11:32 22.04.2008
"Працэс 14-ці" - фінал

Андрэй Кім пойдзе ў турму на паўтара году, Уладзімер Сяргееў і Антон Койпіш заплацяць 3,5 млн рублёў штрафу, астатнія 7 чалавек атрымалі па 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў калёніі адкрытага тыпу.
Далей - он-лайн рэпартаж з сённяшняга судовага працэсу.
15.30 Усе асуджаныя прызналі прысуд занадта жорсткім і несправядлівым і заявілі, што будуць абскарджваць рашэньне суду ў судах вышэйшай інстанцыі і паведамяць аб прысудзе ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
15.10 На Аляксандра Атрошчанкава складаюць пратакол за абразу судзьдзі. Справу разгледзяць адразу ў судзе.
14.53 Людзі перад судом выказваюць салідарнасьць за асуджанымі, скандуюць “Жыве Беларусь”.
14.40 А. Кім пакараны на 1,5 гады турмы. Сяргееву і Койпішу прысуджаны штраф 3,5 мільёна рублёў, астатнім - па 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў спэцустановы. Яны будуць адбываць пакараньне па месцы жыхарства з утрыманьнем пэўнай сумы заробку, ня змогуць пакідаць свой раён жыхарства, выяжджаць за мяжу, павінны будуць адзначацца ў міліцыі.
Прысуд быў сустрэты крыкамі "Ганьба". За гэта ў залі суду быў арыштаваны Аляксандар Атрошчанкаў.
Калі быў зачытаны прысуд Андрэю Кіму, ягоная маці -- Тацяна Кім -- выкрыкнула: "Андрэй, я табой ганаруся!".
Тэрмін Андрэя Кіма адлічваецца ад 21 студзеня, астатніх пачне адлічвацца ад пастаноўкі на ўлік.
Што тычыць стратаў Мінтрансу і іншых транспартных арганізацый 10 студзеня, то судзьдзя сказала, што пры жаданьні гэтыя суб'екты могуць падаваць пазоў, які будзе разгледжаны асобна.
Прысуд можа быць абскрджаны ў Менскім гарадзкім судзе цягам 10 дзён. Прэтэнзіі ГУМУ, Узвышша і іншых пунктаў гандлю аб панесеных у той дзень стратах прызнаныя неабгрунтаванымі.
14.35 Судзьдзя заявіла: "Віна А. Кіма і іншых падсудных цалкам даказаная".
14.30 Судзьдзя зазначыла, што віна А. Кіма і іншых падсудных пацьвярджаецца разгледжанымі ў судзе відэазапісамі.
14.15 Судзьдзя аднавіла чытаньне прысуду.
14.10 Антона Койпіша павезьлі ў шпіталь. Зь ім у хуткай паехала маці. Бацька Койпіша вярнуўся на працэс. Іншых падсудных запрасілі ў судовую залу на працяг агучваньня прысуду.
14.05 Лекары хуткай дапамогі вырашылі шпіталізаваць Антона Койпіша з дыягназам “пераднепрытомнасны стан" -- ён можа страціць прытомнасьць.
13.50 Прыехала хуткая дапамога. Мэдыкі аглядаюць Антона Койпіша.
13.30 Падчас агучваньня прысуду Антон Койпіш папрасіў судзьдзю дазволіць яму сесьці, бо яму стала кепска. Іншыя падсудныя слухалі прысуд стоячы. Судзьдзя абвесьціла перапынак і выклікала хуткую. Прысутныя некалькі хвілін дамагаліся, каб у залі адкрылі форткі.
13.05 Судзьдзя пачала зачытваць прысуд па “справе 14-ці”. Судзьдзя прызнала, што А. Кім ударыў міліцыянта, а іншыя груба парушалі грамадзкі парадак.
12.55 У судовую залю на прысуд па “справе 14-ці” прапускаюць ня ўсіх. На знак пратэсту падсудны Уладзімер Сяргееў прычапіў сваю руку кайданкамі да рукі сяброўкі Паліны Кур’яновіч і заявіў, што пойдзе ў залю толькі зь ёю. Міліцыянты доўга шукалі ключ, каб адамкнуць кайданкі, на гэты час пропуск у залю быў спынены зусім.
12.40 Адзін з падсудных па “справе 14-ці” Уладзімер Сяргееў сёньня адзначае 22 гады. У двары Цэнтральнага раённага суду Менску яго павіншавалі сябры, палітыкі і падарылі чабурашку, упрыгожанага стужкай з надпісам “Малады фронт”. Сам Уладзімер разьлічвае і на падарунак ад судзьдзі: “Спадзяюся на больш мяккі прысуд”. У памяшканьне суду пакуль нікога не пускаюць.
11:20 Працэс яшчэ не пачаўся. Людзей не запускаюць нават у будынак суду. Больш за тое, нават у двор перад будынкам дазволілі прайсьці толькі журналістам і Анатолю Лябедзьку. Рэшта прысутных — каля 30 чалавек — засталіся стаяць на вузкім ходніку на вуліцы Кірава.





Каментарыі (4)
22.04.2008 13:39
"...13.30 Падчас агучваньня прысуду Антон Койпіш папрасіў судзьдзю дазволіць яму сесьці, бо яму стала кепска. Іншыя падсудныя слухалі прысуд стоячы. Судзьдзя абвесьціла перапынак і выклікала хуткую..." http://www.svaboda.org/content/Article/1...
22.04.2008 19:26
""Працэс 14-ці" - фінал"
http://nicolaev.livejournal.com/699433.h...
22.04.2008 20:27
Андрэй і астатнія таварышы, мы з вамі!
22.04.2008 21:03
Сябры мы з Вамі...
Жыве Беларусь!!!!
Дадаць каментарый