00:01 13.02.2008
Прадэмакратычныя народныя рухі ў Грузіі, Сэрбіі ды Ўкраіне

У постсавецкіх краінах – за выняткам трох балтыйскіх дзяржаваў – і часткова ў былых югаслаўскіх рэспубліках на месца камуністычных рэжымаў прыйшоў аўтарытарны лад, а не лібэральная дэмакратыя на ўзор Заходняй Эўропы ці Паўночнай Амэрыкі. Супраць гэтых аўтарытарных рэжымаў выступілі посткамуністычныя народныя прадэмакратычныя рухі. Неабходнасьць такіх рухаў ня зьнікла па паразе камунізму, бо пераадоленьне аўтарытарных рэжымаў будзе магчыма больш цяжкім і працяглым працэсам, чым змаганьне з панаваньнем камуністычнай партыі.
Пералічым асноўныя характарыстыкі аўтарытарных сыстэмаў. Пад аўтарытарызмам мы разумеем палітычныя сыстэмы з абмежаваным плюралізмам. Прававая дзяржава існуе тут толькі ў пэўных межах і толькі пакуль улады ня бачаць у ёй пагрозы для сябе. Аўтарытарныя рэжымы характарызуюцца шчыльным перапляценьнем палітыкі і эканомікі, бюракратычнай ўсюдыіснасьцю дзяржавы, якая пры гэтым аднак часта ня здольная навязаць сваю думку. Палітычныя партыі – гэта хутчэй групы лабіяваньня. У парлямэнце вядзе рэй адна ці некалькі “партыяў улады”, якія ўяўляюць зь сябе выканаўчую ўладу ў заканадаўчай скуры. Свабода друку моцна абмежаваная. Адбываецца маніпуляваньне канстытуцыяй, а таксама такімі дэмакратычнымі працэдурамі, як выбары і рэфэрэндумы. Ствараецца бачнасьць дэмакратыі. Адна з перадумоваў аўтарытарнай сыстэмы – пасіўнае грамадзтва як спадчына з савецкіх часоў.
Цэнтральнымі мэтамі аўтарытарных рэжымаў былі і ёсьць стабільнасьць і недапушчэньне зьмены ўлады; перадача ўлады наступнікам адбываецца шляхам іх прызначэньня, а выбарцы мусяць пацьвердзіць прынятае загадзя рашэньне на маніпуляваных выбарах. Такім чынам, пануючы істэблішмэнт адхіляе любое самаабмежаваньне, якое можа прывесьці да паразы на выбарах і да страты ўлады. У аўтарытарных рэжымах палітычныя зьмены як працэс зьнізу ўвогуле не прадугледжаныя. А дэмакратыя – гэта такі дзяржаўны лад, пры якім партыі і прэзыдэнты могуць прайграць. Аўтарытарныя рэжымы былі створаныя менавіта для таго, каб гэтага пазьбегчы.
Гэтыя посткамуністычныя гібрыды паміж дэмакратыяй і дыктатурай могуць разьвівацца далей у кірунку ўсё больш пасьлядоўнага аўтарытарызму. Як прыклад можна прывесьці Расею, Беларусь ці Ўзбэкістан; гэтыя дзяржавы пры ўсіх сваіх адрозьненьнях усё больш аддаляюцца ад дэмакратычнага ладу. Аўтарытарызмы могуць разьвівацца ў кірунку альбо адзінай вертыкалі ўлады, альбо гарантаванай аўтаноміі грамадзкіх субсыстэмаў, падзелу ўлады і дэмакратыі. Гэта значыць, што віртуальныя альбо кіраваныя дэмакратыі, як гэтыя ўтварэньні часта называюць, ня будуць існаваць у далёкасяжнай пэрспэктыве, але ж зьменяцца альбо ў кірунку дыктатуры, альбо прыйдуць да дэмакратычнага падзелу ўладаў.
