Хто мы? Асноўныя стратэгічныя моманты

БУНТ – гэта моладзевы рух супраціву. БУНТ – гэта заклік да актыўнага дзеяння, заклік да пераменаў. БУНТ – гэта людзі, якія любяць сваю Радзіму і якім абрыдлі здзекі антызаконнай дыктатарскай улады над краінай і беларускім народам. БУНТ – гэта пакаленне маладых беларусаў, якія хочуць жыць у заможнай еўрапейскай краіне, мець права на самарэалізацыю і перспектывы ў будучыні. Мы розныя, але нас яднае прага да свабоды. Мы не баімся ўзяць адказнасць за сваю будучыню. БУНТ – гэта людзі, у якіх ёсць план. Мы не гаворым, мы дзейнічаем!


Наша мэта:
Стварэнне свабоднай незалежнай дэмакратычнай нацыянальна арыентаванай Беларусі шляхам звяржэння дыктатуры Лукашэнкі.


Нашыя задачы:
- стварэнне магутнага агульнарэспубліканскага негвалтоўнага руху супраціву, здольнага ўплываць як на дзеянні ўлад, так і на дзеянні партыйнай апазіцыі;
- мабілізацыя моладзі для перманентнага актыўнага ўдзелу ў вулічным супраціве;
- павелічэнне колькасці апазіцыйна настроеных да рэжыму грамадзян;
- абвастрэнне агульнай палітычнай сітуацыі ў краіне сродкам падрыхтоўкі і правядзення перманентных маштабных акцый пратэсту на тэрыторыі ўсёй рэспублікі;
- інфармаванне насельніцтва аб рэальнай сітуацыі ў краіне;
- усебаковая падрыхтоўка і навучанне актывістаў супраціву (як для эфектыўнай працы па падрыхтоўцы і правядзенню рэвалюцыі, так і для падрыхтоўкі генерацыі маладых прафесіяналаў для працы ў палітыцы пасля змены ўлады);
- мабілізацыя насельніцтва для абароны свайго права на выбар у дзень "Х";
- падрыхтоўка і правядзенне дня "Х".


Нашыя метады барацьбы:
Негвалтоўны грамадзянскі супраціў.


Наша ідэалогія:
Грамадзянскі патрыятызм.


Прынцыпы фармавання руху:
- «менш словаў, больш дзеянняў»;
- нонканфармізм - акцэнт на правядзенні яркіх крэатыўных акцый;
- канфідэнцыйнасць – дысцыпліна і канспірацыя ўнутры руху;
- сегментарнасць - аўтаномная праца сфармаваных груп, камунікацыі між групамі здзяйсняюцца толькі ўпаўнаважанымі асобамі;
- негвалтоўны характар акцый;
- персанальная адказнасць – кожны актывіст адказвае за свой кірунак агульнай працы, ад кожнага залежыць, якім будзе агульны вынік дзейнасці;
- роўнасць - усе чальцы руху роўныя і маюць права прымаць рашэнні, афіцыйных лідэраў няма.


Кірункі дзейнасці:
- Арганізацыя перманентных крэатыўных акцый для прыцягнення ўвагі да руху і злачыннасці беларускага рэжыму
- Стварэнне эфэктыўнай сістэмы распаўсюджвання праўдзівай інфармацыі сярод адрасных груп па ўсёй тэрыторыі Беларусі, асноўны фармат - "з рук у рукі"
- Прыцягненне новых людзей, падзяляючых каштоўнасці і прынцыпы функцыянавання руху
- Выхоўванне сябраў руху ў духу патрыятызму
- Фізічная, інтэлектуальная і псіхалагічная падрыхтоўка сябраў руху
- Каардынацыя і ўзаемадзеянне з іншымі апазіцыйнымі сіламі
- Адрасная праца па асобах, якія прымалі ўдзел у рэпрэсіях у дачыненні да актывістаў апазіцыйнага руху.