10.05.2008

У палітвязняў Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча праблемы са здароўем

Актывіста Андрэя Кіма перавялі пазаўчора з турэмнага шпіталя зноў у менскі сьледчы ізалятар, паведаміла маці вязьня Тацяна Кім. Дзяжурны ізалятара, які гэта пацьвердзіў, не сказаў, у якім стане здароўя вярнулі Андрэя Кіма.

Болей за два тыдні таму актывіста паклалі ў шпіталь з захворваньнем вачэй. 7-га траўня Тацяна Кім бачылася з сынам у шпіталі. Жанчына кажа, што сын не выглядаў ужо цалкам здаровым. “Лепш сталі вочы, але я лічу, што яшчэ не зусім паправіліся. У сераду, калі я зь ім размаўляла, яшчэ вочы выглядалі запаленымі”.

Сяргей Парсюкевіч напісаў заяву аб пераводзе яго ў калёнію са сьледчага ізалятара ў Жодзіна. Звычайна вязьні, якія абскардзілі прысуд, такіх заяваў да разгляду скаргі ня пішуць. Што прымусіла вязьня самога прысьпешваць перавод у калёнію? Адвакат Вера Страмкоўская, якая бачылася зь Сяргеем Парсюкевічам, патлумачыла ягоны крок станам здароўя. У прадпрымальніка абвастрылася астма, дактары рэкамэндавалі яму апэрацыю, але са сьледчых ізалятараў у рэспубліканскі турэмны шпіталь на апэрацыю не накіроўваюць. “Што да разгляду скаргі, відаць, Сяргей асабліва на яе не спадзяецца”, – мяркуе жонка прадпрымальніка Натальля Парсюкевіч. Яна засьведчыла і сваю пазыцыю: “Я таксама ад гэтай касацыі нічога добрага не чакаю”.

Сяргей Парсюкевіч і ягоны адвакат ужо падалі скаргу на прысуд у Менскі гарадзкі суд. Час разгляду скаргі яшчэ не прызначаны.

Паводле радыё Свабода

Дадаць каментарый