Украіна і Расея – гэта парадыгматычныя прыклады супрацьлеглых тэндэнцыяў разьвіцьця, якое пачалося дзесяць гадоў таму ў вельмі падобных умовах. У абодвух краінах умацаваліся аўтарытарныя прэзыдэнцкія рэжымы. С пачатку новага тысячагодзьдзя Расея рухаецца шляхам пастаяннай кансалідацыі аўтарытарызму; ва Ўкраіне зь іншага боку Памаранчавая рэвалюцыя перамагла рэжым Кучмы. Незалежны амэрыканскі дасьледніцкі інстытут Freedom House задакумэнтаваў гэтае разьвіцьцё: у яго клясыфікацыі Расея з “часткова несвабоднай” краіны („partly free“) у 2005 годзе перайшла ў катэгорыю “несвабодныя” („not free“). Пры гэтым Украіна з той жа “часткова несвабоднай” у 2006 годзе першай сярод краінаў СНД ператварылася ў “свабодную” („free“).
З 2000 году ў некаторых аўтарытарных краінах фармаваліся народныя прадэмакратычныя рухі, якія – пасьпяхова ці не – кінулі выклік аўтарытарным уладам. Гэтыя рухі патрабавалі і дамагаліся ператварэньня аўтарытарных рэжымаў у дэмакратычны лад. Усё пачалося ў кастрычніку 2000 г. у Белградзе. Што цікава, Балканы нарэшце былі ў авангардзе падзеяў. Шырокі хаўрус разнастайных партыяў і груповак з дапамогай масавых дэманстрацыяў прымусіў прэзыдэнта Мілошавіча пакінуць сваю пасаду. Наступнай была рэвалюцыя розаў у Тыфлісе ў лістападзе 2003 г. Прэзыдэнт Грузіі Шэварнадзэ пасьля фальшаваньняў на выбарах і масавых пратэстаў супраць гэтага быў вымушаны адступіць. Але найбольш усеахопным прадэмакратычным народным рухам на дадзены момант зьяўляецца Памаранчавая рэвалюцыя ва Ўкраіне, якая адбылася ў лістападзе і сьнежні 2004 г., дзе таксама пасьля сфальшаваных выбараў і масавых выступаў рэжым Кучмы прызнаў сваю паразу.
Наступная масавая мабілізацыя супраць аўтарытарнага рэжыму мела месца ў Бішкеку ў сакавіку 2005 г., калі прэзыдэнт Акаеў быў вымушаны зьбегчы ў Расею, а пасьля адмовіцца ад сваёй пасады. Пытаньне, належыць т.зв. рэвалюцыя тульпанаў у Кіргізтане да прадэмакратычных народных рухаў альбо азначае пераход улады ад аднаго клану да іншага, застаецца надалей спрэчным. Быў гэта народны рух за дэмакратыю ці толькі яго сымуляцыя? Пры ўсім непазьбежным скепсісе ў дачыненьні да рэвалюцыі тульпанаў, трэба адзначыць, што ў лістападзе 2006 г. зноў адбыліся масавыя пратэсты добра арганізаванай апазіцыі супраць абранага ў ліпені 2005 г. прэзыдэнта Курманбека Бакіева і прэм’ер-міністра Фелікса Кулава. Дзякуючы гэтым падзеям Кіргізтан атрымаў новую прынятую парлямэнтам канстытуцыю. Новы асноўны закон прадугледжвае абмежаваньне паўнамоцтваў прэзыдэнта на карысьць парлямэнта, які ў будучым будзе абіраць прэм’ер-міністра. Аднак новая канстытуцыя ня здолела стабілізаваць сытуацыю, і канфлікты ў Кіргізтане вакол падзелу ўлады і адэкватнай канстытуцыі працягваюцца. Кіргізы імкнуцца да ператварэньня прэзыдэнцкага рэжыму ў парлямэнцкую рэспубліку – гэта адзінкавы выпадак у Сярэдняй Азіі. Тым самым Кіргізтан зноў крочыць у авангардзе дэмакратызацыі ў Сярэдняй Азіі, як і пасьля развалу СССР.
Да гэтай пары не дасягнулі посьпеху спробы дэмакратычных пераваротаў зьнізу ў Азэрбайджане (пачынаючы з 2003 г.) і ў Беларусі. У Расеі дагэтуль не было нават спробаў.
