13:34 26.02.2008

Урэшце Казуліну далі разьвітацца з жонкай

А першай гадзіне ночы дамоў у Менск з калёніі «Віцьба‑3» прывезьлі Аляксандра Казуліна. Палітвязьня не вызвалілі, а толькі далі трохдзённы адпачынак на час пахаваньня яго жонкі Ірыны, якая памерла 23 лютага. СМС-паведамленьне пра гэта брат палітвязьня скінуў на рэдакцыйны тэлефон а 1.50.

Праз гадзіну журналісты радыё «Свабода» ўбачыліся з Аляксандрам Казуліным у ягонай кватэры, дзе стаяць партрэты Ірыны з чорнымі жалобнымі стужкамі. У момант сустрэчы былы кандыдат на прэзыдэнта даваў інтэрвію па тэлефоне. Запомніліся першыя словы, пачутыя ад Казуліна: «Бывалі дні, калі я атрымліваў па 200 лістоў. Але як ні дзіўна, большасьць зь іх была зь іншых краінаў сьвету. Беларусам яшчэ трэба будзе прачнуцца».

У Менск Казуліна прывёз на звычайных «Жыгулях» начальнік калёніі Віталь Агнісьцікаў, той самы, які ўчора заяўляў, што рыхтуе адмову ў водпуску. Позна ўвечары ён ужо паказваў былому кандыдату на прэзыдэнта свой загад пра водпуск. «Вы не ўяўляеце, што тады адбывалася ў калёніі, — згадвае Аляксандар Казулін.— Калёнія была ачэплена АМОНам, унутры паўсюль ахова, перасоўваньні былі забароненыя».

Аляксандар Казулін апавёў, як даведаўся пра сьмерць жонкі. 24‑га раніцай Віталь Агнісьцікаў выклікаў яго да сябе у кабінэт і паказаў тэлеграму. Днём раней Аляксандар Казулін прасіў даць яму тэлефон, каб пазваніць дамоў, але тэлефону «не знайшлі». І вось ён адчуў жудасны боль, што нават не змог яшчэ раз сказаць Ірыне слова падтрымкі.

«Я сказаў: «Усё! Мяне стрымлівала хвароба жонкі, зараз нішто не стрымлівае» і адразу абвясьціў галадоўку. Сарваў з сябе ўсе турэмныя нашыўкі і абвясьціў, што больш іх парадкам не падпарадкоўваюся. Тады ж напісаў заяву пра галадоўку на 4‑х старонках, дзе усё патлумачыў: і пра незаконны арышт, і пра неабходнасьць паехаць на пахаваньне Ірыны.»

Віталь Агнісьцікаў у канцы дня скажа журналістам, што ён нічога не чуў пра галадоўку, а 25‑га лютага з калёніі прыйдзе афіцыйная інфармацыя і пра тое, што нібыта «Казулін не напісаў заявы пра адпачынак». «Гэта звычайная хлусьня. Я пра ўсё напісаў у заяве і падпісаў, як звычайна падпісваюся: «незаконна асуджаны А. Казулін».

Аляксандар Казулін мяркуе, што ягоную жонку Ірыну «падштурхнула да апошняй рысы ўлада». Спачатку тым, што незаконна арыштавалі і асудзілі яго як кандыдата на прэзыдэнта ў 2006 годзе. «Аляксандар Лукашэнка добра ведаў, што яна ўжо тады была хворая», — згадвае спадар Казулін. На яго думку, Ірына, застаўшыся безь яго, «страціла на перажываньні сілы, якія былі патрэбны для барацьбы з хваробай».

Апошняй кропляй, паводле Аляксандра Казуліна, быў «гандаль», пра які Аляксандар Лукашэнка сказаў тыдзень таму ў Віцебску. Калі ўмовай вызваленьня і сустрэчы з чалавекам, у якога рак чацьвёртай стадыі, паставілі тэрміновы выезд абаіх за мяжу. «Калі б я папрасіў тады мяне азалаціць, азалацілі б, толькі каб выштурхнуць зь Беларусі», — мяркуе Аляксандар Казулін.

На гэтыя ўмовы Аляксандар й Ірына не пагадзіліся. Платай стала тое, што яны ўжо ніколі не пабачацца. «У мяне ад гэтага разрываецца сэрца», — кажа Казулін.

Сёньняшнюю Беларусь Аляксандр Казулін параўноўвае з калёніяй. «Толькі гэта калёнія сучасная, мадэрнізаваная, дзе правяць тыя, хто сам вінаваты ў злачынствах».

Трэцяя частка лістоў на волю і з волі да адрасатаў не даходзіць. Большасьць скаргаў на незаконныя прысуды і дзеяньні адміністрацыі застаюцца там жа, у турме. За кратамі шмат ахвяраў міліцэйскіх ці пракурорскіх прыпісак, кампаній, экспэрымэнтаў.

«Справакавалі гаспадара прадаць некалькі галовак маку, а потым пасадзілі на 6 гадоў», — адна з турэмных гісторый, сустрэтых Казуліным у «Віцьбе‑3». Паводле Аляксандра Казуліна яму, як кандыдату на прэзыдэнта, карысна было вывучыць і той бок жыцьця, які адкрываецца за кратамі. «Заяўляю: трэба перагледзець дзесяткі тысяч такіх вось сфальшаваных крымінальных спраў», — кажа Аляксандар Казулін.

Ён мяркуе, што ёсьць прамая сувязь паміж турэмнымі парадкамі ў Беларусі і тым фактам, што у свой час Аляксандар Лукашэнка працаваў у адміністрацыі адной зь беларускіх калёній.

Ці прыстасаваўся Аляксандар Казулін да турэмных парадкаў? Пра сябе ён кажа, што застаўся вольным чалавекам. Прайшоў пакараньні, галадоўку, ізалятар, яго абмяжоўваюць у кантактах зь іншымі вязьнямі, але ён не здаецца.

«Ніякага памілаваньня падпісваць ніколі ня буду», — цьвердзіць Аляксандар Казулін і сам пераходзіць ў атаку: «За гэтыя тры дні падам на Аляксандра Лукашэнку ў суд за маральныя пакуты маёй жонцы Ірыне». Таксама палітвязень папярэджвае, што працягне ў калёніі галадоўку. «Буду далей галадаваць і патрабаваць ня толькі свайго вызваленьня, але і вызваленьня Андрэя Кіма. Ён, дарэчы, шмат пісаў мне ў калёнію, завочна мы добра знаёмы», — кажа Аляксандар Казулін.


Як сказала Вольга Казуліна, паніхіда па яе маці Ірыне Казулінай і разьвітаньне зь ёй адбудуцца ў Чырвоным касьцёле. Разьвітаньне з Ірынай Казулінай пройдзе ў ў Чырвоным касьцёле з 20.00 26 лютага да 12.00 27 лютага. Пахаваньне адбудзецца 27 лютага.

Паводле Радыё Свабода

Дадаць каментарый