаць з апошнім словам. Першы - Міхась Пашкевіч.

14.20 Адвакат Сьвятлана Гарбаток у сваім выступе зазначыла, што сьведкі-міліцыянты гаварылі агулам, а не пра дзеяньні канкрэтных асоб: “Каштоўнасьць іх паказаньняў імкнецца да нуля, паколькі яны гаварылі аб натоўпе і ніхто не казаў пра групу, якая ачольвала калёну. Ніхто са сьведкаў не пазнаў Стральцова, а Койпіша – толькі адзін... Невядома, якія падзеі меў на ўвазе намесьнік кіраўніка ДАІ Падбярозкін – 10 ці 21 студзеня. Падбярозкін – чалавек з багатым уяўленьнем, але ягоныя словы ня могуць быць пакладзеныя ў аснову прыгавору”. Яна таксама заявіла, што відэа, агледжанае ў судзе, здабытае з парушэньнем правіл збору доказаў, здымкі з КДБ не аформленыя належным чынам, на відэа адсутнічаюць індывідуальныя прыкметы.

13.20 Судзьдзя абвесьціла перапынак да 14 гадзін.

12.25 Пракурор запатрабаваў прызначыць пакараньне А. Кіму – 2 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму , М. Пашкевічу, А. Дубскаму і А. Бондару – па 2 гады абмежаваньня свабоды – на так званай хіміі, астатнім – па 2,5 гады папраўчых працаў па месцы іх працаўладкаваньня. Тацяна Кім, маці грамадзкага актывіста Андрэя Кіма, расплакалася на працэсе.

12.05 Пракурор прызнаў, што ў часе акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня не было перабояў у працы “хуткай дапамогі” і што да справы нельга далучаць зьвесткі пра ўпушчаную выгаду прадпрыемстваў ад гэтай акцыі, у тым ліку грамадзкага транспарту.

11:40 Чарговы дзень працэсу ў справе ўдзельнікаў студзеньскай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў распачаўся са спазьненьнем. На пачатку паседжаньня судзьдзя адмовілася дапытаць сьведкаў з боку абвінавачаных, бо судовае сьледзтва скончылася.

Пачаліся судовыя спрэчкі.

Каментарыі (2)

# Катя
21.04.2008 13:12

УРОДЫ

# Vojša Milavid
21.04.2008 18:27

abnaŭliajecca... http://nicolaev.livejournal.com/698305.h...
Апошняе слова бунтаўца Антона Койпіша на судзілішчы-14:
http://nicolaev.livejournal.com/698068.h...

Дадаць каментарый