Пры параўнаньні перадумоваў і працяканьня каляровых рэвалюцыяў можна заўважыць значныя падабенствы:
- Пасьпяховымі былі спробы там, дзе пануючыя аўтарытарныя рэжымы былі хутчэй слабымі і непасьлядоўнымі. Аўтарытарныя структуры ў Югаславіі пры Мілошавічы, ва Ўкраіне пры Кучме ці ў Грузіі пакідалі шматлікія нішы і былі, нягледзячы на рэпрэсіі, непасьлядоўнымі ў нэўтралізацыі апазіцыі. У заходняй навуковай літаратуры казалі пра аўтарытарызм, які ў пэўнай ступені дапускаў канкурэнцыю (competitive authoritarianism). Апазіцыя, канешне, ня мела роўных магчымасьцяў з уладамі, але яна не была забароненая. Выбары былі несправядлівымі, бо толькі ўлады мелі неабмежаваны доступ да выбарцаў, але ж магчымасьці маніпуляваньня мелі пэўныя межы. Культура і навука не праходзіла строгую цэнзуру, як у савецкія часы.
Свабода СМІ была абмежаванай, але пакідала пэўную прастору для манэўру. Частка друкаваных СМІ належала апазіцыі, якая ва ўсіх трох краінах мела доступ прынамсі да аднаго тэлеканалу. Да гэтай пары не было выпадкаў, калі цьвёрды аўтарытарны рэжым па ўзоры Ўзбэкістана ці Беларусі быў пастаўлены на калені дэмакратычнымі рухамі зьнізу. Магчыма, пасьпяховаму прадэмакратычнаму выступу мусіць папярэднічаць фаза зьмякчэньня аўтарытарнага рэжыму.
Наступнай перадумовай посьпеху была арганізаваная палітычная апазіцыя, якая на працягу некалькіх гадоў рыхтавала пераварот і ў пэўным сэньсе неаднаразова яго апрабоўвала. Гэта датычыць асабліва Югаславіі і Ўкраіны. Тут на працягу некалькіх гадоў, што папярэднічалі пасьпяховым выступам, адбываліся палітычныя акцыі і вялікія дэманстрацыі, на якіх адпрацоўваліся сумесныя дзеяньні, рыхтаваліся кадры і выпрацоўвалася палітычная рыторыка. Канешне, не было ніякай гарантыі, што аднаго дня апазіцыя здолее перамагчы ўлады, бо ўсе былі перасвараныя між сабой. Апазіцыя толькі тады дасягнула посьпеху, калі нягледзячы на ўнутраныя канфлікты аб’ядналася для сумесных дзеяньняў і абрала адзінага лідэра.
Палітычныя лідэры, якія прыйшлі да ўлады дзякуючы дэмакратычным выступам, паходзілі з старой сыстэмы. Гэта былі расчараваныя ў аўтарытарных рэжымах палітыкі, якія аддзяліліся ад сваіх патронаў. Пры Кучме Віктар Юшчанка быў прэм’ер-міністрам, Саакашвілі пры Шэварнадзэ ўзначальваў міністэрства юстыцыі. Сучасны прэзыдэнт Кіргізтану Бакіеў пры Акаеве з 2000 да 2002 г. займаў пасаду прэм’ер-міністра. Зоран Джынджыч у эру Мілошавіча некаторы час быў мэрам Белграду, праўда і тады ён знаходзіўся ў апазіцыі да Мілошавіча. Ваіслаў Каштуніца, які перамог на прэзыдэнцкіх выбарах у 2000 г., быў параўнальна новай асобай у палітыцы. Дысідэнты ці тыя, чыя палітычная дзейнасьць зьвязаная выключна з апазіцыяй, ня маюць шанцаў: самым спрыяльным момантам для іх быў час адразу па распадзе СССР. Праўда варта зазначыць, што разнастайныя няўрадавыя арганізацыі гралі цэнтральную ролю ў каляровых рэвалюцыях.
