15:42 22.07.2008
Прысуд Андрэю Кіму пакінулі бязь зьменаў

У гарадзкім судзе Менску адбыўся разгляд касацыйнай скаргі (пракурор Ганчарова) Андрэя Кіма і іншых фігурантаў «справы чатырнаццаці».
Як паведаміла маці Андрэя Кіма Тацяна, на судзе адвакаты давялі поўную неабгрунтаванасьць абвінавачаньняў, высунутых супраць фігурантаў «справы чатырнаццаці» і яе сына.
Эніра Браніцкая, якая ў 2006 годзе адбыла пакараньне за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, распавяла, што на сёньняшні суд прыйшло мала людзей.
«З усіх, абвінавачаных па Справе 14‑ці прыйшоў толькі Антон Койпіш, астатнія не пажадалі ўдзельнічаць, як яны лічаць, у фарсе» — сказала Э.Браніцкая.
Антон Койпіш паведаміў, што пасьля кароткай нарады калегія судзьдзяў (старшыня Ўладзімер Назаранка, Сяргей Хрыпач і Валянціна Крывая) вынесла вэрдыкт, які можна акрэсьліць дзьвюма словамі: «Усё правільна».
Нагадаем, што 22 красавіка судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Алена Ільіна прысудзіла Андрэю Кіму паўтара году турмы. Андрэй быў прызнаны міжнароднымі арганізацыямі вязьнем сумленьня. Цяпер хлопец адбывае пакараньне ў Бабруйскай калёніі.
Удзельнікі «Працэсу 14-ці» Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Алесь Стральцоў, Алесь Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч былі прысуджаныя да папраўчых работ па месцы працаўладкаваньня з адлічэньнем дзяржаве 20% заробку. Антон Койпіш і Ўладзімер Сяргееў былі пакараныя штрафамі ў памеры 100 базавых велічыняў (3500000 руб.)
Паводле Нашай Нівы
Падтрымайце Андрэя Кіма, напішыце палітвязьню:
213000, Магілёўская вобл., горад Бабруйск, вул.Сікорскага, 1, ВК‑2, атрад 11. Андрэю Кіму.




Каментарыі (2)
22.07.2008 16:12
6 месяцаў для нас праляцелі незаўважна, а Андрусю мабыць у турме яны паказаліся вечнасцю. Пішыце лісты, паштоўкі.
23.07.2008 18:59
Пишите в Гаагу жалобу на неправомерные, протовозаконные действия луки, пусть наконец ответит за всё!!!
Дадаць каментарый