11:22 15.07.2008

Актывіста з Баранавіч выключылі з універсітэта

Актывіста БУНТ'у з Баранавіч Алеся Краўчэню прызываюць у войска. Тыдзень таму быў падпісаны загад аб яго адлічэнні з 4 курса інжынернага факультэта Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэту. Па стандартнай для актывістаў прычыне - "акадэмічная непаспяховасць", Краўчэню не дапусцілі да здачы летняй сесіі.

Рэальнай жа падставай для адлічэння была актыўная апазіцыйная дзейнасць. Напрыклад, 25 сакавіка 2008 года, на Дзень Волі, Алесь быў арыштаваны ў Баранавічах за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці. Тады ў чаканні суда ён знаходзіўся ў ІВС і атрымаў адміністратыўны штраф у 350 тысяч рублёў.

Інтэрв'ю для мясцовай газеты “Intex-Press”, якое ўтрымлівала крытыку ў бок дзейнасці БРСМ у Баранавічах, таксама не паспрыяла станоўчаму вобразу ідэалагічна выверанага студэнта.

Асобай адлічанага студэнта адразу зацікавіўся ваенны камісарыят. 11 ліпеня на хатні адрас Краўчэні прыйшоў прадстаўнік ваенкамата і пад роспіс уручыў позву на 15 ліпеня 2008 на медычную камісію. Алесь запаўняў анкету па-беларуску. У анкеце для бацькоў у пункце "Ці будзе даваць ваш сын прысягу?" Алесева маці напісала, што Радзіме - так, а Лукашэнку - не. Справа Жалезнічэнкі жыве...

Дадаць каментарый