Пры тым, што лідэры апазіцыі паходзілі з старой сыстэмы, эліты раскалоліся яшчэ да абвастрэньня канфлікту з аўтарытарным рэжымам. Частка палітычных і эканамічных элітаў перайшла на бок апазіцыі. Аўтарытарны рэжым быў вымушаны саступіць, бо ён больш ня мог разьлічваць на лаяльнасьць сваіх элітаў. Гэта асабліва заўважна пры поглядзе на ўзброеныя сілы: армія, паліцыі і сакрэтныя службы адкрыта ці прыхавана адмовіліся падпарадкоўвацца аўтарытарным ўладам.
Непасрэднай нагодай для каляровых рэвалюцыяў ва ўсіх выпадках былі выбары, фальшаваньні на іх і рашучасьць апазіцыі адстаяць сапраўдныя вынікі выбараў. Маніпуляцыі з выбарамі мелі месца таксама і ў папярэднія годы, але гэта не прыводзіла да нейкіх палітычных вынікаў. У цэлым выбары непасрэдна пасьля краху камуністычных рэжымаў былі больш справядлівыя і свабодныя, чым у другой палове 90-х гг. Аўтарытарныя ўлады спачатку мусілі выпрацаваць інструмэнты для гэтых маніпуляцыяў і авалодаць адпаведнай тэхнікай, таму фальшаваньні на выбарах пачынаючы прыкладна з 2000 г. амаль дасягнулі дасканаласьці. Лідэрам у гэтай сфэры была, напэўна, Украіна пры Кучме, хаця і пуцінская Расея дасягнула высокага прафэсійнага ўзроўню, пра што, праўда, грамадзкасьці вядома нашмат меней фактаў, чым пра Ўкраіну.
Важнай перадумовай і гарантыяй посьпеху каляровых рэвалюцыяў былі масавыя пратэсты. Яны вызначылі кульмінацыю і зрабілі дэмакратычныя выступы бачнымі як для ўласнай краіны, так і для сусьветнай грамадзкасьці. Масавыя пратэсты ў Югаславіі і ва Ўкраіне дасягнулі няўяўных дагэтуль маштабаў. Мільён чалавек ці нават болей разам выходзілі на вуліцы, у Тыфлісе гэта былі каля 100 000 чалавек; у Бішкеку – некалькі дзесяткаў тысячаў. Ва ўсіх выпадках улады баяліся выкарыстаць гвалтоўныя захады супраць такой вялікай масы людзей, да таго ж не было пэўнасьці ў лаяльнасьці ўзброеных сілаў.
Напярэдадні 5 кастрычніка 2000 г., калі ў Белградзе сабраўся мільён людзей, якія выступалі супраць Мілошавіча, Зоран Джынджыч здолеў пераканаць паліцыю адмовіцца ад ужываньня сілы. Віктар Юшчанка таксама дасягнуў падобнага пагадненьня з СБУ (Службай бясьпекі Ўкраіны) перад пачаткам масавых дэманстрацыяў на Майдане. Нягледзячы на гэта, у Кіеве ў ноч з 28 на 29 лістапада 2004 г. напружаньне дасягнула кульмінацыі, калі войскі міністэрства ўнутраных справаў атрымалі загад ісьці маршам на сталіцу, аднак гэты загад у хуткім часе быў адкліканы.
Прадэмакратычныя народныя рухі не дазвалялі ўжываньня сілы як з свайго боку, так і супраць сябе, і таму гэтыя выступы, як і масавыя дэманстрацыі напрыканцы існаваньня Савецкага Саюзу, былі аднымі зь нешматлікіх у эўрапейскай гісторыі мірных паўстаньняў. Выступы ў Бішкеку, праўда, цяжка назваць мірнымі, яны выліліся ў сістэматычныя марадзёрствы і разбоі. Таксама і пры масавых дэманстрацыях супраць Мілошавіча 5 кастрычніка 2000 г. было некалькі ахвяраў, аднак гэта можна лічыць нязначным пры ўліку агульнай палітычнай гатоўнасьці да ўжываньня сілы ў Югаславіі.
