09:30 29.04.2008
Лукашэнка: "прэзыдэнтам Беларусі будзе мой малодшы сын"

Выступаючы ў Хойніках, А. Лукашэнка паўтарыў: прэзыдэнтам Беларусі будзе мой малодшы сын. Лукашэнкаўскае агенцтва «Інтэрфакс» упершыню суправадзіла сваю інфармацыю даведкай, што ў Лукашэнкі «тры сыны, наймалодшаму, Мікалаю, 4 гады», а пасьля без тлумачэньняў зьняло яе.
Дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА працягвае настойліва тыражаваць фоты А. Лукашэнкі з маленькім хлопчыкам. Чарговая порцыя іх зьявілася з Турава, дзе А. Лукашэнка правёў Вялікдзень. На адным зь іх А. Лукашэнка разам з хлопчыкам запальваюць сьвечкі. На другім яны разам са сьвятаром — Лукашэнка левай рукой трымае хлопчыка, а правую далонь заклаў паміж гузікамі пінжака — стаяць перад алтаром. На трэцім здымку А. Лукашэнка за руку з хлопчыкам ідуць па вуліцы Турава. Яшчэ на адным хлопчык за руку з татам каля храму сустракаецца зь мясцовымі дзецьмі.
«Мы разьлічваем на дапамогу і падтрымку царквы ва ўмацаваньні сям’і, выхаваньні падрастаючага пакаленьня», — заявіў А. Лукашэнка, выступаючы на Велікоднай службе ў Тураве, месцы найстарэйшай япіскапскай кафэдры ў Беларусі.
Варта адзначыць, што фатаграфіі моцна афіцыёзнага БЕЛТА ніколі не бываюць выпадковымі, калі гаворка аб высокай асобе. Гэта відавочны заказ згары.
Тэму свайго найменшага сына — і, са словаў А. Лукашэнкі, пераемніка — ён узьнімае цяпер практычна ў кожным публічным выступе. Так здарылася і 26 красавіка ў Хойніках. Ён перавёў на гэта гаворку з тэмы «Белай Русі».
«Я абсалютна не выбудоўваю палітычных структураў пад сябе ці сваіх сыноў», — завяраў А. Лукашэнка. — «Усюды мусіруецца пытаньне, што, быццам бы, гэтая арганізацыя стваралася пад будучага прэзыдэнта і што гэтым прэзыдэнтам будзе мой старшы сын. Я ўжо сказаў: меншы сын будзе прэзыдэнтам Беларусі».
Што цікава, распаўсюдзіўшы гэтую цытату, лукашэнкаўскае агенцтва «Інтэрфакс» упершыню суправадзіла яе даведкай, што ў А. Лукашэнкі «тры сыны, наймалодшаму, Мікалаю 4 гады». Празь нейкі час гэтая даведка была зьнятая без тлумачэньняў, аднак яе пасьпелі перадрукаваць розныя СМІ.
Жонка А. Лукашэнкі, Галіна, жыве асобна ад яго, у прыгарадзе Шклова, у добра ахоўваным будынку, абмежаваная ў сваіх кантактах з СМІ.
Кіраўнік прэс‑службы прэзыдэнта Павал Лёгкі ня стаў камэнтаваць БелаПАН інфармацыю пра тое, што ў Лукашэнкі трое сыноў.
«Я, як кіраўнік прэс‑службы прэзыдэнта, адказваю за асьвятленьне дзейнасьці Аляксандра Рыгоравіча як службовую асобу, ‑‑ сказаў Лёгкі. — Сям’я прэзыдэнта, яго асабістае жыцьцё — гэта тыя пытаньні, якія ён заўсёды камэнтуе сам. Гэта ня тая сфэра жыцьця кіраўніка дзяржавы, якую я магу закранаць у сілу сваіх абавязкаў».
Пры гэтым Павал Лёгкі адзначыў: «Цудоўны хлопык, я бачыў яго. Кіраўнік дзяржавы яму нават ікону перадаў, якую яму падарылі. Неяк не пацікавіўся, адкуль узяўся гэты хлопчык».
Паводле Нашай Нівы









Каментарыі (1)
01.05.2008 11:37
http://community.livejournal.com/lulu_go...
Дадаць каментарый