Вельмі важна, што масавыя выступы мелі аднаразовы характар і ня выліліся ў пряцяглую палітычную захопленасьць і ўзбуджэньне, якія маглі скончыцца хаосам. Іншымі словамі, пасьля таго, як мэта была дасягнутая, людзі зноў вярнуліся дадому.
Пры гэтым мэта была акрэсьленая проста і ясна: правядзеньне справядлівых і свабодных выбараў, каб мець магчымасьць скінуць аўтарытарны рэжым, які іначай не даваў сябе “ня-выбраць”. То бок гаворка вялася пра элемэнтарныя палітычныя патрабаваньні аб усталяваньні сучасных уладна-дзяржаўных стасункаў, якія паўсюль у Эўропе давялі свае перавагі ў параўнаньні з аўтарытарызмам. Эканамічныя і сацыяльныя патрабаваньні амаль ня мелі значэньня ў каляровых рэвалюцыях, нягледзячы на тое, што адпаведныя краіны мелі сур’ёзныя праблемы ў гэтых сфэрах.
На першым пляне, такім чынам, была мадэрнізацыя палітычнага ладу. Разам з асноўным патрабаваньнем свабодных выбараў, каляровыя рэвалюцыі абяцалі барацьбу супраць карупцыі, адкрытасьць Захаду і далучэньне да ЭЗ як гарантыю лепшай будучыні. Апазіцыя абвінавачвала аўтарытарныя рэжымы, супраць якіх паўставала, акурат у карупцыі, алігархізацыі і прыватызацыі дзяржавы. Палітычная прагматыка набыла тым самым маральнае вымярэньне. “Мой урад ня будзе красьці,”- як сфармуляваў Віктар Юшчанка.
Арыентацыя на ЭЗ і ідэнтыфікацыя сябе з Эўропай надала дэмакратычным выступам вонкавапалітычнае вымярэньне. Гэта значыла, прынамсі ўскосна, аддаленьне ад Расеі. Заходнія СМІ і грамадзкасьць зь вялікай увагай і удзелам сачылі за каляровымі рэвалюцыямі, асабліва за Памаранчавай. Расейскія тэлегледачы наадварот атрымлівалі сфальшаваныя зьвесткі аб каляровых рэвалюцыях, альбо ўвогуле не атрымлівалі ніякай інфармацыі. Як можна ацаніць вынікі гэтых дэмакратычных выступленьняў?
Гэта ўжо банальнасьць, што ў палітыцы, як і ў жыцьці, ніхто ня стрымлівае ўсе абяцаньні і што вынікі і намеры дзеяньняў часта кардынальна адрозьніваюцца.
- Каляровыя рэвалюцыі былі толькі першым штуршком да дэмакратыі, яны аднак не маглі ані гарантаваць пабудову дэмакратычных істытуцыяў, ані замяніць гэты працэс.
Аднак дэмакратычныя выступленьні надалі грамадзтвам упэўненасьць у сабе, якой яны раней ня мелі. Пасьля пасьпяховых мірных акцыяў пратэсту ўлады, якія не хацелі прызнаваць вынікаў выбараў, былі негвалтоўна вымушаныя саступіць. Такім чынам, можна казаць пра перамогу грамадзянскай супольнасьці над карумпаванымі ўладамі.
Шырокія палітычныя кааліцыі, якія сумесна дасягнулі посьпеху ў барацьбе супраць аўтарытарызму, распаліся пасьля перамогі. У некаторых выпадках такім чынам сфармавалася апазіцыя. Існаваньне апазіцыі, якая ў прынцыпе пасьля наступных выбараў можа заняць месца ўраду, - гэта, як вядома, адзін з асноўных прынцыпаў функцыянаваньня дэмакратыі. Менавіта гэты прынцып не рэалізуецца пры аўтарытарных рэжымах, якія робяць усё магчымае супраць яго ўсталяваньня. У Сэрбіі і Ўкраіне пасьля дэмакратычных выступаў існуюць самастойныя і моцныя апазіцыйныя партыі, у Грузіі аднак іншая сытуацыя.
Да станоўчых вынікаў дэмакратычных пераваротаў належыць дасягненьне вонкавай адкрытасьці гэтых краінаў. Пры гэтым гаворка ідзе заўсёды пра адкрытасьць Захаду, то бок краінам ЭЗ і Паўночнай Амэрыкі. Дэмакратычныя зьмены значна палепшылі імідж гэтых краінаў на Захадзе і разнастаілі магчымасьці супрацы ў галінах палітыкі, эканомікі і палітыкі бясьпекі. Павялічыўся аб’ём фінансавай дапамогі з боку заходніх краінаў.
Пры гэтым заходнія палітыкі заплюшчвалі вочы на некаторыя пазасталыя недахопы дэмакратычных інстытуцыяў. Прадстаўнікі палітычных і эканамічных элітаў, якія прыйшлі да ўлады пасьля перамогі каляровых рэвалюцыяў, у шматлікіх выпадках прынамсі часткова атрымалі сваю адукацыю на Захадзе. Многія зь іх маладзейшыя за 40 гадоў, і савецкая эпоха ўжо не зьяўляецца значнай часткай іх біяграфіі. З-за гэтага расьце дыстанцыя паміж гэтымі краінамі, іх элітамі і Расеяй.
Пры барацьбе з карупцыяй – а гэта было адным з галоўных памкненьняў дэмакратычных рухаў – посьпехі крочаць побач зь няўдачамі. У некаторых сфэрах жыцьця, напрыклад у паліцыі ці адукацыі, удалося абмежаваць карупцыю. Частка ценевай эканомікі была легалізаваная. Зь іншага боку спробы раскрыць і перадаць у суд выпадкі буйных эканамічных злачынстваў ва Ўкраіне пацярпелі няўдачу. Віктар Юшчанка пачаў змагацца з крымінальнымі алігархамі зь вялікім імпэтам. Але ў выніку атрымалася нешта супрацьлеглае. Замест таго, каб трапіць у турму, як патрабавалі і абяцалі на Майдане, многія з абвінавачаных у злачынствах сталі дэпутатамі і тым самым – дзякуючы дэпутацкай недатыкальнасьці – абароненымі ад перасьледаў па законе.
Найбольш выбітным прадэмакратычным народным рухам была Памаранчавая рэвалюцыя ва Ўкраіне. Таму там і расчараваньне было асабліва глыбокім. Памаранчавая кааліцыя ня толькі распалася, але і дазволіла свайму праціўніку Віктару Януковічу пераможна вярнуцца на пасаду прэм’ер-міністра ў жніўні 2006 г. На першых свабодных і справядлівых выбарах ў парлямэнт у сакавіку 2006 г. памаранчавыя партыі перамаглі зь невялікай перавагай, аднак з-за пераходу сацыялістаў на чале з Аляксандрам Марозам да блакітных сілаў, памаранчавая кааліцыя была разбураная яшчэ да таго, як яна здолела сфармаваць урад. Тым часам уладу ў Кіеве і ў большасьці ўсходніх і паўднёвых рэгіёнаў трымалі ў руках палітыкі, якія варожа ставіліся да Памаранчавай рэвалюцыі. Прэзыдэнт Віктар Юшчанка ўсё яшчэ кіруе дзяржавай, але ж з-за зьменаў у канстытуцыі ён заўважна абмежаваны ў сваіх паўнамоцтвах.
Побач з агульнымі рысамі ў некаторых выпадках можна назіраць важкія адрозьненьні паміж гэтымі краінамі ў дачыненьні вынікаў дэмакратычных пераваротаў. У той час, як ва Ўкраіне дзякуючы зьменам у канстытуцыі будуецца парлямэнцкі лад з аслабленай роляй прэзыдэнта і вельмі моцнай пазіцыяй апазіцыі ў парлямэньце, у Грузіі пасьля рэвалюцыі ружаў, наадварот, з-за зьменаў у канстытуцыі былі значна пашыраныя паўнамоцтвы прэзыдэнта. Апазіцыя слабая і ня можа выступаць нароўні з урадам. Грузінскія канстытуцыя і новае выбарчае права могуць зрабіць магчымым вяртаньне да аўтарытарызму. Зьмененая ўкраінская канстытуцыя выключае такую магчымасьць.
У некаторых краінах СНД былі зробленыя няўдалыя спробы перамагчы аўтарытарныя рэжымы, дамагчыся паўторных выбараў і змусіць аўтарытарных прэзыдэнтаў пакінуць пасаду праз дэмакратычныя народныя рухі. Тут маюцца на ўвазе Беларусь і Азэрбайджан.
На першы погляд Беларусь выглядае як падыходзячы кандыдат для пасьпяховай каляровай рэвалюцыі. Краіна геаграфічна знаходзіцца нашмат бліжэй да Захаду, чым краіны паўднёвага Каўказу, і мае, як і Ўкраіна, гістарычныя повязі з Захадам. Заходнія рэгіёны Беларусі належалі гістарычна да тэрыторыі польска-літоўскага каралеўства. Шматлікія паралелі паміж Беларусьсю і Ўкраінай можна правесьці таксама і ў савецкія часы. Савецкія ўлады з 1920-х гадоў трактавалі абедзьве рэспублікі аднолькава: ад спрыяньня нацыянальным кадрам у часы карэнізацыі да зьнішчэньня гэтых кадраў у 30-я гг. і да моўнай палітыкі пры Брэжневе. Вялікім адрозьненьнем было тое, што далучэньне Галіцыі да тэрыторыі УССР у цэлым зрабіла яе больш арыентаванай на Захад. У Беларусі не было нічога падобнага.
Тым ня менш, трэба патлумачыць, чаму ў Беларусі прадэмакратычны народны рух дагэтуль не дасягнуў посьпеху. Неаднаразова казалася, што ў Беларусі няма нацыянальнай, самастойнай і самабытнай інтэлігенцыі, што нацыянальная сьвядомасьць яшчэ не пазбавілася апекі Расеі. Таму міжнародная ізаляцыя краіны не ўспрымаецца так балюча. Існуюць таксама іншыя фактары, якія дапамагаюць патлумачыць, чаму Беларусь – гэта не Ўкраіна.
Лукашэнка здолеў усталяваць больш цьвёрды аўтарытарны рэжым у параўнаньні з Кучмам. Празь зьмену канстытуцыі ў 1996 г. ён як прэзыдэнт атрымаў неабмежаваныя паўнамоцтвы, апазіцыйныя сілы могуць дзейнічаць толькі па-за парлямэнтам, некаторыя апазіцыйныя палітыкі зьніклі бяз сьледу альбо трапілі ў турму. Відавочна, што большасьць насельніцтва ўспрымае існую эканамічную сытуацыю як здавальняючую, што робіць немагчымым сацыяльна матываваны рух, а дэфіцыт дэмакратыі, які ні для каго не сакрэт, пераносіцца лягчэй. Калі ж эканамічная сытуацыя значна пагоршыцца, гэта можна наблізіць канец аўтарытарызму ў Беларусі. Палітыка Расеі апошнім часам неспадзявана працуе на дэмантаж рэжыма Лукашэнкі, скасаваўшы шчодрыя субсідыі і пакінуўшы Беларусь сам-насам з халодным ветрам рынкавай эканомікі.
Нягледзячы на цяжкі зыходны стан, антылукашэнкаўскія сілы падчас і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 г. перажылі значны ўздым. Апазіцыя здолела аб’яднацца вакол адзінага кандыдата – Аляксандра Мілінкевіча, а таксама пасьля фальшаваньняў на выбарах арганізаваць некалькі вялікіх дэманстрацыяў, калі ў цэнтры Менску зьбіраліся па 20.000 чалавек. Рэжым адрэагаваў затрыманьнямі сотняў дэманстрантаў, якія збольшага былі асуджаныя на 15 сутак арышту. Урэшце, у красавіку 2006 г. такі лёс напаткаў і Мілінкевіча. Гэтыя падзеі паказалі, што ў Менску ёсьць значны пратэстны патэнцыял і што страх перад рэпрэсіямі заўважна зьменшыўся.
Зь іншага боку, як і раней адсутнічаюць некаторыя перадумовы, якія прывялі ва Ўкраіне да перамогі Памаранчавай рэвалюцыі: апазіцыя і яе адзіны кандыдат да гэтай пары ня здолелі пасьлядоўна працаваць на працягу некалькіх гадоў. Магчымы схаваны раскол элітаў і зьмяншэньне іх лаяльнасьці да Лукашэнкі вонкава не праявіліся. Мабілізацыя масаў не дасягнула крытычнага памеру, які зрабіў бы ўжываньне сілы з боку дзяржавы занадта рызыкоўным.
Страх уладаў перад каляровымі рэвалюцыямі i дэмакратычнымі народнымі рухамі шырока распаўсюджаны на прасторах СНД: “Заўчора Белград, учора Тыфліс, сёньня Кіеў, заўтра Масква”, - заявіў у сьнежні 2004 г. адзін расейскі часопіс. Аднак выглядае на тое, што Маскве памаранчавы вірус пагражае ў найменшай ступені. Для гэтага ёсьць шмат падставаў. Для многіх у Расеі выглядае неверагодным, што расейцы пойдуць украінскім шляхам. Новаму расейскаму патрыятызму зь яго антыўкраінскім афэктам цяжка пагадзіцца, што Ўкраіна на дарозе ў будучыню можа далёка апярэдзіць Расею.
Іншая прычына для стабільнасьці аўтарытарнай сыстэмы ў Расеі – у цэлым нечакана добры стан эканомікі краіны, які пакуль мірыць эліты з рэжымам Пуціна. У расейскім грамадзтве таксама існуе імкненьне да дэмакратыі, але ж яму не хапае арганізаванасьці і адпаведных інстытуцыяў.
Калі азірнуцца на трыюмфальную перамогу Памаранчавай рэвалюцыі ў Кіеве, то вынік працьверажае. У Сэрбіі пасьля парлямэнцкіх выбараў у студзені 2007 г. ультраправая партыя Шэшэля, якога Гаагскі трыбунал абвінавачвае ў ваенных злачынствах, утварыла найбольшую фракцыю ў парлямэньце. У Кіеве працягваеца патавая сытуацыя паміж памаранчавымі і блакітнымі сіламі, што прывяло да палітычнага паралічу краіны. А аўтарытарны прэзыдэнт Расеі наадварот умацоўвае сваю вертыкаль улады. Няўжо прадэмакратычныя рухі пачынаючы з 2000 г. былі памылкай? Няўжо яны ні да чаго не прывялі?
Давайце ўзгадаем: 17 чэрвеня 1953 г.[1], Праская вясна, Салідарнасьць – усе яны на першы погляд пацярпелі паразу. Камуністычны рэжым не зварухнуўся. Аднак пэрыяд рэакцыі, які настаў пасьля рухаў пратэсту, ня быў у стане аднавіць статус кво. Гэтак жа будзе і з народнымі рухамі за дэмакратыю: адступленьні назад зробяць шлях да дэмакратыі больш доўгім. Але ў дэмакратыі ёсьць шанец. Нягледзячы на адступленьні і недастатковую бясьпеку дэмакратыі, аўтарытарныя рэжымы ў Сэрбіі, Украіне і Грузіі ня здолелі вярнуць сабе ўладу.
Аўтар - Герхард Зімон – палітолаг, прафэсар Федэральнага Інстытута ўсходнеэўрапейскіх і міжнародных даследваньняў у Кёльне.
Паводле n-europe.eu





Каментарыі (3)
13.02.2008 00:26
Вельмі добры, карысны артыкул.
13.02.2008 11:32
Dziakuj, adpijaryŭ.
Voś jašče dali link:
"Пошаговый алгоритм технологии Майдана"
http://www.izbass.ru/tgR12-mdn.htm
14.02.2008 00:45
2 Vojša Milavid:
вытрымкі з гэтага артыкулу маюцца ў "БУНТ. Падручніку для актывіста".
Дадаць каментарый